17 снежня ў гродзенскі катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
Урачыста прывітаў гэты незвычайны знак біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сёлетняя акцыя дзялення агнём, які да нас даходзіць з пячоры ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме ў Палестыне, адбываецца пад дэвізам “Святло служэння”.
Біскуп падкрэсліў, што ў гэты цяжкі час, калі ўвесь свет закрануты пандэміяй каранавірусу, a шмат нашых блізкіх перажываюць цярпенні і пачуццё няўпэўненасці, да нас у чарговы раз прыходзіць маленькае Полымя надзеі.
“Таму сёлета разам з гэтым святлом мы хочам занесці цеплыню Езусавага полымя ў нашы дамы, касцёлы, капліцы, на месцы нашай працы, каб яно асвятляла закуткі памяшканняў, у якіх мы жывём, молімся і працуем, але найперш у чалавечыя сэрцы, гатовыя да прыняцця Езуса і Яго любові”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што сёння, як ніколі, нашым братам і сёстрам патрэбна наша cлужэнне, знакам якога з’яўляецца Бэтлеемскае святло міру, наша блізкасць, адвага і сведчанне.
“Несучы Святло з Бэтлеема ў гэтым годзе, дапаможам сабе і іншым перамагчы пачуццё няўпэўненасці, а таксама прычыны страху, які робіць людзей закрытымі. Няхай гэтае маленькае полымя, знак, што “Пан блізка”, запоўніць час чакання нараджэння Бога, які вылечыць, абновіць і ўмацуе чалавецтва, якое прагне сапраўднага збаўлення”, – сказаў біскуп.
Іерарх падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Словы ўдзячнасці ён выказаў харцэрам, якія прынеслі агонь у Гродна як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння. Менавіта дзякуючы іх удзелу перадача Бэтлеемскага агню стала пастаянным элементам калядных традыцый у горадзе над Нёманам.
Іерарх падзякаваў таксама скаўтам, якія занясуць гэты агонь у іншыя парафіяльныя супольнасці нашай краіны.
“Вы сімвалічным чынам будзеце вестунамі блізкіх святаў Божага Нараджэння. Няхай гэтае ганаровае заданне яшчэ больш мабілізуе вас штодзённа крочыць за Езусам і даваць пра Яго сведчанне словам і ўчынкам”, – сказаў біскуп.
Потым скаўты перададуць агонь у іншыя месцы нашай краіны. Дзякуючы гэтаму ён будзе даваць моц не толькі ім самім, але і ўсім, да каго яны яго занясуць.
А занесены ён будзе да ўсіх хрысціян, якія ў найбліжэйшыя дні будуць перажываць святы Божага Нараджэння. Ён будзе занесены ў шпіталі, хоспісы, да састарэлых, самотных і пакінутых. Разам з гэтым агнём да іх занясуць надзею і моц.
Акцыя Бэтлеемскага агню міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г. Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема. У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Менавіта ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая