17 чэрвеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.
З гэтай нагоды іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, падчас якой дзякаваў усім, каго Пан Бог паставіў на яго жыццёвым шляху.
У Імшы падзякі за сярэбраны юбілей Генеральнага вікарыя дыяцэзіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
З прычыны складанай сітуацыі ў свеце і нашай краіне, выкліканай пандэміяй, у Эўхарыстыі ўдзельнічалі толькі нешматлікія святары і сёстры законныя, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, і свецкія вернікі. Шмат людзей у гэты дзень далучылася да малітвы духоўна, а таксама дзякуючы анлайн-трансляцыі.
Усіх прысутных прывітаў пастыр дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Як падкрэсліў ён, удзел у Эўхарыстычнай Ахвяры Езуса Хрыста “злучае нашы думкі і сэрцы ў вялікай супольнай малітве праслаўлення за дар 25-годдзя святарства нашага дарагога юбіляра, Яго Эксцэленцыі біскупа Юзафа”.
Біскуп Кашкевіч дадаў, што ў гэты дзень мы вяртаемся думкамі да памятнай суботы 17 чэрвеня 1995 г., калі ў катэдральным касцёле, цалкам напоўненым вернікамі, двое дыяканаў, першыя выпускнікі Вышэйшай духоўнайй семінарыі ў Гродне, Юзаф Станеўскі і Юзаф Ганьчыц, прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне.
Звяртаючыся да юбіляра, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі пажадаў, каб добры Бог працягваў шчодра благаслаўляць і няспынна ўмацоўваць яго сваімі дарамі ў верным служэнні Касцёлу.
“Няхай радасць Евангелля, якое нястомна абвяшчаеш сваім словам і прыкладам жыцця, трапляе на жыццядайную, ураджайную глебу чалавечых сэрцаў”, – сказаў іерарх.
Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падкрэсліў, што інакш планаваў свой сярэбраны юбілей святарства. Ён хацеў бы ў гэты дзень быць акружаным шматлікімі дарагімі яму людзьмі з нашай краіны і замежжа, якіх сустрэў за ўсе гады святарскага служэння. Аднак, як заўважыў іерарх, усе гэтыя планы былі зменены з-за эпідэміі, якая абрынулася на свет, не выключыўшы і Беларусі.
“Пан захацеў інакш, каб я не налічваў шмат такіх людзей, але каб цаніў кожнага. Каб не аглядваўся за букетамі кветак і прыгожымі пакункамі падарункаў, а засяродзіўся на белай гостыі і келіху, найпрыгажэйшым дары, які чалавек можа атрымаць ад Бога”, – дадаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што гісторыя кожнага святарскага паклікання – гэта непаўторная гісторыя кожнага дыялогу чалавека з Богам, паміж любоўю Бога, якая кліча, і свабодай чалавека, які з любоўю Яму адказвае.
“Пакліканне – дар Божай ласкі, а не права, якое належыць чалавеку. Таму нельга разумець святарства як звычайнае чалавечае адрозненне”, – патлумачыў біскуп, падкрэсліўшы, што кожны з пакліканых павінен ужо на самым пачатку напоўніць сваё сэрца здзіўленнем і ўзрушанасцю, удзячнасцю і даверам, а таксама надзеяй.
На заканчэнне Імшы ў адрас шаноўнага юбіляра прагучалі віншаванні і добрыя словы. Першымі да яго звярнуліся самыя малодшыя – дзеці і моладзь, якія звярнуліся да яго ад імя ўсёй супольнасці Касцёла на Гродзеншчыне. Як звычайна, яны зрабілі гэта арыгінальным чынам, уручыўшы іерарху прыгожы букет і кошык з тым, што назвалі “антывірусным наборам”.
Затым да юбіляра звярнуліся навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне, якія пажадалі яму далейшага прыгожага служэння на ніве Пана.
Біскуп Юрый Касабуцкі прачытаў ліст, які скіраваў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У лісце арцыбіскуп выказвае сардэчныя віншаванні і адзначае, што 30 гадоў таму менавіта ён прыняў сённяшняга біскупа Станеўскага ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
“Сёння ганаруся тым, што выпускнік таго ўжо далёкага першага набору з’яўляецца не толькі вядомым святаром, але і папулярным сярод вернікаў, у тым ліку і моладзі, біскупам, – піша іерарх. – Няхай добры Бог праз заступніцтва Марыі – Маці святароў – і далей адорвае Вас патрэбнымі для далейшага паспяховага служэння дарамі і ласкамі, каб у імя дэвізу Вашага біскупскага служэння “Evangelium gaudii” Вы з радасцю абвяшчалі вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), з якога нараджаецца патрэбная для збаўлення вера (пар. Мк 16, 15)”.
Віншаванні ад Рады Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця прамовіў яе старшыня кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Беларусі, святар запэўніў юбіляра ў далейшай малітоўнай памяці.
Біскуп Юзаф Станеўскі выказаў усім удзячнасць за памяць і дар малітвы, атрыманыя ў гэты дзень з розных бакоў нашай краіны.
Прэзбітэрскае пасвячэнне сённяшні іерарх прыняў 17 чэрвеня 1995 года ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Разам з ім пасвячэнне прыняў сённяшні пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе кс. канонік Юзаф Ганьчыц.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч