У межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай, якія 18–19 ліпеня праходзілі ў санктуарыі айцоў кармэлітаў босых у Гудагаі (Астравецкі дэканат), іх удзельнікі асаблівым чынам дзякавалі Богу за тры дзесяцігоддзі з часу аднаўлення служэння манахаў гэтага ордэна ў Беларусі.
Як паведамляе catholic.by, сёлетні фэст у марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў пад дэвізам «Увесь Твой». Гэтыя словы — дэвіз біскупскага і папскага служэння вялікага шанавальніка Маці Божай святога Яна Паўла ІІ — былі выразам поўнай адданасці Марыі Вялікага Папы, стагоддзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.
Урачыстасць у Гудагаі сабрала пілігрымаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы. Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі іх было менш, чым звычайна.
Трыццаць гадоў таму прадстаўнікі ордэна кармэлітаў босых пасля перыяду ганенняў на веру прыбылі ў нашую краіну, каб служыць тутэйшым вернікам, доўгія дзесяцігоддзі бязбожнага савецкага панавання пазбаўленым пастырскай апекі.
Некаторыя з айцоў кармэлітаў былі тады зусім маладымі святарамі, якія толькі прынялі сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння. Таму сёлета 30-годдзе святарства адзначаюць два прадстаўнікі кармэліцкай супольнасці ў Беларусі: айцец Бэрнард Радзік OCD з Нарачы і айцец Павел Ляліта
OCD з Мядзела. За іх асаблівым чынам маліліся падчас святой Імшы, якой распачаўся Гудагайскі фэст.
Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які сёлета адзначыў 75-гадовы юбілей з дня нараджэння, а таксама айцы кармэліты і іншыя святары з розных дыяцэзій.
На пачатку святой Імшы ўсіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі айцец Казімір Мараўскі OCD. Айцец Казімір пажадаў усім шанавальнікам Маці Божай, каб словы святога Яна Паўла ІІ «Увесь Твой» натхнілі іх на больш глыбокую духоўную сувязь з Марыяй, якая кожнага, хто Ёй сябе даручае ў апеку, вядзе да свайго Сына Езуса Хрыста. Кусташ запрасіў атуліць малітваю сёлетніх юбіляраў, асабліва айца Паўла, які ў шпіталі рыхтуецца да аперацыі.
Аднаўленне служэння ордэна кармэлітаў босых у Беларусі з самага пачатку стала прыносіць шчодры духоўны плён.
На голас паклікання да асаблівага служэння Хрысту ў духу чыстасці, убоства і паслухмянасці ў супольнасці сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса 25 гадоў таму адгукнулася сястра Тэрэзіна. З нагоды срэбранага юбілею яе манаскіх абяцанняў біскуп Юрый Касабуцкі паводле старадаўняй традыцыі ўсклаў на галаву юбіляркі вянок радасці — сімвал радаснага служэння Нябеснаму Абранніку Хрысту.
Тэма радасці служэння Богу стала галоўнай у прамоўленай іерархам гаміліі. Біскуп Юрый узгадаў сваю сустрэчу з Янам Паўлам ІІ, які, нягледзячы на вялікія цярпенні, што яму даводзілася зносіць, прамяніўся радасцю.
«Гэтая ягоная радасць паходзіла ад поўнай адданасці Марыі — „Увесь Твой“. Маці Божая давала яму сілы з радасцю несці цяжар Пятровага служэння і вялікіх фізічных пакут», — заўважыў іерарх.
Ён дадаў, што таксама айцы кармэліты, якія тры дзесяцігоддзі таму вярнуліся ў Беларусь, каб абвяшчаць Божае слова, нясуць сваё адданае служэнне з вялікай радасцю.
«Я вельмі даўно ведаю айца Бэрнарда і ніколі не бачыў гэтага святара без усмешкі. Ён таксама іншым перадае гэтую духоўную радасць і аптымізм», — адзначыў біскуп.
На заканчэнне цэлебрацыі прысутныя вернікі выказалі словы шчырай падзякі айцам кармэлітам за іх самаахвярнае служэнне, а таксама падаравалі сястры Тэрэзіне букет ружаў.
Фота: Віталь Палінеўскі, catholic.by