Тытул касцёла: свсв. апап. Пятра і Паўла
Св. Імша: у нядзелі і святы ў 09.00, 17.30, у звычайныя дні ў 17.30
Адпусты: 15 кастрычніка, 29 чэрвеня
Адрас: Гродзенская вобл., Ашмянскі р-н., в. Баруны
Тэл.: (8 01593) 3-33-47, (8 01593) 3-33-63
Выява Маці Божай Барунскай нароўні з Тракельскай і Жыровіцкай адносілася да найбольш вядомых у Вялікім княстве Літоўскім. Першае ўпамінанне аб абразе сведчыць аб тым, што ён знаходзіўся ва ўласнасці а. Ёзафата Бражыца OSBM – праведнага і клапатлівага місіянера. Прадчуваючы блізкую смерць, святар перадаў яго сваяку Мікалаю Песляку. Прасіў шанаваць абраз, але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню.
У часе цяжкай хваробы мужчыне аб’явілася Прыгожая Панна, якая сказала: “Чаму не дбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад вернага слугі Бражыца? Прагну, каб людзі, якія просяць дапамогі ў Сына, атрымалі яе пры Маім абразе”. Песляк адкрыў скрыню і дастаў адтуль абраз. Калісьці прыгожы, ён быў занядбаны, выцвілы. Мужчыну апанавала невыносная роспач. Доўга маліўся, пакуль яго не ахапіла натхненне пабудаваць капліцу. У чарговым аб’яўленні Маці Божая паказала вернаму месца, дзе павінна быць ўзведзена святыня. Неўзабаве там быў усталяваны крыж, а на ім – абраз.
З першых дзён Найсвяцейшая Маці ўдзяляла людзям шматлікія ласкі, акружаючы іх сваёй нястомнай апекай. Убачыўшы, што прадказанне спраўджваецца, Песляк вырашыў пабудаваць на гэтым месцы драўляны касцёл. У 1692 годзе ужо быў закладзены фундамент. Хутка абраз урачыста ўнеслі ў святыню.
Весткі аб цудах, атрыманых перад Барунскім абліччам Маці Божай, распаўсюджваліся на ўсе бакі свету. Толькі да 1712 года брэсцкім біскупам, уніяцкім мітрапалітам кс. Леонам Кішкам было зафіксавана 460 надзвычайных ласк, атрыманых перад абразом. Сярод іх – выратаванне жыцця, вызваленне ад дрэнных звычак, навяртанне з грахоў, аздараўленне канаючых і нават уваскрашэнне памерлых. Панна з абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.
У 1693 годзе ў Баруны прыязджае грэка-каталіцкі мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі. Пасля дакладанага разгляду даследаванняў аб аб’яўленнях, цудах, аздараўленнях, ён выдаў дакумент, які зацвярджаў прызнанне абраза Маці Божай Барунскай Цудоўным, а ўсе цуды, атрыманыя перад ім, – праўдзівымі. Мітрапаліт накіраваў у Баруны трох айцоў базылянаў з кляштара ў Вільні. У
1695 годзе на ахвяраванні верных жыхароў мястэчка распачынаецца будаўніцтва мураванага касцёла. З-за небяспечнай сітуацыі ў дзяржаве кс. Леон Кішка аддае абраз пад апеку літоўскім войскам на чале з гетманам Міхалам Вішнявецкім, вялікім князем літоўскім.
У 1709 годзе, пасля некалькіх гадоў прабывання абраза ў ваенным лагеры, Аблічча Маці вяртаецца ў Баруны. У 1715 годзе біскуп Леон Кішка кансэкраваў новапабудаваны касцёл, які атрымаў тытул Апекі Маці Божай. Пазней святыня была зачынена і перададзена ў праваслаўнае ведамства, але праз пэўны час вернута каталікам. Цяперашні тытул свсв. апап. Пятра і Паўла касцёл атрымаў у 1923 годзе.
У 1788–1808 гг. быў пабудаваны мураваны кляштар. Прадбачыўшы ў сувязі з палітычнай сітуацыяй яго скасаванне (якое адбылося ў 1839 годзе), айцы базыляне перадалі абраз сям’і Важынскіх, уладальнікам Алян. У касцёле змясцілі яго дакладную копію. Абраз вярнуўся ў Баруны толькі ў 1922 годзе.
У 1990 годзе адбылася ўрачыстасць 300-годдзя культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. У ёй прымаў удзел біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікае духавенства і натоўпы вернікаў з блізкіх і аддаленных ваколіц.
Па просьбе пробашча парафіі кс. Луцыяна Дамброўскага SDB дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ад 2002 года напярэдадні свята Маці Божай Барунскай (13–15 кастрычніка) у парафіі ўстаноўлена 40-гадзіннае набажэнства. Святыня ўзведзена да годнасці санктуарыя.
Малітва да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных
Усемагутны Божа, які валадарыш над усім стварэннем,
Літасцівы Творца ўсяго, што мае зрок і не мае,
Ты, у Каго няма ні пачатку ні канца,
Ты адзін - найлепшы Айцец для ўсяго і адзіны пачатак існавання.
У Тваёй моцы пакласці канец нашаму зямному жыццю і даць пачатак жыццю вечнаму.
Перад Табой, мой вечны Пане, падаю ніц.
Вось я, убогі жабрак, які нічога не мае. У Табе адным мая надзея,
Ты - мая сіла і моц. Па загадзе Найсвяцейшай Маці Тваёй будую ўбогі касцёл.
Дай мне, мой Божа, Праз заступніцтва Тваёй Маці Сілу і дапамогу.
Учыні, добры Пане, каб кожны чалавек, які просіць дапамогі, атрымаў яе.
Няхай тут, у Барунах, Твае верныя перад цудатворным абразам наймілейшай Маці і праз Яе заступніцтва атрымаюць патрэбную ім ласку:
Сумныя - суцяшэнне, хворыя - здароўе,
Засмучаныя - паратунак, памерлыя - вечны адпачынак,
А жывыя - Айцоўскае Тваё благаслаўленне.
Будзь ласкавы, Збаўца свету,
Паказаць магутнасць Тваю тым, хто мне ў служэнні Нябеснай Пані Стараецца перашкодзіць.
Няхай праз недахоп веры будуць яны асаромлены.
Будзь, о Найласкавейшая Маці Божая, Заступніцай гэтай мясцовасці, Якую Ты сама сабе выбрала,
Кіруй усім паводле сваёй святой волі.
А я, нікчэмны Твой падданы, калі не змагу выканаць Твае пажаданні
I пабудаваць святыню, як абяцаў,
Тады тут, перад святой Тваёй выявай,
Буду маліць аб дапамозе Ва ўсе дні жыцця майго.
Табе і Твайму Сыну ў гэтым бары буду служыць.
Табе і Богу Майму няхай будзе вечная пашана і хвала
На векі вечныя. Амэн