Kаляндарны год, які падыходзіць да заканчэння, заўсёды з’яўляецца нагодай зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на працягу гэтых 366 дзён.
Канец года – заўсёды таксама нагода падзякаваць Пану Богу за ўсё тое дабро, якое мы атрымалі. А ў нас, безумоўна, ёсць за што дзякаваць, не зважаючы на пандэмію каранавірусу, якая ўнесла свае карэктывы ў графік падзей у нашай Гродзенскай дыяцэзіі.
Нягледзячы на ўсё, мы перажылі столькі радасных хвілін і момантаў. Столькі дабра атрымала кожная сям’я, парафіяльная супольнасць, кожны з нас.
Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне мае таксама шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу. Гэта быў год, праўда, не настолькі насычаных падзей, юбілеяў, сустрэч і рэалізацыі шматлікіх душпастырскіх праектаўз удзелам вялікай колькасці вернікаў, але, безумоўна, тыя падзеі, якія адбыліся, упісаліся назаўсёды ў гісторыю мясцовага Касцёла.
Дзякуючы Пану Богу за ўсе гэтыя падзеі, хочам нагадаць некаторыя з іх. Хочам зірнуць на 12 месяцаў адыходзячага года, выявіць у кожным найбольш значнае і прыгадаць яшчэ раз найцудоўнейшыя хвіліны.
Студзень
Асвячэнне дома дзённага прабывання для дзяцей адбылося ў Наваельні
9 студзеня ў гарадскім пасёлку Наваельня (Дзятлаўскі дэканат) адбылося благаслаўленне дома дзённага прабывання для дзяцей. Намаганнямі салезіянаў у сялянскай хаце, дзе змяшчаецца дом прабывання, быў зроблены капітальны рамонт.
Люты
Адкрыццё барэльефа Міцкевічу і асвячэнне капліцы адбыліся ў Навагрудку
8 лютага ў Навагрудку адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця барэльефа Адаму Міцкевічу i памятнай табліцы. Яны былі ўсталяваны на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся паэт. Сёння гэта рэкалекцыйны дом, які знаходзіцца пры парафіі св. Міхала Арханёла ў цэнтры горада і быў пабудаваны на фундаменце былой гімназіі.
У Сусветны дзень хворага ў Гродне была зарэгістравана новая каталіцкая парафія
11 лютага пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі атрымала новая парафія св. Айца Піо ў Гродне. Пасведчанне было падпісана намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту Віктарам Пранюком. Новая парафія ахоплівае мікрараён Грандзічы-2, гарадскую частку Забалаці і прылеглыя вёскі.
Сакавік
Барэльеф св. каралевічу Казіміру адкрыты ў катэдральным касцёле ў Гродне
1 сакавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў адкрыты і благаслаўлены барэльеф святому каралевічу Казіміру. Барэльеф быў адкрыты з нагоды набліжэння свята гэтага святога, які з’яўляецца другарадным апекуном Гродзенскай дыяцэзіі. Урачыстае благаслаўленне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Красавік
Ксяндзу Анджэю Ганчару ўручаны місійны крыж.
26 красавіка ў сваёй роднай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) кс. Анджэй Ганчар атрымаў місійны крыж з рук Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага. У кастрычніку святар прыбыў у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, у дыяцэзію Буар, дзе распачаў місіянерскае служэнне.
Май
65-годдзе святарства адзначыў кс. прэлат Ежы Лявінскі
29 мая адзначыў 65-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння кс. прэлат Ежы Лявінскі. З пачатку функцыянавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне святар з’яўляецца яе выкладчыкам, на працягу некалькі гадоў выконваў у ёй абавязкі прэфекта. У студзені гэтага года кс. Ежы адзначыў сваё 90- годдзе.
Чэрвень
Асвячэнне капліцы ў гонар слугі Божага Мельхіёра Фардона адбылося ў гродзенскім францішканскім касцёле
13 чэрвеня ў касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) у Гродне адбылося асвячэнне біскупам Aляксандрам Кашкевічам новай капліцы ў гонар слугі Божага Мельхіёра Фардона, францішканінa, якога яшчэ пры жыцці гродзенцы называлі святым. Капліца змешчана ў званіцы касцёла. У яе былі перанесены парэшткі слугі Божага.
Сярэбраны юбілей святарства адзначыў у гродзенскай катэдры біскуп Юзаф Станеўскі
17 чэрвеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. З гэтай нагоды іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, падчас якой дзякаваў усім, каго Бог паставіў на яго жыццёвым шляху.
Ліпень
У Гудагаі ўрачыста адзначылі 30-годдзе аднаўлення служэння кармэлітаў босых у Беларусі
У межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай, якія 18–19 ліпеня праходзілі ў санктуарыі айцоў кармэлітаў босых у Гудагаі (Астравецкі дэканат), іх удзельнікі асаблівым чынам дзякавалі Богу за тры дзесяцігоддзі з часу аднаўлення служэння манахаў гэтага ордэна ў Беларусі.
Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла
20 ліпеня стала вядома, што парафія бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла. Новая парафія ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы. Новая святыня будзе пабудавана ў мікрараёне Баранавічы па вул. Ваўжэцкага, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці.
Жнівень
Рэліквіі благаслаўлёнага Ежы Папялушкі ўнеслі ў гродзенскую парафію Святога Духа
16 жніўня ў гродзенскую парафію Святога Духа (Альшанка) былі ўнесены рэліквіі бл. ксяндза Ежы Папялушкі, мучаніка і вялікага змагара за праўду і свабоду. Рэліквіі былі перададзены ў дар маладой парафіі, якая толькі будуе свой уласны касцёл ад Варшаўскай архідыяцэзіі.
Адноўлены галоўны алтар асвяцілі ў гродзенскім рэктаральным касцёле
23 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне адноўленага галоўнага алтара ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне (пабрыгіцкі). Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Верасень
Перэгрынацыя фігуры св. Міхала Арханёла прайшла ў гродзенскай катэдры
4 верасня фігура св. Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прыбыла ў Гродна. З горада над Нёманам пачалася перэгрынацыя фігуры па чатырох катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.
Помнік святому Губерту ўстанавілі ў цэнтры Гродна
18 верасня ў цэнтры Гродна быў урачыста адкрыты помнік св. Губерту. Адкрыццё прымеркавалі да Дня горада, які абласны цэнтр традыцыйна адзначае ў трэція выходныя верасня. Ужо некалькі стагоддзяў святога Губерта як нябеснага заступніка свайго горада ўшаноўваюць гродзенцы.
Кастрычнік
Душпастырству студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у Гродне споўнілася 15 гадоў
8 кастрычніка Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у Гродне адзначыла 15-годдзе існавання. З гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбыліся ўрачыстасці падзякі за дар гэтай супольнасці, да якой належаць маладыя людзі, якія жадаюць разам узрастаць у дасканаласці.
У катэдральным касцёле Гродна адрэстаўравалі алтар св. Юды Тадэвуша
28 кастрычніка, у свята апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне адрэстаўраванага 300-гадовага алтара св. Юды Тадэвуша.
Лістапад
Распачаўся беатыфікацыйны працэс с. Ванды Банішэўскай, якая нарадзілася на Гродзеншчыне
9 лістапада распачаўся беатыфікацыйны працэс с. Ванды Банішэўскай з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, якая была містыкам і стыгматыкам. Урачыстае адкрыццё працэсу адбылося ў капліцы арцыбіскупаў Варшаўскіх. Ванда нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка.
У Вялікай Бераставіцы біскуп Кашкевіч асвяціў адноўлены абраз Маці Божай Вастрабрамскай
16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай, у парафіi Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новы алтар, амбону, а таксама адноўлены абраз Маці Божай Міласэрнасці. Абраз быў створаны ў 1912 г., фундаратарамі яго стварэння былі графы Касакоўскія.
Снежань
У Гродна прыбыў Бэтлеемскі агонь
17 снежня ў гродзенскі катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
Гэта толькі некаторыя важныя падзеі, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2020 г. Увагі таксама заслугоўвае 200-гадовы юбілей кансэкрацыі парафіяльнага касцёла святога Юды Тадэвуша ў Вішневе на Смаргоншчыне.
Акрамя таго, дыяцэзія атрымала некалькі новых святароў, якія прынялі пасвячэнне ў чэрвені і адзін у лістападзе.
Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.
Богу няхай будзе падзяка за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі! Богу няхай будзе падзяка за ўсё, што атрымаў кожны з нас! Маем вялікую надзею, што новы 2021 год, які набліжаецца вялікімі крокамі, прынясе больш радасці, мы зноў пачнем нармальна функцыянаваць, сустракацца і дзяліцца сваёй верай. Беражыце сябе! Дай, Божа, нам усім ласку здароўя!
Kс. Юрый Марціновіч