Skip to main content

У Сусветны дзень хворага ў Гродне была зарэгістравана новая каталіцкая парафія

sw17 лютага стала вядома, што пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі атрымала новая парафія св. Айца Піо ў Гродне.

Пасведчанне было падпісана ў Сусветны дзень хворага, які адзначаецца 11 лютага, намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту Віктарам Пранюком. Новая парафія ахоплівае мікрараён Грандзічы-2, гарадскую частку Забалаці і прылеглыя вёскі.

Апекуном парафіі абраны італьянскі капуцын, стыгматык і святы Каталіцкага Касцёла Айцец Піо з П’етрэльчыны (1887-1968), які здзівіў увесь свет сваім незвычайным жыццём і гарачай верай.

Крыж Збаўцы стаў для яго школай святарства і крыніцай любові да людзей, якіх ён спавядаў, аздараўляў і суцяшаў. Касцёл успамінае яго 23 верасня.

Згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча пробашчам новай парафіі прызначаны кс. Артур Малафей, які быў вікарыем парафіi Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) у Гродне i адказны за душпастырства спорту і фізічнага выхавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Кс. Юрый Марціновіч