17 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
На сустрэчы прысутнічалі дыяцэзіяльныя святары і духавенства з манаскіх супольнасцяў, у ліку ўдзельнікаў былі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
У праграме былі малітва літургіі гадзін, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыя, святая Імша.
Канферэнцыя, з якой выступіў а. Аляксандр Махнач SP, пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне і катэхетычны візітатар Шчучынскага дэканату, мела назву “Нікейскі Сабор – важная веха ў гісторыі Касцёла”. Святар засяродзіў увагу на гістарычным і багаслоўскім змесце гэтай старажытнай падзеі. Айцец Аляксандр адзначыў, што хрысціянская ідэнтычнасць будуецца на таямніцы Асобы Сына Божага і што адной з важнейшых вяршыняў у яе асэнсаванні стаў Першы Сусветны Сабор 325 года, 1700-я гадавіна якога святкуецца сёлета. Прамоўца нагадаў, што гэтай эпахальнай падзеі шмат увагі прысвяціў Папа Францішак у буле “Spes non confundit” (“Надзея не расчаруе”), якой уводзіў Каталіцкі Касцёл у Юбілей 2025 г. Папа адзначаў, што “Нікейскі Сабор з’яўляецца важнаю вехаю ў гісторыі Касцёла”.
Айцец Аляксандр дадаў, што гэты Сабор “прадэманстраваў беспрэцэдэнтнае адзінства і ўніверсалізм”, на ім “была ўгрунтавана сама ідэя сінадальнасці Касцёла і зададзены ўзор для наступных Сусветных Сабораў”.
Святар нагадаў, што Папа Леў XIV з 27 лістапада па 2 снежня наведае Турцыю і Ліван. Візіт уключыць пілігрымку ў Ізнік (старажытную Нікею) з нагоды 1700-годдзя Першага Сусветнага Сабору, запланаваны сустрэчы з уладамі, дыялог з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў і іншых рэлігій.
Імшу, якая прайшла ў капліцы семінарыі, узначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, цэлебруючы яе ў інтэнцыі прэзбітэраў дыяцэзіі.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на “трох шляхах, якія святару неабходна штодзённа праходзіць”: вернасці, міласэрнасці і духу распазнання.
Іерарх адзначыў, што на святара ўздзейнічае “жаданне свету, каб мы падпарадкаваліся яго логіцы, яго рытму, яго маралі, каб Касцёл стаўся “зручным”, “маўклівым”, “адаптаваным”, каб святар быў “пастаўшчыком паслуг”, а не голасам Бога”. “Аднак святар – гэта той, хто павінен штодня вырашаць: каго я слухаю – свет ці Бога? каму належыць маё сэрца – Хрысту ці самому сабе? я служу людзям ці баюся людзей? Вернасць – гэта не абстракцыя. Гэта практычная штодзённая мужнасць: у канфесіянале, у сакрыстыі, у парафіяльным доме, у сустрэчы з людзьмі, у вырашэнні канкрэтных праблем, у маўчанні перад Езусам у табэрнакулюме, – падкрэсліў біскуп. – Калі мы не будзем стаяць у вернасці перад Богам, мы не вытрымаем ніякіх наступных выпрабаванняў”.
Па словах іерарха, “святар – гэта не той, хто плыве па спакойнай рацэ, а той, хто ідзе супраць цячэння”. “Колькі разоў мы, святары, адчувалі ўціск? Патрабаванняў. Крытыкі. Цяжкіх характараў. Парафіяльных канфліктаў. Унутраных сумненняў”, – дадаў біскуп і заўважыў, што, паводле Божага слова, “выйсце адно – трымацца Божага закону, не эмоцый, не чалавечых меркаванняў, не ўласных уцёкаў і стратэгій”.
Разважаючы над фрагментам Евангелля, біскуп адзначыў, што паказаны ў ім сляпы, які просіць Езуса змілавацца над ім, – гэта “сімвал чалавека грэшнага, параненага, які не разумее, які раздражняе ўсіх”. Такі чалавек “чакае ад святара не палітыкі, не псіхалогіі, не кансультацыі, а міласэрнасці і сустрэчы з Богам”, хоць бывае наадварот – “што святар, які павінен набліжаць людзей да Бога, можа, нават несвядома, стаць перашкодай”. Святар, на думку біскупа, павінен “дапамагаць чалавеку бачыць праўду, сэнс, любоў Бога, дарогу навяртання”.
Іерарх адзначыў, што святая Альжбета Венгерская, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, – прыклад таго, што “любоў заўсёды канкрэтная”, што “міласэрнасць – шлях святасці, а не “дадатковая праца”. “Святар, які служыць бедным, заўсёды жывы. У святарскім жыцці часта бывае так: абавязкаў шмат, а сэрца пустое. Альжбета вучыць нас, што святарства без міласэрнасці сухое, халоднае, непрывабнае. Яна вучыць пакоры. Будучы княгіняй, яна абмывала ногі жабракам. Мы ж, святары, у эпоху сінадальнасці павінны навучыцца стаяць побач з людзьмі, а не над людзьмі”, – патлумачыў біскуп.
Па яго словах, сінадальнасць ставіць перад святаром пытанні: “Ці не замыкаю я свае душпастырства ў рамкі “сваёй парафіі”? Ці не стаў я “адзіночкай”, якая працуе без братоў? Ці не забываюся, што Касцёл – гэта не мая ўласнасць? Ці не патрабую я ад людзей таго, чаго сам не раблю?” “Сінадальнасць – гэта евангельскі стыль. Гэта спосаб быць Касцёлам, які слухае, суправаджае, распазнае і служыць. Сінод вучыць нас быць разам”, – падкрэсліў біскуп.
Ён дадаў, што супольнасць святароў – іх дом, “дом падтрымкі, дом братэрства, дом малітвы адзін за аднаго”, а таксама што Сінод вучыць іх “слухаць, разважаць, распазнаваць”.
У канцы Імшы былі ўручаны дэкрэты новым дэканам, прызначаным у некалькі дэканатаў дыяцэзіі на перыяд пяці гадоў. Новыя дэканы прамовілі вызнанне веры і прысягу на вернае выкананне даручаных ім абавязкаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская
