4 верасня фігура святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прыбыла ў Гродна. З горада над Нёманам пачалася перэгрынацыя фігуры па чатырох катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.
Ініцыятарам перэгрынацыі выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які заклікаў, каб месяц верасень стаў часам асаблівай малітвы за краіну і аб спыненні эскалацыі канфлікту і хутчэйшым вырашэнні сённяшняга крызісу.
Жыхары Гродна прывіталі фігуру перад катэдрай св. Францішка Ксаверыя з вялікай узрушанасцю, а таксама надзеяй, што хутка настануць спакойныя часы і мы зноў будзем жыць у мірнай і памяркоўнай Беларусі.
Фігуру даставіў у Гродна кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Як адзначыў святар, калі ён пачаў служыць у вёсцы Багданава пробашчам парафіі св. Арханёла Міхала, то ўсё больш стаў разумець вялікае значэнне апекі Арханёла не толькі над асобным чалавекам, але і над усёю краінаю.
Святар прывёз фігуру Арханёла з горнага масіву Гаргана ў Італіі – самага знакамітага месца аб’яўленняў святога Міхала. Сёння там знаходзіцца санктуарый – адзіная святыня, якая не была асвячана рукою чалавека, бо гэта зрабіў сам Арханёл.
У катэдры адбылася ўрачыстая Імша, якую цэлебраваў кс. Ігар Лашук. Святар прачытаў спецыяльнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на пачатак перэгрынацыі фігуры па катэдрах Беларусi, якое іерарх даслаў, знаходзячыся сёння за мяжой па незалежных ад яго прычынах.
У сваім слове Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначае, што мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час і ад таго, як сёння ўсе грамадзяне будуць дзейнічаць, залежыць наша будучыня.
Іерарх падкрэслівае, што з самага пачатку крызісу Касцёл выступаў і працягвае выступаць за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў, a зброяй Касцёла з’яўляецца Евангелле і малітва.
“Сёння нам у імя нашай будучыні найперш неабходна пакаянне, без якога немагчыма распачаць новае жыццё. Пакаянне вядзе да ўнутранай духоўнай свабоды, якая з’яўляецца падмуркам кожнай іншай. Мы ўсе створаны для свабоды, якой нельга належным чынам зразумець без адказнасці. Нездарма святы Ян Павел ІІ казаў, што свабода без адказнасці вядзе да анархіi”, – дадае арцыбіскуп.
Ён піша, што ўсім патрэбны таксама дух прабачэння і міласэрнасці з захаваннем прынцыпу справядлівасці. “Нялёгка прабачыць, але без прабачэння няма будучыні”, –сцвярджае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Таксама іерарх дзякуе ўсім за салідарную падтрымку і малітвы аб яго хутчэйшым вяртанні да сваёй паствы і дадае, што сваё сённяшняе становішча прымае як Божае выпрабаванне, якое ахвяруe ў інтэнцыі хучэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні.
Пасля Імшы вернікі працяглы час маліліся перад фігурай Князя войска нябеснага, даручаючы яму свае справы і нашу краіну, якая знаходзіцца ў неспакойнай сітуацыі, разам з яе жыхарамі.
Наведаць святыню і памаліцца перад фігурай можна будзе да 10 верасня. Затым фігура будзе перавезена ў катэдру ў Пінску.
Поўны тэкст Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на пачатак перэгрынацыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская