У 1993 годзе Папа Ян Павел ІІ зацвердзіў заступнікаў Гродзенскай дыяцэзіі: галоўную – Маці Божую Вастрабрамскую – і другарадных – св. Казіміра, каралевіча, і Максімільяна Марыя Кольбэ, святара і мучаніка.
Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай
О Пані мая, Святая Марыя! Тваёй ласцы асаблівай ахове і Тваёй Міласэрнасці сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, душу і цела мае аддаю. Усе мае надзеі і радасці, усе ўціскі і недамаганні, жыццё і канец майго існавання Табе даручаю, каб дзякуючы Тваім заслугам усе мае ўчынкі былі выкананы і накірованы паводле Тваёй і Твайго Сына волі. Амэн
Вастрабрамская Маці Божая звыш 300 гадоў з’яўляецца асаблівай заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх зямель. Яе абраз паходзіць з віленскай капліцы ў Вострай Браме. Асвечаны ў 1671 годзе. Тады ж выява была закрыта сярэбранай пазалочанай сукенкай. У 1849 годзе ў ніжняй частцы абраза быў змешчаны сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: “Падзяку Табе складаю, Божая Маці, за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне”. Галаву Божай Маці аздабляюць 2 кароны. Адна – у стыле барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако для Каралевы Польшчы.
Культ Маці Божай з Вострай Брамы пачаў развівацца ў другой палове XVII ст. Набраў сваю сілу ў першай палове XVIII ст. На працягу наступных стагоддзяў санктуарый у Вострай Браме нароўні з Яснай Гарой славіцца шматлікімі ласкамі.
Вастрабрамскую Божую Маці называюць Маці Міласэрнасці. Гэты тытул мае глыбокі тэалагічны сэнс. У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць святы Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула (выключным чынам) Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у Яе аб’яўленні ахвярай сэрца. Таму Марыя цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека. А Бог пастаянна спачувае людзям праз мацярынства Марыі Панны. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў перапоўнена чуллівасцю да сваіх дзяцей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці. Заўжды выходзіць ім насустрач, выпрошваючы ў Бога ўсе неабходныя ласкі.
Прыгожае адлюстраване Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зорак і шматлікіх прамянёў схіляе да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачыма і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае ў чалавеку любоў і давер. Несамавітая лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы.
Малітва да св. Казіміра
Святы Казімір, каралевіч! Ты адрокся ад свецкай раскошы і ўцехаў, а жывучы ў нявіннасці і своеасаблівай пакуце заслужыў вянец святога. Таму мы, слугі і Твае падданыя, молім выпрасіць у Бога ласку, каб мы, па Тваім прыкладзе, умелі захаваць чысціню душы і цела, асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі ўдзельнічаць у Тваёй хвале ў Хрысце Пану. Выпрасі нам гэта і ратуй ва ўсіх нашых патрэбах праз таго ж Езуса Хрыста, нашага Пана. Амэн
Святы Казімір – другі сын караля Казіміра IV Ягелончыка. Нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 года ў Кракаве (Польшча). Быў добра выхаваным, старанна вучыўся. “Высакародны юнак, з рэдкімі здольнасцямі і вартага памяці розуму”, – так пісаў яго настаўнік кс. Ян Длугаш. Меў талент прымірыць людзей, што пасварыліся. Ахвотна раздаваў міласціну са сваіх даходаў.
Захоўваў у сэрцы зерне веры, якое сагравала кожнага, з кім кантактаваў каралевіч. Быў шчырым прыхільнікам Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго свайго жыцця прысвячаў шмат часу малітве. Нярэдка, калі ўжо панавала вячэрняя цішыня і ўсе адпачывалі, ён кленчыў на парозе святыні перад зачыненымі дзвярыма. Казімір служыў Богу і людзям. І адначасова выконваў абавязкі памагатага бацькі, намесніка ў каралеўстве, наступніка трона. Спалучаў рэлігійнае жыццё з палітычнай дзейнасцю. Прайшоў выпрабаванні хваробай, уладай і вайной.
Па загадзе бацькі ў 13-гадовым узросце валадарыў у Венгрыі. З 1475 года прымаў удзел у пасяджэннях каралеўскай рады. На працягу некаторага часу быў намеснікам бацькі ў каралеўстве. Жыў у Радаме (Польшча). Меў тытул “secundogentis regis Poloniae” (“Другі кароль Польшчы”).
Яго кароткае кіраўніцтва дзяржавай высока ацэньвалася сучаснікамі. Каралевіч Казімір палепшыў бяспеку на дарогах, утаймаваў разбоі. Актыўным удзелам у ажыццяўленні правасуддзя садзейнічаў больш хуткаму вырашэнню пратэрмінаваных судовых спраў у каралеўскім судзе. У адрозненні ад бацькі падтрымліваў добрыя кантакты з прускімі станамі (быў прыхільнікам самастойнасці гэтай правінцыі).
Праз нейкі час каралевіч захварэў на сухоты. Позняй вясной 1483 года быў адазваны ў Вільню. На Каляды таго ж года наведаў Гродна, але яго здароўе істотна пагоршылася. Памёр 4 сакавіка 1484 года ў прысутнасці бацькі ва ўзросце 26 год. Быў пахаваны ў віленскай катэдры. Калі праз 118 гадоў грабніцу каралевіча адкрылі, цела аказалася некранутым. Кананізаваны ў 1604 годзе Папам Кляменсам VIII.
Малітва да св. Максімільяна Кольбэ
Божа, Ты напоўніў любоўю да бліжніх і палымяным жаданнем служыць справе збаўлення душаў святога Максімільяна Кольбэ, святара і мучаніка, які аддана ўшаноўваў Беззаганную Панну. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы дзеля Тваёй хвалы рупліва служылі бліжнім, і ў жыцці і смерці былі падобнымі да Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн
Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся ў 1894 годзе ў Здунскай Волі (Польшча). Значны духоўны ўплыў на фарміраванне яго асобы аказала маці, з якой Максімільян заўсёды падтрымліваў цесную сувязь. Калі яна даведалася пра пакутніцкую смерць сына, сказала, што не трымае крыўды на тых, хто яго забіў, а шкадуе толькі аб тым, што Максімільян перад смерцю не прыняў св. Камунію.
У 1907 годзе Максімільян паступіў у францішканскую семінарыю ў Львове (Украіна). Праз 3 гады ўступіў у супольнасць айцоў францішканаў і атрымаў першае манаскае імя – Максімільян. Даў абет: усё сваё жыццё прысвяціць Маці Божай.
Затым паехаў вучыцца ў Рым, дзе атрымаў доктарскія дыпломы па тэалогіі і філасофіі. Там прыняў вечныя шлюбы і атрымаў другое імя – Марыя. У Рыме раскрыўся яго талент да фізіка-тэхнічных навук. Будучы святы нават працаваў над праектам касмічнага карабля. Аднак самым галоўным у яго жыцці было манаскае пакліканне – наследаванне спраў Беззаганнай Маці Божай. У 1917 годзе разам з некалькімі айцамі францішканамі заснаваў апостальскае таварыства “Рыцарства Беззаганнай”, галоўнай мэтай якога было пашырэнне хрысціянства ў свеце праз пасрэдніцтва Маці Божай.
У 1922 годзе па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці айцоў францішканаў а. Максімільян Кольбэ пераехаў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з а. Мельхіёрам Фардонам, якога яшчэ пры жыцці называлі анёлам, бо ён чым толькі мог усім дапамагаў. Той стаў для будучага святога сябрам, дарадцам і спаведнікам. Аказаў на яго вялікі духоўны ўплыў.
Пасля а. Максімільян працаваў у Польшчы і Японіі. Яго плённая праца ў рэчышчы паклікання працягвалася да пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з іншымі айцамі францішканамі быў арыштаваны нацыстамі і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцім. Праз некалькі месяцаў з гэтага лагера збег вязень, таму было вырашана забіць 10 іншых. А. Максімільян выпадкова падслухаў разважанні аднаго з гэтых 10-ці няшчасных, які бедаваў, таму што пакіне ў самоце сваю сям’ю. І прыняў рашэнне праз галодную смерць у карцэры аддаць сваё жыццё замест гэтага чалавека. Расказвалі, што ён падтрымліваў астатніх. Разам з іншымі спяваў рэлігійныя песні, маліўся. Калі праз 2 тыдні дзверы карцэра адкрылі, то ўбачылі мёртвымі ўсіх, акрамя а. Максімільяна. Тады яму зрабілі смяротную ін’екцыю.
Кананізаваны ў 1982 годзе Папам Янам Паўлам ІІ у прысутнасці ўратаванага а. Максімільянам вязня з Асвенціма Францішка Гаёўнічка.