9 лістапада распачаўся беатыфікацыйны працэс с. Ванды Банішэўскай з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, якая была містыкам і стыгматыкам. Урачыстае адкрыццё працэсу адбылося ў капліцы арцыбіскупаў Варшаўскіх.
Беатыфікацыйны працэс пачынаецца праз 17 гадоў з часу смерці гэтай законніцы. Меркавалася, што яна адышла ў вечнасць у стане святасці. Ініцыятарамі працэсу сталі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, у якую яна ўваходзіла. Ён будзе праводзіцца Варшаўскай архідыяцэзіяй, на тэрыторыі якой памерла кандыдатка да хвалы алтара.
Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка. Жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў бесхабітовую Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільнюсе.
Падчас цырымоніі адкрыцця працэсу адбылося прывядзенне да прысягі трыбуналу, каб весці яго на дыяцэзіяльным этапе. Трыбунал даследуе гераічнасць цнотаў Слугі Божай, праверыць доказы і славу яе святасці.
Пастулятарам у працэсе будзе кс. доктар Міхал Сеніцкі SAC, спецыяліст у галіне кананічнага права, выпускнік рымскага ўніверсітэта Санта-Крочэ.
Гэты беатыфікацыйны працэс пакліканы паказаць, што гераізм магчымы нават у найцяжэйшых абставінах жыцця. Ванда Банішэўская, нягледзячы на несправядлівае асуджэнне на гады прабывання ў савецкіх вязніцах, гераічна заставалася з Хрыстом, сведчачы пра Яго і носячы на целе Яго раны, а сваё цярпенне ахвяроўвала за святароў. Таксама ў ходзе працэсу будуць даследаваны дар яе стыгматаў і пасланне, якое даручыў ёй Хрыстус.
На заканчэнне першага ўрачыстага пасяджэння ў ходзе працэсу кардынал Казімеж Ныч узначаліў малітву праз заступніцтва сястры Ванды Банішэўскай.
Малітва праз заступніцтва с. Ванды
Божа, які Слугу Божую сястру Ванду Банішэўскую з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў паклікаў весці ўтоенае жыццё і даў асаблівую ласку ўдзелу ў муцы Твайго Сына і складвання ў ахвяру свайго цярпення ў інтэнцыі святароў, учыні, каб Касцёл узнёс яе да хвалы алтара і спазнаў яе нястомнае заступніцтва. Праз заступніцтва с. Ванды ўдзялі мне ласку … (выказаць просьбу), аб якой пакорна прашу Цябе. Амэн.
Пра гісторыю жыцця с. Ванды Банішэўскай можна прачытаць у газеце “Слова Жыцця”
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: https://archwwa.pl