Душпастырства вязняў узнікла ў 2000 годзе, калі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч блаславіў на служэнне зняволеным а. Казіміра Жыліса SJ. У гэтай справе яму дапамаў кс. Валерый Быкоўскі. Разам яны распачыналі апеку над вязнямі ў ваўкавыскай турме. Раней духоўную апеку над вязнямі перыядычна неслі святары, якія служылі ў Гродне. Сярод іх кс. Юзаф Трубовіч, кс. Антоній Абухоўскі, кс. Юзаф Лой SCJ.
Для душпастыра ў турме выдзелены асабісты кабінет, куды пасля папярэдняга запісу на сустрэчу з ім прыходзяць асуджаныя. Хтосьці наведваецца, каб проста паразмаўляць. Хтосьці сапраўды шукае Бога, бо разумее, што для яго гэта адзінае выратаванне. Звычайна душпастыр пачынае размову з пытанняў: “За што пакараны?” і “Веруючы ці няверуючы?”. Далей распачынаецца дыялог.
За час дзейнасці душпастырства многія навярнуліся. Толькі на працягу першых трох гадоў яго існавання было ахрышчана 190 вязняў. На споведзь штомесячна прыходзіла па 40 чалавек.
Праз душпастырскую дзейнасць святары намагаюцца данесці да вязняў патрэбныя словы. Запэўніваць, што тыя заўсёды маюць шанс навярнуцца і выправіцца. Калі з вязніцы граху святару ўдаецца выратаваць хоць адну душу, падняць чалавека з каленяў, яго служэнне было таго вартае.
кс.Ян Раманоўскі адказны за душпастырства вязняў Гродзенскай дыяцэзіі