sapka

Тытул касцёла: св. Францішка Ксаверыя

Св. Імша: у нядзелі і святы ў 7.30, 9.00, 10.30, 12.00, 15.00, 16.30, 19.00, 21.00, у звычайныя дні ў 7.00, 8.00, 9.00, 12.00, 17.30, 19.00

Адпусты: 5 жніўня, 3 снежня

Адрас: г. Гродна, пл. Савецкая, 4

Тэл.: (8 0152) 74-00-94, (8 0152) 74-36-67 – пробашч, (8 0152) 74-36-17 – канцылярыя

 

grodno 1Катэдральны (былы езуіцкі) касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне залічаны да выдатных помнікаў Вялікага Княства Літоўскага. Катэдральная базіліка і сёння з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў архітэктуры стылю барока ў Беларусі.

У 1585 годзе кароль Стэфан Баторый ахвяраваў 10 тысяч злотых на будаўніцтва касцёла і калегіума езуітаў у Гродне. Каралеўская задума была рэалізавана дзесьці праз сотню гадоў. Вуглавы камень пад будову касцёла біскуп Мікалай Слупскі асвяціў 21 чэрвеня 1678 года. У 1683 годзе быў закладзены фундамент, а ў 1700 годзе адбылася першая св. Імша ў яшчэ недабудаваным касцёле. Кансэкрацыя святыні адбылася 6 снежня 1705 года хэлмінскім біскупам Тэадорам Патоцкім. На ўрачыстасці прысутнічалі кароль Аўгуст ІІ і цар Пётр І. Будаўнічыя працы ў касцёле скончыліся толькі ў 1772 годзе.

У 1960–1988 гг. у парафіі не было святара. На працягу гэтага часу вернікі збіраліся ў касцёле кожную нядзелю. Ставілі на алтар келіх і імшал, клалі арнат, запальвалі свечкі і распачыналі набажэнства без святара. Чыталі Святое Пісанне, спявалі, затым ішлі ў працэсіі. У 1987 годзе ўлады дазволілі адпраўляць св. Імшу, але толькі 5 разоў у год.

Статус малой базілікі быў нададзены касцёлу Папам Янам Паўлам ІІ 15 снежня 1990 года. У наступным годзе касцёл стаў катэдрай новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай, што зараз знаходзіцца ў правым бакавым алтары, намаляваны на медным лісце памерамі 22х17 см. Іканаграфічна з’яўляецца спісам слыннага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Пра італьянскае паходжанне сведчаць высокія мастацкія якасці жывапісу: дакладны малюнак, багаты каларыт, умелае карыстанне светлаценем. Перапрацаваны ў раннебарокавым стылі пры захаванні характэрных прыкмет пратографа.

Абраз быў прывезены з Рыма правінцыялам дамініканаў і падараваны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу. Пасля смерці канцлера абраз дастаўся дамініканіну кс. Куклінскаму, потым — Войцеху Жаляроўскаму. А той, будучы цяжкахворым, падараваў абраз кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў. Урачыстае ўнясенне абраза ў касцёл езуітаў (яшчэ драўляны, святых апосталаў Пятра і Паўла) адбыўся 3 жніўня 1664 года.

Перад гэтым па просьбе кангрэгацыі камісія ад віленскага біскупа ў складзе канцлера дыяцэзіі кс. Казіміра Вайшняровіча і пробашча касцёла св. Брыгіты кс. Станіслава Катоўскага пацвердзіла 108 цудаў абраза, засведчаных пад прысягай. Склала адпаведны пратакол, пасля чаго віленскі біскуп Юрый Белазор прызнаў абраз цудатворным. 28 жніўня 2005 года ў Гродне адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай папскімі каронамі і 300-гадоваму юбілею кансэкрацыі катэдральнай базылікі.

 grodno 2

Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай

Хрысце, адзіны Збаўца свету, Той самы ўчора, сёння і навекі, дай нам праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай ласку трывання ў добрым. Дай нам ласку трывання ў навуцы Евангелля і Касцёла, каб чынілі ўсё новае на хвалу Божую і для збаўлення людзей. Амэн

 

© 2006-2017 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.