Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй

sacra 44 cbsАрдынарый Гродзенскай дыяцэзіі

Нарадзіўся 14 чэрвеня 1975 г. у Ваўкавыску, паходзіць з парафіі св. Вацлава. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 26 чэрвеня 1999 г. з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Спецыялізуецца ў галіне дагматычнай тэалогіі. У 2000 г. абараніў ліцэнцыят у Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), у 2011 г. – дактарат.

У 2000–2001 гг. служыў вікарыем у парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У 2001 г. быў прызначаны прэфектам і выкладчыкам дагматычнай тэалогіі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Доўгі час з’яўляецца выкладчыкам тэалогіі ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне, а таксама на “Курсах сямейнага жыцця” пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

З 2003 г. – пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. З лістапада 2006 г. – біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства для Лідскага рэгіёна і член святарскай рады. З’яўляецца таксама членам Дыяцэзіяльнай камісіі па справах пасвячэнняў і служэнняў. З 2016 г. па волі дыяцэзіяльнага біскупа належыць да катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра ў Гродне як канонік з грэміяльнай пасадай тэолага.

З 2016 г. выконвае функцыі дыяцэзіяльнага цэнзара, з 2018 г. належыць да калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з’яўляецца старшынёй Сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу Гродзенскай дыяцэзіі.

5 красавіка 2024 г. прызначаны папам Францішкам біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. 25 мая 2024 г. у катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыняў біскупскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Антэ Ёзіча, Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь. 

30 верасня 2024 года змяніў біскупа Аляксандра Кашкевіча на пасадзе дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Stemma Mons. Uladzimir HuliaiУ гербе біскупа Уладзіміра Гуляя змешчана залатая манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі, Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, і галінка аліўнага дрэва, якая прадстаўляе сабой сімвал міру і плёну братэрскай сустрэчы. На галінцы таксама бачна дзесяць алівак – гэта сімвал дзесяці Божых запаведзяў, якія з’яўляюцца каштоўным зместам для абвяшчэння аб’яўленых Богам норм.

Пасярэдзіне шчыта змешчаны Баранак з харугвай на кнізе, запячатанай сямю пячаткамі. У Апакаліпсісе Езус Хрыстус – гэта забіты Баранак, які перамагае і збірае сваіх вернікаў. Толькі Ён годны зняць пячаткі са скрутка. У біскупскім служэнні, па прыкладзе Божага Баранка, вельмі важным з’яўляецца быць галавой статка і адначасова ахвярай, заставацца адказным і любячым пастырам, абвяшчальнікам і абаронцам Слова Бога.

Дэвізам біскупскага служэння абраны словы “SUFFICIT TIBI GRATIA MEA” (“Хопіць табе Маёй ласкі”), якія Езус Хрыстус звяртае да апостала Паўла: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці” (2 Кар 12, 9).

Шчыт умацаваны залатым біскупскім крыжам, над якім – прэлацкі капялюш, з бакоў якога звешваюцца шнуры з дванаццаццю пампонамі. Гэтыя знешнія ўпрыгожанні ў геральдыцы ўказваюць на біскупскую годнасць.

 

Рэдагавана: 08 Мая 2025