Душпастырства спорту і фізічнага выхавання Гродзенскай дыяцэзіі існуе з 2010 года. Апекай ахоплены прафесійныя спартсмены, аматары, трэнерскі штаб, абслугоўваючы персанал, балельшчыкі. Перадусім, Касцёл займаецца выхаваннем праз спорт маладых людзей. Душпастыр супольнасці – кс. Артур Малафей.
З 2005 года ў Слоніме праходзіць турнір па футболе імя св. Яна Паўла ІІ. З 2013 года ён набыў статус нацыянальнага. На мерапрыемстве ў якасці гасцей часта прысутнічаюць зоркі беларускага футбола. З 2008 года ў Гродне праводзіцца Дыяцэзіяльная парафіяда дзяцей і моладзі (па прыкладзе міжнароднай). На працягу 4-ох дзён хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 11–19 гадоў спаборнічаюць у рамках старажытнагрэчаскай трыяды “Святыня – Тэатр – Стадыён”. Праект мае на ўвазе ўсебаковае развіццё, якое ўключае духоўнасць, фізіялогію і інтэлект. З 2013 года ў Слоніме ладзяцца “Канікулы з Богам” для спартсменаў. Маладыя людзі з розных парафій дыяцэзіі збіраюцца на тэрыторыі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. “Зборы” уключаюць св. Імшу, кароткія малітвы і трэніроўкі, на якія запрашаюцца футбалісты, плыўцы, гандбалісты. Добрым прыкладам з’яўляюцца і самі душпастыры, якія штогадова прымаюць удзел у чэмпіянаце па міні-футболе сярод святароў. На матчы збіраюцца 4 каманды: па адной з кожнай дыяцэзіі.
Мерапрыемствы, што арганізоўваюцца пад эгідай Касцёла, праходзяць у духу Евангелля. На кожным спаборніцтве прысутнічае святар, адпраўляецца св. Імша. Правіла №1 – культура слова і паводзін на пляцоўцы. У адваротным выпадку – пакаранне ажно да чырвонай карткі.
Касцёл паказвае магчымасць праслаўлення Бога ў целе. Звяртае ўвагу на тое, як важна клапаціцца аб фізічным здароўі, раскрываючы праз спорт праўду жыцця.
Кантакты
(8 029) 319-54-65
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
кс. Артур Малафей, адказны за душпастырства спорту і фізічнага выхавання Гродзенскай дыяцэзіі