1 сакавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў адкрыты і благаслаўлены барэльеф святому каралевічу Казіміру.
Барэльеф быў адкрыты з нагоды набліжэння свята гэтага святога, які з’яўляецца другарадным апекуном Гродзенскай дыяцэзіі. Урачыстае благаслаўленне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На святой Імшы сабраліся шматлікія жыхары горада над Нёманам.
У гаміліі ў першую нядзелю Вялікага посту біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што важны элемент у падрыхтоўцы да велікодных святаў – вучыцца ўмацоўваць сваю волю ў барацьбе са спакусамі.
Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі стаць на шлях навяртання. Па яго словах, дапамогай, калі ёсць крыху добрай волі, можа стаць часцейшая і даўжэйшая малітва, чытанне Святога Пісання, адкрыццё на людзей, якім патрэбна дапамога, тых, якія часта побач з намі і маюць патрэбу ў адведванні, дапамозе, падтрымцы, добрым слове.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што трэба кожны дзень аднаўляць свой выбар быць хрысціянінам, адводзіць Богу першае месца перад спакусамі, якія пастаянна прапануе секулярызаваная культура.
Біскуп дадаў, што, сутыкаючыся са столькімі выклікамі, якія стаяць перад сучасным чалавекам, належыць узірацца ў асобу св. Казіміра, які найперш давяраў Хрысту і, нягледзячы на раскошу каралеўскага двара, палітычныя інтрыгі, ілюзію багацця і ўлады, стаў “убогім у духу”, “ціхім”, “тым, які прагне справядлівасці”, “міласэрным”, “чыстым сэрцам”, “тым, які нясе супакой”, “церпячым пераслед за справядлівасць”.
Іерарх выказаў надзею, што адкрытая і благаслаўленая выява св. Казіміра будзе нагадваць усім, хто будзе ўваходзіць у святыню, прыгожыя цноты каралевіча, а таксама яго шлях да дасканаласці.
Біскуп пажадаў усім прысутным па прыкладзе гэтага святога “ўскласці на Бога ўсю нашу надзею і жыць Божым словам”, “служыць Пану Богу, а праз гэта стаць годнымі магутнай перамогі дабра над злом”.
Свята святога каралевіча Казіміра адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 4 сакавіка, у дзень яго смерці, якая здарылася ў Гродне ў 1484 г.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Максімільян Пік