9 студзеня ў гарадскім пасёлку Наваельня (Дзятлаўскі дэканат) адбылося благаслаўленне дома дзённага прабывання для дзяцей.
Перад гэтым у будынку быў зроблены капітальны рамонт.
Як паведамляе партал sdb.by, ужо не першы год салезіяне з дапамогай мясцовых валанцёраў ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Наваельні, даючы магчымасць дзецям і падлеткам падсілкавацца пасля школьных заняткаў, зрабіць хатняе заданне і проста добра правесці час.
Намаганнямі салезіянаў у сялянскай хаце, дзе змяшчаецца дом прабывання, быў зроблены капітальны рамонт.
Мерапрыемства, прысвечанае благаслаўленню адрамантаванага будынка, распачалося ў мясцовым клубе. Перад сабранымі выступілі дзеці, якія спявалі і танчылі, дзелячыся сваімі талентамі.
Пасля выступлення прысутных чакаў салодкі стол і абрад благаслаўлення дома.
Прысутныя дзеці атрымалі падарункі з рук рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства ў Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.
Цяпер дзеці ў Наваельні зноў маюць магчымасць наведваць дом дзённага прабывання і праводзіць там свой вольны час.