Не так даўно пасля доўгага часу чакання, разнастайных цяжкасцяў і перашкод, адмененага вылету ў Маскве выехаў на місіі святар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Анджэй Ганчар.
Пасля працяглага і стамляючага падарожжа святар прыбыў у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, у дыяцэзію Буар. Дыяцэзія была заснавана 27 лютага 1978 г. на тэрыторыі, вылучанай з дыяцэзіі Бербераці. Яе ардынарыем з 2018 г. з’яўляецца біскуп Міраслаў Гуцва з Польшчы, які і запрасіў нашага святара.
Ксёндз Анджэй падкрэслівае, што вельмі шчаслівы там быць. “Я быў вельмі сардэчна тут прыняты супольнасцю святароў-місіянераў, якія прыбылі сюды на місіі з Тарнoўскай дыяцэзіі Польшчы”, – дадае ён.
Найважнейшая задача – вывучыць мову санга
У першыя дні прабывання на чужой да гэтага часу зямлі святар ездзіў да розных парафіях, дзе мог на ўласныя вочы бачыць, на чым засноўваецца служэнне місіянера і якія задачы стаяць перад ім. “Для мяне гэта бясцэнны дар – досвед гэтага Касцёла і культуры”, – адзначае ён.
Наступныя некалькі дзён кс. Анджэй правёў у біскупскай курыі. Сёння першай і найважнейшай задачай для яго з’яўляецца вывучэнне мовы. “Спачатку я думаў, што французская мова будзе мне тут вельмі патрэбнай. Але, едучы ў вёскі ці нават гарады, бачу, што амаль усе людзі карыстаюцца мясцовай мовай санга”, – кажа святар. Мову санга выкарыстоўваюць каля 1,6 млн чалавек, з якіх яна родная для прыблізна 400 тысяч.
Біскуп прапанаваў яму на нейкі час спыніцца ў малой семінарыі св. Пятра ў Ёле, каб заняцца вывучэннем мовы. “У гэтай семінарыі сёння 53 студэнты, а рэктар паходзіць з Тарнoўскай дыяцэзіі. Я павінен у кароткі час авалодаць мовай санга, каб потым мог цэлебраваць на ёй Імшу, спавядаць, рыхтаваць гамілію, проста размаўляць з людзьмі, – расказвае кс. Анджэй. – А тут, у семінарыі, сапраўды добрае месца, каб займацца і вучыцца”.
Жыццё без электрычнасці
Ксёндз Анджэй, які ў 2016 г. быў на місіях у Камеруне, прызнаецца, што на новым месцы яго нічога не здзівіла. Ужо маючы магчымасць параўнання з ранейшым місіянерскім досведам, ён падкрэслівае, што тут значна больш сціпла і бедна. Тут заўважаецца, што матэрыяльная сітуацыя горшая, а інтэлектуальнае развіццё грамадства ніжэйшае. Гэта заўважна на кожным кроку, а асабліва падчас наведвання вёсак і маленькіх мястэчак.
“Тут у нас няма электрычнасці. Толькі ў 18 гадзін уключаецца генератар, каб зарадзіць тэлефоны, камп’ютар, каб была прынамсі халодная вада, каб памыцца пасля спякотнага дня”, – дзеліцца місіянер.
Ён прызнаецца, што ўжо прывык да новай афрыканскай кухні, якая, безумоўна, адрозніваецца ад беларускай, з вялікім апетытам есць усё, што падаецца на стол, і з вялікай цікаўнасцю заўсёды спрабуе новыя стравы.
У вольныя хвіліны ў яго яшчэ ёсць магчымасць пагуляць у футбол з семінарыстамі і час на сумесную малітву, якая будуе дух і ўтварае супольнасць.
Любоў да Маці Божай
Святар адзначае, што ў кастрычніку мясцовыя вернікі вельмі яскравым і шчырым спосабам выражаюць сваю любоў да Маці Божай. “Шмат людзей збіраецца на ружанцовай малітве перад фігуркамі Марыі. Прыходзіць шмат дзяцей, якія хваляць Марыю спевам і малітвай”, – кажа ён.
Найбольшая праблема, з якой сутыкаюцца тут людзі, – беднасць. “Бедныя часта прыходзяць, каб папрасіць грошай, хлеба, вады… А святар тут – гэта чалавек, які павінен забяспечыць патрэбы не толькі духоўныя, але і матэрыяльныя, гаспадарчыя… Купіць прадукты, дровы для кухні, падключыць генератар”, – распавядае кс. Анджэй.
Па яго словах, зараз там сезон дажджоў. Моцны дождж ідзе кожны дзень, усё расце і квітнее. Тэмпература на працягу дня 30-35 градусаў, вечарам апускаецца да 20.
“Спадзяюся, што ў мяне яшчэ ўсё наперадзе. Лічу вялікай ласкай, што магу тут быць, што магу пазнаёміцца з місіянерскай дзейнасцю Касцёла, каб у будучыні даваць гэтым людзям Бога”, – з энтузіязмам дадае наш адважны місіянер.
Просьба аб малітоўнай падтрымцы
На парозе сваёй чарговай місіянерскай прыгоды кс. Анджэй Ганчар вельмі просіць аб малітве ў інтэнцыі ўсіх місіянераў, якія служаць на розных кантынентах і вельмі далёка ад сваіх блізкіх, родных і сяброў.
Ён просіць аб малітве і ў яго інтэнцыі, каб Бог умацаваў яго веру і каб ён разам з Панам пераадольваў усе цяжкасці, з якімі сустракаецца.
“Хацеў бы таксама падзякаваць усім святарам, сёстрам законным і вернікам, якія аказалі мне матэрыяльную падтрымку, патрэбную, каб прыехаць сюды на місіі. Асабліва дзякую пяці парафіям нашай дыяцэзіі, якія я перад ад’ездам наведаў і якія прынеслі ахвяраванні на патрэбы місіі”, – дадае святар.
Перад ад’ездам кс. Анджэй наведаў парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы і філіяльны касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Юбілейным, парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску, Св. Міхала Арханёла ў Поразаве і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
“Дзякую вам усім за адкрытае сэрца і зычлівасць. Дзякуючы гэтаму я зараз магу служыць людзям. Памятаю пра ўсіх у малітве і пакорна прашу аб ёй далей”, – падсумоўвае святар.
Жадаем ксяндзу Анджэю шматлікіх Божых ласкаў і дапамогі Духа Святога ў нялёгкім служэнні ў самых далёкіх кутках свету. Жадаем, каб яго служэнне прынесла духоўны плён, каб Добрая Навіна пра Хрыста была вядомай кожнаму як шлях, які вядзе да збаўлення!
Ксёндз Анджэй Ганчар нарадзіўся 18 верасня 1991 года. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 29 красавіка 2017 г. Апошні год вучыўся ў Цэнтры місійнай фармацыі ў Варшаве (Польшча).
26 красавіка 2020 г. у сваёй роднай парафіі кс. Анджэй Ганчар атрымаў благаслаўленне і місійны крыж з рук Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага.
Кс. Юрый Марціновіч