8 лютага ў Навагрудку адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця барэльефа Адаму Міцкевічу i памятнай табліцы. Яны былі ўсталяваны на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся паэт. Сёння гэта рэкалекцыйны дом, які знаходзіцца пры парафіі св. Міхала Арханёла ў цэнтры горада і быў пабудаваны на фундаменце былой гімназіі.
Аб існаванні барэльефа доўгі час не было вядома. Яго знайшлі восенню мінулага года. Пакуль не ўстаноўлена ні аўтарства, ні дакладнае датаванне. Адзінае, што паспелі зрабіць – аднавіць барэльеф.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел між іншым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, старшыня Таварыства дапамогі “Рубеж” у Беластоку (Польшча) Юзаф Кулікоўскі і шмат іншых гасцей з нашай краіны і замежжа.
Перад адкрыццём пробашч парафіі кс. доктар Юрый Жэгарын падкрэсліў, што “адноўлены на фундаменце дамініканскай школы будынак стане прыцягальнай кропкай для ўсіх, хто захапляецца творчасцю Адама Міцкевіча”.
Святар нагадаў, што ў гэтай школе малады Міцкевіч правёў каля пяці гадоў, не толькі вучачыся, але і штодзённа прыходзячы і молячыся ў касцёле св. Міхала разам з іншымі вучнямі. Пробашч дадаў, што айцы дамінікане заклалі вельмі добры інтэлектуальны падмурак асобы Міцкевіча, а таксама што тады ў яго былі першыя спробы напісання паэтычных твораў. Безумоўна, гэты этап яго жыцця меў выразны ўплыў на далейшае развіццё яго таленту.
Час адкрыцця знаку, які нагадвае пра адзін з найважнейшых этапаў жыцця Адама Міцкевіча, быў выбраны паміж чарговымі гадавінамі яго нараджэння і хросту.
Гонар адкрыцця барэльефа і табліцы мелі біскупы Кашкевіч і Дзям’янка, а таксама старшыня Навагрудскага райвыканкама i Генеральны консул Польшчы ў Гродне.
Затым у актавай зале рэкалекцыйнага дома адбылася канферэнцыя, падчас якой Раіса Зянюк і кс. Павел Эйсмант з Мінска прадставілі ў сваіх дакладах дзейнасць дамініканаў у Беларусі.
Ключавым момантам была святая Імша, якая ўпершыню адбылася ў новай капліцы рэкалекцыйнага дома. У гэты дзень капліца пад тытулам Святога Духа была ўрачыста асвячана.
Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, гамілію прамовіў біскуп Антоні Дзям’янка, які шмат гадоў служыў у родным горадзе Міцкевіча.
Капліца будзе месцам малітвы для ўсіх удзельнікаў рэкалекцый і дзён засяроджання, а таксама ўсіх, хто будзе наведваць памятныя месцы Навагрудка.
Пробашч парафіі падзякаваў усім, хто духоўным і матэрыяльным чынам падтрымлівае адбудову былой дамініканскай гімназіі, а прысутным на ўрачыстасці спонсарам і дабрадзеям уручыў на памяць выявы мясцовай святыні. Ксёндз Жэгарын запэўніў, што навагрудскія вернікі ў сваіх малітвах пастаянна памятаюць пра ўсіх, хто аказвае ім дабро і падтрымлівае рознымі спосабамі.
Кс. Юрый Марціновіч