Skip to main content
sapka

Душпастырства цвярозасці

У Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае адзінае ў Беларусі душпастырства цвярозасці, якое апекуецца залежнымі людзьмі. Яго мэта – дапамагчы ім прыйсці або вярнуцца да Бога.

duszp stat 6

Душпастырства існуе з 2002 года. Дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча яго душпастырам быў прызначаны кс. Аляксандр Пятровіч. Пасля яму дапамагаў а. Андрэй Урублеўскі CSsR, кс. Мікалай Ціхановіч... А распачаў працу з залежнымі людзьмі яшчэ ў канцы 1990-х гадоў кс. Марыюш Ільяшэвіч, які арганізаваў першыя ў Беларусі рэкалекцыі цвярозасці ў лаздунскай парафіі, дзе быў пробашчам (Іўеўскі дэканат).

Вясной 2001 года адбыліся першыя ўсебеларускія рэкалекцыі ў Баранавічах (і трэція падобныя ў Беларусі). Цяпер яны арганізоўваюцца 2 разы на год. Дзякуючы кс. Яраславу Грынашкевічу рэкалекцыі цвярозасці наладжаны і ў Гродне. Арганізоўваюцца з 2002 года. Праграма кожных рэкалекцый нязменная: прывітанне, св. Імша на ўрачыстае адкрыццё, адкрытыя і закрытыя сходы, канферэнцыя, якую прамаўляе святар, Крыжовы шлях для залежных людзей і іх сем’яў, падрыхтоўка да сакраманту пакаяння, споведзь, св. Імша на заканчэнне, абмен уражаннямі і падвядзенне вынікаў.

З 2015 года рэкалекцыі цвярозасці для сямей з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў адбываюцца пад Браславам. У праграме спаборніцтвы па валейболе, канцэрты бардаў і рок-музыкантаў.

Раней сустрэчы членаў супольнасці адбываліся рэгулярна ў кожную трэцюю нядзелю месяца. У пабрыгіцкім касцёле была св. Імша, а затым – канферэнцыя. Зараз удзельнікі падтрымліваюць сувязь паміж сабой праз тэлефон і інтэрнэт. Раз на 2-3 месяцы адбываюцца чарговыя рэкалекцыі, якія з’яўляюцца нагодай, каб сустрэцца.

З 2004 года ў Лідзе ладзяцца калядныя спатканні для членаў душпастырства. Па традыцыі яны адбываюцца ў першыя выхадныя пасля праваслаўнага Божага Нараджэння. У суботу арганізоўваецца культурна-забаўляльная праграма, а ў нядзелю – св. Імша ў інтэнцыі цвярозасці беларускага народа і сустрэча са святаром.

Некаторыя пробашчы падчас Адвэнту або Вялікага посту запрашаюць удзельнікаў душпастырства ў свае парафіі. Тыя прыязджаюць, каб даць сведчанне выздараўлівання.

У склад душпастырства ў асноўным уваходзяць самі залежныя або члены іх сямей. Далучаюцца і людзі, якія не маюць такой праблемы: неабыякавыя да пытанняў алкагалізму і наркаманіі або тыя, хто хоча жыць у цвярозасці.

 

Кантакты

(8 029) 283-34-37

кс. Аляксандр Пятровіч, душпастыр цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі

(8 033) 325-57-64

yurku@list.ru

Юрый Гапонік, спецыяліст тэрапіі залежнасцей у Гродзенскім клінічным цэнтры, адказны за душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцзіі

 

Рэдагавана: 29 Сакавіка 2017