Skip to main content

Гродзенская дыяцэзія - Гродзенская дыяцэзія

Імшой, якую цэлебраваў арцыбіскуп Кандрусевіч, завяршылася сустрэча моладзі ў Тракелях

kondrusewicz ddm 220-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся чарговыя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзііпад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (пар. Лк 1, 39). У іх межах заключную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў радасць сустрэчы з моладдзю, якая, па словах св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. Арцыбіскуп дадаў, што, каб быць такой, яна павінна будаваць сваю будучыню на евангельскіх каштоўнасцях, па прыкладу Марыі згаджацца з Божай воляй і несці іншым Добрую вестку Евангелля.

У гаміліі, зыходзячы з евангельскага аповеду аб наведванні Марыяй Альжбеты, арцыбіскуп засяродзіў увагу на Марыі як слузе Бога і бліжняга. Згадзіўшыся з Божай прапановай быць Маці Збаўцы, Марыя паспяшыла ў дом Альжбеты, каб дапамагчы ёй. Гэта была сустрэча не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але таксама яшчэ не народжаных Езуса і Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля, выбаўленага ад першароднага граху.

kondrusewicz ddm 1

Па словах арцыбіскупа, аповед пра звеставанне і адведзіны Марыяй Альжбеты ставіць перад сучасным чалавекам шмат пытанняў.

“Каму сёння давярае чалавек? Богу ці самому сабе, развіццю навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры, эканомікі, дыпламатыі, войску і гэтак далей? На вялікі жаль, яны становяцца яго ідаламі і ён сам усё часцей жыве так, як быццам Бога няма. Але Бог не памёр і не пайшоў на пенсію. Ён быў, ёсць і будзе. Дзейнічаў, дзейнічае і будзе дзейнічаць.

Таму, адмаўляючыся ад Бога, недапушчальна другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі, як гэта было не раз у гісторыі чалавецтва. Недапушчальна адварочвацца ад Яго і звяртацца да злога духа, што праяўляецца ў непамерным імкненні да матэрыяльных каштоўнасцяў, улады, амаральных задавальненняў; разбурэнні створанага Богам інстытуту сям’і; злачынстве супраць Божага дару жыцця; непашане да годнасці чалавека як Божага стварэння”, – на гэта звярнуў увагу іерарх.

kondrusewicz ddm 3

Езус кажа, як нагадаў арцыбіскуп, што прыйшоў кінуць агонь на зямлю і даць зямлі не супакой, а раздзяленне. Гаворка ідзе пра агонь веры, які загарэўся ў душы падчас хросту і ўмацаваўся падчас канфірмацыі, патлумачыў іерарх.

Ён адзначыў, што шмат людзей не ведае Хрыста або забыліся пра Яго, і задача моладзі – несці Хрыста ў секулярны свет. Іерарх заклікаў “не быць маладымі пенсіянерамі”, “не зацыклівацца толькі на чатах паміж сабой”, несці Евангелле сваім аднагодкам і ўсяму свету, выкарыстоўваючы медыйны патэнцыял.

“Езус уносіць падзел у свет, бо абвяшчае заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Прычына падзелу ў тым, што адны яго слухаюць, а іншыя – не. Хрысціянства не будзе здаровым, пакуль у ім не будзе месца для прароцкага супрацьстаяння злоўжыванням у нашым жыцці, – адзначыў арцыбіскуп. – Наш абавязак па прыкладзе Хрыста – прамаўляць і дзейнічаць з прароцкай адвагай, нават калі гэта вядзе да падзелу. На самой справе падзел з’яўляецца благаслаўленнем, бо схіляе да рахунку сумлення з мэтай пераходу нашага жыцця на рэйкі Евангелля”.

kondrusewicz ddm 4

Прыкладам іерарх назваў Марыю, дадаўшы, што праз наведванне Ёю Альжбеты рэалізуецца Яе пакліканне ісці новай дарогай, па якой вядзе Бог. Усё ў Яе жыцці “з’яўляецца такой паспешнасцю, якая вынікае з усведамлення, што Бог на першым месцы”.

У канцы гаміліі арцыбіскуп запрасіў да алтара маладых людзей рознага ўзросту і прапанаваў ім памяняцца абуткам і прайсціся. Гэта было складанае выпрабаванне, не ўсе маглі ісці ў чужым абутку, які не падыходзіў па памерах.

Зыходзячы з гэтага, іерарх заклікаў моладзь не паддавацца прапановам шчасця без Бога, “не змяняць абутку сваёй хрысціянскай веры”, заставацца вернымі ёй, каб быць апосталамі нашага часу, прыкладам свайго жыцця падтрымліваць агонь веры ў грамадстве, не баяцца, што свет не прымае праўды Евангелля, “бо толькі яна робіць свабоднымі і здольнымі будаваць новую шчаслівую рэчаіснасць”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі на заканчэнне падзякаваў усім арганізатарам гэтай сустрэчы на чале з душпастырам моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоніем Грэмзам.

Кусташ выказаў радасць ад таго, што Дні моладзі праходзяць ля ног Каралевы сем’яў у Тракелях, а таксама заахвоціў наведваць гэтае асаблівае месца на працягу года.

kondrusewicz ddm 6

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Дыяцэзіяльная сустрэча членаў апостальскага руху “Маргарытка” пройшла ў Тракелях

margaretki 7913 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Яны штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.

На сустрэчы сабралося каля 300 чалавек з розных месцаў дыяцэзіі. Прысутнічалі былы мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Сарэла і цяперашні мадэратар кс. Ян Раманоўскі.

У межах сустрэчы прысутныя выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў пробашч лідскай парафіі святога Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка кс. Віталій Сідорка.

margaretki 52

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі членаў малітоўнай групы руху “Маргарытка” ў дыяцэзіі.

Ксёндз Ян Раманоўскі ў гаміліі казаў, што кожны чалавек, незалежна ад узросту, – заўсёды дзіця нябеснай Маці, якая клапатліва прымае кожнага.

margaretki 63

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп ад уласнага імя і ад імя ўсяго духавенства дыяцэзіі выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальства “Маргарытка”. Ён падзякаваў за малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, бо кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства – звычайны, слабы чалавек, поўны крохкасці, абмежаванасці і недасканаласці.

Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Велапілігрымы сустрэліся ў Тракелях

welo 1814 жніўня пілігрымы на роварах з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі сустрэліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).

У гэты дзень прыбылі арганізаваныя групы з Ліды, Воранава, Іўя, а таксама іншых месцаў.

У санктуарыі іх прывітаў кусташ кс. канонік Юрый Бяганскі, які ўзначаліў для іх Імшу, ахапіўшы малітвамі ўсіх, хто прыбывае ў гэтае святое месца.

welo 2

Акрамя Эўхарыстыі, для ўдзельнікаў сустрэчы была падрыхтавана багатая праграма. Між іншым адбыўся конкурс “Лепшы велапілігрым 2022”, a таксама быў прадугледжаны адпачынак у Марыйным садзе.

У санктуарыі пілігрымы мелі магчымасць даручыць усе свае інтэнцыі Маці Божай.

Як адзначыў кусташ, звяртаючыся да прысутных, велапілігрымка – гэта не спартыўнае мерапрыемства ці тэст на трываласць, а своеасаблівая форма сустрэчы з самім сабой, іншым чалавекам і Богам. Таму ён пажадаў усім, каб у гэтым месцы кожны сапраўды мог сустрэць Пана і запрасіць Яго ў сваё жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

„Будзьце місіянерамі міру”: Апостальскі нунцый узначаліў цэлебрацыю Імшы ў гродзенскай катэдры

nuncij 4326 чэрвеня Гродна наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя.

На Эўхарыстыі сабралося духавенства, асобы кансэкраванага жыцця і шматлікія вернікі парафій горада.

Пасля ўрачыстага ўваходу ў святыню, маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, Апостальскага нунцыя прывіталі наймалодшыя вернікі, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што прысутнасць прадстаўніка Папы Францішка ў катэдры з’яўляецца бачным знакам духоўнай блізкасці з Пантыфікам, яго айцоўскай любові і клопату пра мясцовы Касцёл.

nuncij 46

Затым арцыбіскуп Ёзіч упершыню ўзначаліў Імшу ў старадаўняй гродзенскай катэдры, цэлебруючы яе ў інтэнцыях усіх прысутных, аб новых пакліканнях, за святароў, моладзь, пажылых людзей і ўсіх вернікаў дыяцэзіі.

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх адзначыў у гаміліі, што „Бог запрашае нас і пасылае служыць іншым дзеля іх збаўлення”, і „калі Бог запрашае, наш адказ не можа быць адкладзены, таму што гэта прароцкая місія”.

nuncij 61

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што цэнтральнай тэмай Божага слова ў гэтую нядзелю з’яўляецца пакліканне: гаворка ідзе „аб асноўным пакліканні, якое рэалізуецца сярод хрысціянаў у Касцёле".

„У Касцёле мы пакліканы не быць там пасіўна, але выконваць у ім сваё асабістае і супольнае пакліканне, – дадаў іерарх. – Па сутнасці, мы пакліканы да святасці: хрысціяне святыя па пакліканні”.

„Дзякуючы Марыі, ваш народ багаты пакліканнем і традыцыямі, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Плёнам вашай веры з’яўляецца таксама гэты цудоўны касцёл, пабудаваны ў стылі барока трыста пяцьдзясят гадоў таму і прысвечаны святому Францішку Ксаверыю, іспанскаму езуіту і місіянеру, пачынальніку распаўсюджвання хрысціянства ў Азіі”.

Нунцый нагадаў словы Папы Францішка з паслання на сёлетні Сусветны дзень місій, што „Езус пасылае вучняў у свет не толькі для таго, каб выконваць місію, але таксама і перадусім для таго, каб жыць даручанай ім місіяй”, а сутнасць місіі „заключаецца ў сведчанні аб Хрысце, Яго жыцці, муках, смерці і ўваскрасенні з любові да Айца і чалавецтва”.

nuncij 66

Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў зноў адкрыць для сябе скарбы сваёй місійнай дзейнасці, „адважна працягваць яе, кожны на сваім месцы ў жыцці, і дазволіць Богу прамаўляць праз нашыя целы і нашыя вусны”.

„Наша сапраўдная евангельская місія нават у гэтыя цяжкія часы – часы канфліктаў, войнаў і вялікай варожасці ў блізкім нам свеце, – безумоўна, прынясе новыя духоўныя пакліканні і абвесціць новых прарокаў дваццаць першага стагоддзя. Мы павінны быць місіянерамі міру!” – дадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі выказаў удзячнасць нунцыю за прыбыццё ў Гродна і цэлебрацыю літургіі. У знак удзячнасці ад вернікаў гэтай парафіі ён перадаў у дар арцыбіскупу копію абраза Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай. Арыгінал абраза ўшаноўваецца ў гродзенскай катэдры.

nuncij 71

На развітанне прадстаўнік Папы заклікаў усіх прысутных і тых, хто духоўна далучыўся да малітвы праз сродкі масавай камунікацыі, заставацца вернымі хрысціянскім традыцыям, якія дапамаглі ім захаваць веру ў Хрыста.

„Будзьце заўсёды добрымі місіянерамі ў сваіх добрых учынках! Будзьце місіянерамі міру!” – падсумаваў іерарх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Біскуп Гродзенскі ў Вялікую пятніцу: Езус аказвае нам любоў звыш меры

wielka piatnica 3515 красавіка, у Вялікую пятніцу, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне набажэнства Мукі Пана.

Набажэнства складалася з літургіі слова, адарацыі Крыжа, святой Камуніі, а таксама перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гроб Пана.

На пачатку ў цішыні біскуп лёг крыжам на падлогу перад алтаром, што сімвалізуе ахвяру Хрыста. Вернікі ў гэты час дзякавалі за дар адкуплення, за тое, што Бог ніколі не пакідае і жадае збаўлення ўсіх, і за ласку прабывання з Езусам, пачатак якой паклаў у іх святы хрост.

Таксама прагучала апісанне Мукі Пана, перададзенае святым Янам, які сведчыць пра тое, што бачыў на Галгоце. Для яго Укрыжаваны з’яўляецца Валадаром, вечным Сынам Божым, Святлом, якое асвятляе кожнага. Ян Евангеліст быццам адкрыў Божае Сэрца, якое хоча не судзіць людзей, а збавіць.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ключом для разумення таямніцы крыжа з’яўляецца любоў. “Пан Езус прымае на сябе дабравольна муку і крыжовую смерць, бо любіць нас бясконцай, боскай любоўю”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што наш Збаўца не адмервае сваёй любові і не вылічвае, колькі дакладна яе патрэбна для збаўлення, а аказвае яе людзям звыш меры, шчодра, таму не вагаецца прынесці ў ахвяру самога сябе.

wielka piatnica 31

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што людзі атрымліваюць апраўданне і адпушчэнне грахоў цалкам дарма, пра што ніколі нельга забываць.

Усе прысутныя ў святыні, укленчыўшы, ушанавалі Крыж, што было цэнтральнай часткай набажэнства Вялікай пятніцы, а затым прынялі святую Камунію.

На заканчэнне набажэнства Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана. Да пачатку літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі будуць адараваць Хрыста, разважаючы пра Яго муку.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Яўген Занеўскі

 

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў гродзенскай катэдры

katedra wiaczera 5414 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Гэтая Імша распачынае ў Каталіцкім Касцёле Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста.

У гэтыя дні здзейснілася вялікая таямніца Пасхі Хрыста – Яго пераход з зямнога жыцця праз брамы мукі і смерці да жыцця ў хвале ўваскрасення. Дні Пасхальнага Трыдууму ўтвараюць адзінае цэлае, з’яўляюцца як быццам адным трохдзённым святам, вялікім святкаваннем нашага адкуплення.

Вернікі сабраліся на Імшы, каб дзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. Таму на яе пачатку дзеці і моладзь выказалі віншаванні біскупу і святарам, якія служаць у катэдральнай парафіі, пажадаўшы ім цешыцца сваім святарствам і з руплівасцю і вялікай адданасцю ажыццяўляць сваё пакліканне.

katedra wiaczera 44

Біскуп Кашкевіч на пачатку Імшы заахвоціў усіх прысутных падзякаваць Езусу за сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, праз якія аб’явілася Яго велізарная любоў да чалавека і свету.

“Дзякуем за дар гэтай любові, бо Езус застаўся з намі ва ўсіх табэрнакулюмах усяго свету, да канца, бо да канца нас палюбіў”, – дадаў іерарх.

Таксама пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў вернікам за малітву ў інтэнцыі святароў, якая дапамагае кожнаму з іх быць моцным у веры і выконваць сваю місію, атрыманую ў момант прыняцця пасвячэння.

У гаміліі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч казаў пра значэнне Эўхарыстыі ў жыцці чалавека. Ён адзначыў, што Пан Езус застаецца з намі, каб парадаваць нас сваёй бясконцай боскай любоўю.

“Заўсёды, калі прыходзім да Яго са збалелым сэрцам, за смуткам у душы, разгубленасцю ці трывогай, будзем памятаць, што ў табэрнакулюме Сэрца Езуса б’ецца любоўю да нас”, – сказаў святар.

Пасля прыняцця святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў цямніцу, якая з’яўляецца сімвалам вязніцы, куды быў заключаны Езус у ноч перад Мукай.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Яўген Занеўскі

 

Біскуп Кашкевіч у ноч Божага Нараджэння: Езус Хрыстус просіць аб нашай любові

kaszkewicz pasterka 61У ноч Божага Нараджэння святую Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі.

На Эўхарыстыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і Евангелічна-Лютэранскай Царквы. Каб перажыць хвіліны прыйсця ў свет Пана, у святыні сабраліся вернікі парафіі i жыхары горада, з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што Пан Езус хоча да нас прыходзіць, хоча застацца сярод нас, даваць нам сябе і вучыць нас дзяліцца сабою з бліжнімі.

“Пан Езус нараджаецца для нас і ў нас. Бог нябачны і бясконцы становіцца Дзіцяткам, дазваляе Яго ўбачыць, дакрануцца да Яго, загарнуць у пялюшкі і пакласці ў яслі, каб мы зноў мелі адвагу паверыць любові і жыць любоўю для іншых”, – сказаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Сын Божы стаў Дзіцяткам, бо жадае чалавечай любові. “Ён просіць аб нашай любові. Жадае абудзіць у нас гэтае найпрыгажэйшае пачуццё, гэты найцудоўнейшы Божы дар”, – адзначыў біскуп.

kaszkewicz pasterka 43

Іерарх дадаў, што, на жаль, ёсць людзі, чые сэрцы закрытыя на гэтую Божую любоў, але прысутнасць вялікай колькасці вернікаў у святыні – доказ таго, што яны хочуць прыняць Езуса, паверыць у Яго любоў, хочуць дзяліцца ёю з бліжнімі.

“Жадаем, каб сэрца кожнага з нас стала Бэтлеемам – “Домам хлеба”, домам, адчыненым для бліжняга, домам, поўным любові, дабрыні і спачування. Хоць нашы сэрцы недасканалыя, хоць часам яны нагадваюць бэтлеемскую стаенку, бо ў іх беспарадак, грахі і занядбанні, як ва ўсіх людзей, – верым, што Пан Езус імі не пагардзіць, што ўвойдзе і застанецца ў іх, што пераменіць іх сваёй бясконцай любоўю і ўсемагутнай ласкай”, – сказаў біскуп.

Ён падкрэсліў, што гэтая моц выведзе кожнага з цемры эгаізму, нянавісці, зайздрасці, абыякавасці, пыхі і навучыць жыць у святле, гэта значыць у любові, прабачэнні, разуменні, спачуванні, служэнні, дапамозе, дабрыні і павазе да іншага чалавека.

“Гэтая боская моц дапаможа нам зразумець, які вялікі, цудоўны, прыгожы і дарагі ў Божых вачах кожны чалавек. Гэтая моц, якую дасць нам Езус Хрыстус, учыніць і нас вялікімі, бо навучыць пераймаць, хаця б нават слаба і няўмела, любоў і дабрыню нашага Створцы”, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

kaszkewicz pasterka 76

Біскуп заахвоціў усіх прысутных сустрэць Пана Езуса найперш у сваіх сэрцах – Бога прыніжанага, пакорнага, народжанага ў стайні, пакладзенага ў яслі.

“Жадаем схіліць перад Табою не толькі нашы калені, але і ганарыстыя розумы, і гордыя чолы, і напышлівыя сэрцы. Хочам дазволіць, каб вера вяла нас да Езуса, каб дапамагла нам убачыць у Немаўляці праўдзівага Бога, які з любові да нас стаўся праўдзівым чалавекам”, – сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што калі Яго сёння сустрэнем, станем падобныя да пастухоў і вернемся дадому духоўна перамененыя, азораныя, шчаслівыя, праслаўляючы Бога за ўсё, што бачылі і чулі.

На заканчэнне літургіі іерарх сардэчна пажадаў вернікам вясёлых і спакойных святаў Божага Нараджэння ў іх доме, сярод самых блізкіх.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пасяджэнне Калегіі кансультантаў і Святарскай рады прайшло ў Гродне

kalegia 17 снежня ў Гродзенскай курыі адбылося пасяджэнне Калегіі кансультантаў і Святарскай рады, падчас якога былі разгледжаны надзённыя пытанні жыцця мясцовага Касцёла.

Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На плённы ход пасяджэння ўдзяліў благаслаўленне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Між іншым на сустрэчы прысутным распавёў пра дзейнасць і планы на будучыню Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” яе дырэктар кс. Раман Рачко.

kalegia 8

Таксама на пасяджэнні быў зачытаны дэкрэт аб прызначэннігенеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, якім стаў кс. канонік Аляксандр Мацкевіч

У ходзе сустрэчы быў абмеркаваны шэраг розных спраў, а таксама ініцыятывы ажыўлення душпастырства на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Пратакол пасяджэння будзе разасланы для азнаямлення ксяндзам дэканам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Кашкевіч у адпустовую ўрачыстасць у катэдры: святы Францішак Ксаверый – узор для ўсіх хрысціян

adpust katedra 73 снежня ў катэдры ў Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар галоўнага апекуна гэтага касцёла – св. Францішка Ксаверыя.

Адпустовую Імшу ў катэдральнай святыні, маці ўсіх касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На малітве сабраліся святары, а таксама жыхары Гродна, каб праз заступніцтва апекуна катэдры прадставіць свае інтэнцыі Пану Богу.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што святога Францішка да сённяшняга дня часта называюць другім пасля апостала Паўла вестуном Евангелля, і ў гэтым шмат праўды, бо лічыцца, што гэты вялікі місіянер ахрысціў каля 20 тысяч чалавек.

“Незвычайна глыбокая вера святога Францішка Ксаверыя, яго руплівасць, працавітасць, вялікая адвага і ахвярнасць з’яўляюцца пазачасавым, заўсёды актуальным узорам для наследавання не толькі для місіянераў, але і для ўсіх хрысціян”, – дадаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што кожны ахрышчаны чалавек як вызнаўца Езуса Хрыста пакліканы даваць сведчанне веры і дзяліцца ёю з тымі, да каго пасылае яго Бог.

adpust katedra 6

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Пан аказаў святому Францішку Ксаверыю вялікую ласку, даў яму спазнаць сваю бясконцую боскую любоў, дазволіў адкрыць, які вялікі скарб дар збаўлення, які Хрыстус дае кожнаму чалавеку.

“Жыццё святога місіянера было адказам на дар Божай любові. Гэтую любоў Францішак Ксаверый не мог захаваць для сябе, а хацеў, каб яе адкрыў і спазнаў увесь свет. Няхай гэтае жаданне адкрываць Божую любоў і дзяліцца ёю з бліжнімі ажыўляе кожнага і кожную з нас”, – сказаў іерарх.

На Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч маліўся да Добрага Бога з просьбай аб тым, каб святы Францішак Ксаверый выпрасіў для ўсіх вернікаў дыяцэзіі ласку быць сведкамі любові Пана ў сваіх сем’ях, у месцах вучобы і працы, у супольнасці Касцёла і грамадстве.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і ўдзел у сёлетняй адпустовай урачыстасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Андрэй Юхнік

 

У касцёле ў Карэлічах біскуп Касабуцкі благаславіў абраз святой Ружы — апякункі кветкаводаў

2021 11 29 roses 020Урачыстая інтранізацыя абраза святой Ружы Лімскай адбылася 27 лістапада ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія).

У гэтым мястэчку на Навагрудчыне нясуць служэнне святары з манаскага Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, якіх скарочана называюць «паўлінамі» ад лацінскай формы імя Павел.

Па іх запрашэнні цэлебрацыю святой Імшы з нагоды інтранізацыі абраза ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

2021 11 26 roses 012

Гэта ўжо другі на працягу месяца візіт іерарха ў карэліцкі касцёл, куды двума тыднямі раней з яго ўдзелам былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны з Навагрудка.

Разам з біскупам Эўхарыстыю цэлебравалі карэліцкія душпастыры і святары з суседніх парафій. Памаліцца праз заступніцтва паўднёваамерыканскай святой прыбылі шматлікія госці, сярод якіх было нямала кансэкраваных асоб: сёстры дамініканкі, уршулянкі, францішканкі ад церпячых і брат з супольнасці баніфратраў. Да сабраных у касцёле дзякуючы прамой трансляцыі на «Радыё Марыя» духоўна далучыліся вернікі з іншых мясцінаў.

2021 11 26 roses 005

Падчас цырымоніі інтранізацыі біскуп Касабуцкі благаславіў абраз святой Ружы, напісаны мастаком з Бярозаўкі Міхалам Савашынскім.

У прамоўленай гаміліі іерарх распавёў пра жыццё і дзейнасць святой Ружы Лімскай.

Святая Ружа Лімская была першай святой амерыканскага кантынента. Пражыла яна ўсяго 31 год (1586–1617 гг.). Нарадзілася ў Перу і падчас хросту атрымала імя Ізабэла, аднак з-за далікатнай скуры многія называлі яе Ружай.

2021 11 29 roses 021

Дзяўчына адмовілася ад прапановы выйсці замуж і рана пачала працаваць, займаючыся продажам кветак і шыццём. Ва ўзросце 20-і гадоў уступіла ў Трэці ордэн дамініканак. Шмат часу яна праводзіла ў малітве і посце, аказвала дапамогу бедным і хворым, асабліва індзейцам і нявольнікам. Ёй было дадзена зараней ведаць дзень сваёй смерці. Да шэрагу святых была далучана ў 1671 годзе.

Святая дамініканка з Лімы з’яўляецца апякункай садаводаў, кветкаводаў і дапамагае ў сем’ях, якія перажываюць крызісы.

У нашай краіне святая Ружа малавядомая. Чаму ж яе абраз вырашылі змясціць у карэліцкім касцёле?

На гэта ёсць некалькі прычын. Адна з іх — блізкасць харызмы ордэна, да якога належаць карэліцкія душпастыры, да харызмы святой Ружы. Па прыкладзе святой Кацярыны Сіенскай, яна вяла аскетычнае жыццё. Удзень працавала, а ўвечары да позняй гадзіны праводзіла час у самотнасці на малітве ў сваёй пустэльні.

Карэліцкія парафіяне з радасцю падтрымалі ініцыятыву свайго пробашча айца Юрыя Саковіча OSPРЕ, каб адзін з бакавых алтароў святыны прысвяціць святой Ружы.

У мястэчку жыве шмат кветкаводаў, якія хацелі б мець сваю нябесную апякунку, і гэта яшчэ адна з прычын з’яўлення абраза ў Карэлічах. Нарэшце, варта таксама зазначыць, што да святой Ружы звяртаюцца з просьбай аб прымірэнні ў сем’ях, а гэта актуальна паўсюль і ва ўсе часы.

Успамін святой Ружы Лімскай у Каталіцкім Касцёле адзначаецца 23 жніўня.

2021 11 26 roses 018

Вернікі, якія маюць ахвоту прыехаць у Карэлічы ў пілігрымцы да святой Ружы Лімскай, могуць звяртацца да айцоў паўлінаў па тэлефонах:

+375 (29) 282 86 76

+375 (25) 782 23 13

Паводле Catholic.by

 

Біскуп Кашкевіч асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла і крыж у Гродзенскім мікрараёне Баранавічы

baranowicze 8321 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у мікрараёне Баранавічы ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла і крыж. Каталіцкая святыня будзе пабудавана па вул. Ваўжэцкага.

На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне, вялікае жаданне якіх – мець уласную святыню, і госці, сярод якіх былі святары, сёстры законныя, прадстаўнікі праваслаўнага прыходу Аўгустоўскай іконы Божай Маці, святыня якога знаходзіцца побач, на чале са сваім настаяцелем іерэем Цімафеем Ноздрыным.

baranowicze 97

Гістарычная хвіліна

На месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл благаслаўлёнай Мар’яны, адбылася першая святая Імша ў намёце, якую ўзначаліў біскуп Кашкевіч.

Вітаючы іерарха, прадстаўнікі парафіі падкрэслілі, што для іх гэта гістарычная хвіліна, а гэты дзень упішацца ў гісторыю маладой парафіі, весці якую было даручана благаслаўлёнай Мар’яне – смелай жанчыне, мужнай хрысціянцы і гераічнай мучаніцы.

baranowicze 90

Просячы біскупа асвяціць крыж, вернікі адзначылі: “Ён будзе нагадваць нам, што з яго сыходзіць на нас, нашы дамы і сем’і, на наш горад і ўвесь свет усялякае благаслаўленне ад Бога”.

Просячы асвяціць зямлю, парафіяне сказалі: “Верым, што тут будзе пабудаваны для Езуса дом, з жаданнем, каб Ён тут затрымаўся. Хочам, каб Ён сюды ўвайшоў і тут застаўся, каб адчуваў тут сябе як дома і благаславіў нашы працы і цяжкасці”.

Даручэнне сябе Езусу

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая адзначалася ў гэты дзень у Паўсюдным Касцёле і завяршае літургічны год.

“Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара просім, каб Ён быў у нашым жыцці заўсёды на першым месцы. Няхай Яго слова і ласка робяць нас здольнымі пастаянна перамяняць жыццё, пастаянна навяртацца, пераадольваць нашы слабасці, эгаізм, абыякавасць да бліжніх. Няхай Божая любоў, праўда, справядлівасць і мір пануюць у нашых сэрцах, у сем’ях, месцах вучобы і працы”, – сказаў іерарх.

baranowicze 105

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных даручыць Хрысту Валадару таксама справу будаўніцтва святыні, якая ўжо хутка будзе ўзводзіцца.

“Ужо сёння хачу падзякаваць кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, за ваш удзел у гэтай Божай справе. Дзякую за дар малітвы і за ахвяраванні, якія робіце, за клопаты і намаганні, звязаныя з падрыхтоўкай патрэбнай дакументацыі, за ласкавую падтрымку вашага пробашча добрым словам, парадай і канкрэтнай дапамогай”, – дадаў ён.

Біскуп пажадаў, каб Хрыстус Валадар спадарожнічаў кожнаму ў жыцці асабістым і сямейным, падтрымліваў у працы ўзвядзення Божай святыні i нястомна аднаўляў сэрцы сваёй бясконцай боскай любоўю.

Першыя падарункі

Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся з вялікай верай не толькі за сваю парафіяльную супольнасць на пачатку яе шляху і за сваіх прысутных і будучых ахвярадаўцаў, але таксама ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, асабліва за краіны, закранутыя крызісам, збройнымі канфліктамі і закрытыя на дыялог, каб любоў, прабачэнне і мір перамаглі нязгоду, гнеў і нянавісць.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся кс. Антоні Абухоўскі, дэкан Сапоцкінскага дэканату, да якога належыць гэтая парафіяльная супольнасць. Святар выказаў радасць ад таго, што ў іх дэканаце ўзнікла новая парафія, і запэўніў, што па меры сваіх магчымасцяў яны будуць падтрымліваць яе.

Яскравым доказам былі першыя падарункі, перададзеныя ў гэты дзень пробашчу парафіі кс. Юрыю Марціновічу.

baranowicze 132

Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне перадала ў дар цыборый для захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ксёндз прэлат Вітольд Лазавіцкі перадаў ад парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі прыгожы драўляны крыж, які, безумоўна, вельмі спатрэбіцца.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да перадачы тэрыторыі, дзе будзе пабудавана святыня, хто дапамагаў вырашаць розныя фармальнасці, арганізаваць гэтую ўрачыстасць і ўдзельнічаў у ёй.

Запрашэнне да будаўніцтва

Звяртаючыся да сваіх парафіян, кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў, што з гэтага дня, які з’яўляецца чарговым крокам у рэалізацыі жаданняў маладой жывой парафіі, кожны з іх становіцца будаўніком.

“З гэтай гістарычнай хвіліны мы будзем пастаянна будаваць. Будаваць не толькі гэты касцёл з цэглы, але і нашу парафіяльную супольнасць. Будзем будаваць яе разам з моцнай верай, у духу пакаяння, здзяйсняючы духоўную барацьбу, праз выхаванне цнотаў і добрыя справы, мілыя Богу”, – дадаў святар.

baranowicze 130

Ён выказаў надзею, што парафіяльная супольнасць і далей будзе ўтвараць гэтае месца, у якім будзе здзяйсняцца збаўленне Езуса Хрыста, у адкрытасці сэрца, узаемнай ахвярнасці і дабрыні.

“Няхай кожная пакладзеная тут цаглінка і кожны ўбіты цвік будуць нашым выразам любові да Бога і падзякай, што нам дадзена магчымасць будаўніцтва Божага дома”, – сказаў пробашч.

Святар выказаў перакананне, што ў гэтым будаўніцтве будзе дапамагаць і спадарожнічаць апякунка парафіі благаслаўлёная Мар’яна, якая была здольная будаваць адносіны з Богам і іншым чалавекам, найперш з тым, з якім жыла пад адным дахам.

 “Няхай яна нам пастаянна нагадвае зноў, што кожны з нас з’яўляецца цаглінкай, без якой не будзе цэласцi!” – падсумаваў пробашч.

Урачыстасць завяршылася словамі наймалодшых парафіян. Дзеці з вялікім нецярпеннем ужо чакаюць узнікнення сваёй святыні, якая будзе месцам сустрэчы не толькі з Богам, а і з іншым чалавекам.

Парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне была заснавана дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2019 г.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii было падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада 2019 г. намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам.

У склад парафіі ўваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аляксандр Сяргеюк

 

Біскуп Кашкевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне выпускніку семінарыі ў Гродне

dk malyska 6513 лістапада выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Уладзіслаў Малышка прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.

Пасвячэнне ўдзяліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На Імшы сабраліся шматлікія вернікі і святары. Прыбылі вернікі парафій св. Вацлава ў Ваўкавыску, адкуль паходзіць новы дыякан, і Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, дзе ён зараз служыць. Таксама ў літургіі ўдзельнічалі студэнты семінарыі ў Гродне.

Кандыдат да пасвячэння быў прадстаўлены біскупу рэктарам семінарыі кс. Віталіем Вайцяхоўскім.

У гаміліі біскуп нагадаў пра абавязкі, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння. Іерарх адзначыў, што дыякан, умацаваны дарам Духа Святога, будзе дапамагаць прэзбітэрам у служэнні слова, алтара і любові, будучы слугой усіх, а як слуга алтара будзе абвяшчаць Евангелле, рыхтаваць Эўхарыстычную Ахвяру і ўдзяляць вернікам Цела і Кроў Пана.

dk malyska 62

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў кандыдата да пасвячэння, каб, выконваючы Божую волю, ён у духу любові з радасцю служыў Пану і людзям.

На заканчэнне Імшы дыякан падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго фармацыі і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці.

У заключным слове біскуп Аляксандр Кашкевіч яшчэ раз нагадаў дыякану, што той будзе служыць у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові. “Служыць – гэта аддаць сябе братам і сёстрам у Хрысце з Яго чуласцю, адданасцю і Яго любоўю. Аддай Езусу свае рукі і сэрца і з вялікай адвагай і моцай абвяшчай Яго Евангелле іншым”, – сказаў іерарх.

dk malyska 71

Пастыр дыяцэзіі заклікаў дыякана быць верным ва ўсіх справах, якія ён будзе выконваць, трываць у малітве, а падчас Літургіі гадзін давяраць Богу ўсе справы Касцёла і людзей, якім ён будзе ахвярна служыць.

Іерарх выказаў удзячнасць бацькам дыякана найперш за дар веры, які яны перадалі свайму сыну, за штодзённае сведчанне любові да Бога і вернасці Касцёлу.

Біскуп звярнуўся з просьбай да прысутных у святыні і тых, хто далучыўся да Імшы з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі, агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў семінарыі ў Гродне, і прасіць Пана, каб пасылаў новых работнікаў на сваё жніво.

“Даверым новага дыякана і яго служэнне Маці Божай Міласэрнасці. Няхай ахінае яго заўсёды плашчом сваёй апекі”, – падсумаваў іерарх, пасля чаго ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.

Дыякан Уладзіслаў Малышка нарадзіўся 1 жніўня 1998 г. у Гродне, паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксей Ціхан

 

Aрцыбіскуп Кандрусевіч наведаў гродзенскую парафію бл. Мар’яны Бярнацкай у другую гадавіну яе заснавання

baranowicze kondrusewicz 6431 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу для вернікаў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

Эўхарыстыя адбылася ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат), які з’яўляецца часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі. У склад парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай уваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы.

Трэба падкрэсліць, што візіт іерарха быў сімвалічным, паколькі адбыўся напярэдадні другой гадавіны заснавання парафіяльнай супольнасці, якая рыхтуецца да ўрачыстасці асвячэння зямлі пад будаўніцтва новага касцёла і крыжа ў найбліжэйшы час.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii было падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада 2019 г. намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам.

baranowicze kondrusewicz 40

На Імшы сабраліся шматлікія вернікі, каб разам маліцца за сваю парафіяльную сям’ю, якая стаіць перад вельмі важнай задачай – будаўніцтвам уласнай святыні. Удзельнікі Эўхарыстыі агарнулі малітвамі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю.

Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч. Святар звярнуўся да арцыбіскупа Кандрусевіча з просьбай аб малітве за “амбіцыйную парафію”, якая мае намер яшчэ ў гэтым годзе, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, 21 лістапада, асвяціць зямлю і крыж, а таксама правесці першую Імшу на месцы, дзе будзе пабудаваны касцёл.

baranowicze

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разважаў над літургіяй слова на гэты дзень. Іерарх падкрэсліў, што “любіць Бога азначае жыць паводле Яго закону”, а “любіць бліжняга азначае ў кожным спатканым чалавеку бачыць свайго брата і сястру”.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі дадаў, што любоў да Бога і любоў да бліжняга – законы, якія дапаўняюць адзін аднаго.

“Нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Гэтыя два законы – як быццам дзве рэйкі чыгункі. Яны павінны быць побач і накіроўвацца ў адным напрамку, бо толькі тады цягнік будзе ехаць па іх бяспечна”, – сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што падобна і ў нашым жыцці: яно будзе гарманічным і шчаслівым, калі будуць выконвацца законы любові да Бога і бліжняга.

На заканчэнне Імшы наймалодшыя парафіяне, якіх рыхтавала катэхетка сястра Лена, павіншавалі арцыбіскупа з імянінамі, пажадаўшы яму патрэбных сіл у яго далейшым пастырскім служэнні.

Са свайго боку іерарх, дзякуючы за добрыя словы, запэўніў, што ў сваіх малітвах будзе памятаць пра новую парафію ў Гродне, просячы добрага Бога, каб усе планы і намеры былі рэалізаваны на Яго хвалу і каб як найхутчэй у гродзенскім мікрараёне Баранавічы, які дынамічна развіваецца, магла з’явіцца каталіцкая святыня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Уладзіслаў Жогла

 

“Мільён дзяцей моліцца Ружанец”: малітоўная акцыя прайшла ў гродзенскай катэдры

katedra ruzaniec 33Увечары 18 кастрычніка больш за 100 дзяцей з гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя далучыліся да малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца Ружанец”.

Адказным за правядзенне акцыі быў кс. Яўген Амасенак.

katedra ruzaniec 45

Дзеці прывіталі ўсіх прысутных з дапамогай тэлемосту анлайн шарыкамі блакітнага колеру.

Праз тэлемост дзеці ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі адначасова маліліся за мір у свеце. Тэлемост быў усталяваны паміж Мінскам, Віцебскам, Гродна, Магілёвам і Баранавічамі.

“Мільён дзяцей моліцца Ружанец” — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет.

katedra ruzaniec 41

Дзеці нашай краіны асабліва прасілі міру і згоды ў сваёй Бацькаўшчыне.

Пасля Ружанца ўдзельнікі атрымалі памятныя наклейкі.

Вольга Сяліцкая

 

Імша падзякі за служэнне арцыбіскупа наміната Станеўскага адбылася ў гродзенскай катэдры

staniewski 4717 кастрычніка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша падзякі за служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі яе генеральнага вікарыя Юзафа Станеўскага, прызначанага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп намінат, які пакідае Гродзеншчыну пасля больш чым 25 гадоў служэння тут: спачатку як святар, а затым як біскуп. Цяпер яго новым месцам служэння будзе Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дзе ў суботу 23 кастрычніка адбудзецца яго ўрачысты інгрэс у мінскую архікатэдру.

У Імшы ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўдзяляў іерарху спачатку дыяканскае, потым прэзбітэрскае, а пасля біскупскае пасвячэнне. Прыбылі шматлікія жыхары горада над Нёманам, каб падтрымаць малітвамі іерарха на парозе яго новага адказнага служэння ў Касцёле на Беларусі. Падчас Эўхарыстыі дзякавалі таксама за яго служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне.

Заканчваючы служэнне ў роднай дыяцэзіі, арцыбіскуп намінат найперш выказаў удзячнасць Богу за ўсялякае дабро, якое атрымаў. Словы ўдзячнасці ён адрасаваў Папу Францішку за давер да яго, усім, хто прычыніўся да яго духоўнага развіцця і ўзрастання ў веры: бацькам – за дар жыцця і веры, родным і суседзям – за спадарожнічанне.

staniewski 38

Іерарх падзякаваў дыяцэзіяльнай супольнасці на чале з яе пастырам біскупам Кашкевічам, святарам і айцам законным, кансэкраваным асобам – жывым за супольнае крочанне, а памерлым за прыклад вернага трывання ля алтара Пана.

Таксама ён звярнуўся да вернікаў, асабліва моладзі, якая была такой блізкай яму, з просьбай не баяцца жыць з Богам у сэрцы, актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і сваёй прысутнасцю паказваць, што вера жывая.

Дзякуючы за супольны шлях да неба, іерарх прасіў аб малітве за ўсіх, да каго пасылае ягo Хрыстус Пан, каб згодна са сваім пастырскім дэвізам ён мог з верай абвяшчаць радасць Евангелля, што Хрыстус жыве.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў арцыбіскупу намінату за апошнія гады, калі той быў яго найбліжэйшым супрацоўнікам у дыяцэзіі. Біскуп запэўніў, што Касцёл на Гродзеншчыне будзе і далей падтрымліваць малітвамі свайго земляка, які з гэтых людзей быў выбраны і да людзей пасланы.

Біскуп пажадаў яму, каб пры сустрэчы з новымі задачамі ў Касцёле Дух Святы ўдзяляў іерарху свае дары і натхняў у прыняцці добрых рашэнняў.

Да арцыбіскупа наміната звярнуліся таксама прадстаўнікі навучэнцаў тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне. Ад імя адміністрацыі, выпускнікоў і ўсіх сённяшніх навучэнцаў каледжа яны дзякавалі іерарху за прысутнасць на важных мерапрыемствах у іх навучальнай установе і за кожнае слова, скіраванае да іх падчас розных сустрэч.

staniewski 49

Удзячнасць і запэўніванне ў далейшым спадарожнічанні ў малітве выказалі прадстаўнікі апостальскага руху “Маргарытка” катэдральнай парафіі Гродна.

На гэтай Імшы, якая пачалася спевам гімну да Духа Святога, у Гродзенскай дыяцэзіі быў распачаты дыяцэзіяльны этап XVI Агульнага пасяджэння Сіноду Біскупаў на тэму “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”.

Дыяцэзіяльны этап Сіноду працягнецца да сакавіка наступнага года. У гэты час сінадальныя групы, пакліканыя Касцёлам, будуць разважаць над падрыхтаванымі раней тэмамі і пастаўленымі пытаннямі. Сабраныя меркаванні будуць аб’яднаны ў адпаведны дакумент і перададзены адказным за Сінод на агульнабеларускім узроўні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Урачыстасць Цела і Крыві Хрыста з удзелам біскупаў прайшла ў гродзенскай катэдры

boze cialo 623 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія служаць у катэдры, на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.

У гэтым годзе з прычыны пандэміі каранавірусу на Эўхарыстыі прысутнічалі толькі мясцовыя парафіяне. Звычайна ў ёй удзельнічалі вернікі ўсіх гродзенскіх парафій, якія затым выходзілі ў эўхарыстычнай працэсіі на вуліцы горада, каб засведчыць сваю веру.

Гамілію прамовіў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх разважаў у ёй над таямніцай прысутнасці Бога ў белай гостыі, якая, адзначыў ён, з’яўляецца “скарбам Касцёла”, “сэрцам свету”, “мэтай, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца”.

boze cialo 48

Па словах іерарха, перад гэтай таямніцай Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі, “мы падаем на калені, каб змяніць рытм нашага жыцця, у якім углядаемся ўдалечыню з нашым планам і надзеяй”.

Генеральны вікарый дыяцэзіі падкрэсліў, што, калі чалавек прымае Цела Хрыста, то ўваходзіць з Ім у Камунію, спалучае сваё жыццё з Ягоным.

“Аб гэтым Езус добра ведаў, таму стаўся хлебам штодзённага спажывання, дзеля штодзённага станаўлення чалавечай святасці”, – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што “той, хто прагне спазнаць Езуса ў Камуніі рэцэптарамі смаку, – застанецца насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго сэрцам, – наталяе душу моцай Божай”.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па касцёле. Яна спынялася ля чатырох алтароў, дзе вернікі дзякавалі Пану Богу за Яго прысутнасць у іх штодзённай рэчаіснасці, перапрашалі за грэх занядбання ў жыцці і прасілі аб моцы Яго благаслаўлення на далейшае крочанне дарогамі веры.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Сустрэча салезіянаў-супрацоўнікаў адбылася ў Смаргоні

smorgon salizianie 1Кожны месяц салезіяне-супрацоўнікі Смаргоні збіраюцца на фармацыйную сустрэчу, каб пабыць разам, пагутарыць, падзяліцца апошнімі навінамі і набрацца духоўных сіл на наступны месяц.

Тэмай сустрэчы, якая прайшла ў лютым, было хрысціянскае пакліканне. На пачатку сустрэчы адказныя за фармацыю прадставілі Звеставанне Марыі як вобраз паклікання кожнага чалавека. Потым у малых групах разважалі пра пакліканне з розных бакоў: шлях святасці, апостальства, асаблівасці і харызмы. У групах была магчымасць падзяліцца перажываннямі, меркаваннямі, уласным вопытам.

Падсумоўваючы сустрэчу, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні кс. Павел Шчарбіцкі SDB адзначыў, што ўсе з прысутных праз знакі ад Бога знайшлі сваё пакліканне, ідуць шляхам святасці, а таксама маюць асабістае салезіянскае пакліканне. Гэтае пакліканне, па словах святара, перш за ўсё падтрымлівае любоў, і калі ў кагосьці яна згасае, то ёсць супольнасць, якая павінна мець адкрытыя вочы, каб своечасова ўбачыць такога чалавека і дапамагчы яму запаліць агонь любові зноў.

 

У семінарыі з'явіліся новыя акаліты і кандыдат да святарства

seminaria 3921 лютага Яго Эксцэленцыя ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў паслугі акалітату навучэнцам 4-га курса, а 5-курснік ВДС стаў кандыдатам да праняцця дыяканату.

Акалітамі сталі клерыкі 5 курса Яўген Абрамаў і Віталь Гурэц, а таксама 4-курснікі Арцём Кір'янаў, Павел Пагасай і Аляксандр Шыманскі. Кандыдатам жа да святарства быў прызнаны сёння навучэнец 5 курса Андрэй Юхнік.

"З гэтага моманту акаліты будуць непасрэдна ўдзельнічаць у здзяйсненні Эўхарыстыі, дапамагаючы святару. Прычым не толькі дакранацца да Найсвяцейшага Цела Езуса Хрыста, але і несці яго далей - вернікам і патрабуючым хворым. Устанаўленне ж у кандыдаты - гэта выраз таго даверу, які Касцёл выказвае таму, хто мае намер у будучыні служыць Богу і людзям", - адзначыў падчас гаміліі арцыбіскуп.

seminaria 22

Прыняццю паслуг папярэднічалі трохдзённыя велікапосныя рэкалекцыі, якія завершыліся напярэдадні семінарыйнай урачыстасці. Гэтыя дні паспрыялі падрыхтоўцы клерыкаў да чарговага адказнага кроку на шляху да святарства.

Тэкст: Арцём Кір'янаў

Фота: Павел Леановіч

 

Фестываль калядных песень у Іўі “Gloria in Excelsis Deo” ў васямнаццаты раз заспяваў на хвалу Бога

iwje koncert 3831 студзеня ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся XVIII фестываль калядных песень і пастаралак “Gloria in Excelsis Deo”.

Сёлета з-за пандэміі каранавірусу не было вялікай колькасці ўдзельнікаў і гледачоў. Удзел у фестывалі прынялі ансамблі і салісты з Іўя, Трабаў і Лаздун.

На мерапрыемстве прысутнічалі консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Лідзія Носуль.

Прысутных прывітаў арганізатар фестывалю ксёндз Ян Гавецкі.

“Мы з вамі знаходзімся ў тым месцы, дзе ужо сямнаццаць разоў мы збіраліся ў вялікай колькасці, і я рады і ўдзячны раённым уладам, дому культуры, а найперш Пану Богу за магчымасць сабрацца і спяваць на хвалу нованароджанаму Езусу”, – сказаў святар.

Затым да прысутных звярнуліся Анджэй Рачкоўскі і Лідзія Носуль, якая выказала надзею, што ў наступны раз фестываль зноў збярэ вялікую колькасць удзельнікаў.

Распачаўся фестываль нумарам танцавальнага калектыву “Хорошенькие”, затым выступіў ансамбль “Надзея” – лаўрэат гран-пры фестывалю 2020 года. Самым кранальным было выступленне Анастасіі Гуранковай. Дзяўчынка не бачыць, але грае на музыкальных інструментах і ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай не толькі фестывалю, але і дэканальнай пілігрымкі ў Тракелі.

Наймалодшым удзельнікам стаў саліст Мацвей Гушча. Па традыцыі выступіў і ксёндз Ян, які пад акампанемент арганіста іўеўскай парафіі Антона Шукава выканаў песню “Не мелі месца”.

На заканчэнне кожны ўдзельнік атрымаў падарункі. Пры развітанні ксёндз Ян падкрэсліў, што за гэтыя гады фестываль стаў школай для многіх людзей і паказаў свету таленты не аднаго пакалення дзяцей і моладзі.

Фестываль завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў і пад моцныя апладысменты гледачоў.

iwje koncert 51

Арганізатар выказвае вялікую ўдзячнасць Іўеўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, Іўеўскаму цэнтру культуры і вольнага часу, Консульству Рэспублікі Польшча ў Гродне, дабрачыннай арганізацыі “Malteser”, калектыву Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў, тэлекампаніі “Ивье ТВ”, газеце “Іўеўскі край”, кіраўнікам творчых калектываў, тым, хто рупліва працаваў, каб падрыхтаваць падарункі для дзяцей, і ўсім, хто далучыўся да арганізацыі фестывалю.

 

Тэлеверсію фестывалю ў хуткім часе можна будзе пабачыць на тэлеканале “Ивье ТВ”.

Раман Ярмош

Фота: Баляслаў Гавецкі

 

“Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму”. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра сыход на пенсію

kondruseicz katedra 643 студзеня, у свой дзень нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сышоў на пенсію. Наведаўшы Гродна ўпершыню пасля вяртання на родныя землі, іерарх адказаў на пытанні чытачоў мясцовых каталіцкіх СМІ.

– Эксцэленцыя, ці адчувалі Вы малітоўную падтрымку з Беларусі, калі знаходзіліся ў Польшчы?

– Так, я адчуваў магутную малітоўную падтрымку вернікаў Беларусі: не толькі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. Гэта быў знак салідарнасці, які мне дапамагаў несці крыж выгнання з надзеяй на вяртанне, што і адбылося ў вігілію Божага Нараджэння. У выніку, я змог святкаваць яго разам са сваімі вернікамі. 

– Падзяліцеся, калі ласка, што адчувалі, калі даведаліся, што можаце вярнуцца на Радзіму.

– Я чакаў гэтага моманту вельмі доўга, ажно 4 месяцы. Кожны дзень шукаў звесткі ў інтэрнэце. Чакаў, што зазвоніць телефон, і я пачую паведамленне: ужо можна вярнуцца. Самым цяжкім было якраз чаканне. Таму з вялікай радасцю ўспрыняў навіну ад нунцыя, што прыйшоў час вяртання. Мой настрой адразу заўважылі святары парафіі св. Антонія ў Сакулцы, дзе я знаходзіўся. Толькі збіраўся ўсё ім расказаць, як апярэдзілі мяне, пытаючыся, ці часам не вяртаюся, бо на маім твары “ўсё напісана”.

– Ці чакалі такога “падарунка” на дзень нараджэння ад папы Францішка – прыняцця адстаўкі?

– Я выхаваны ў духу “Roma locuta, causa finita” (“Рым сказаў, справа вырашана”), таму не задаваўся пытаннем, ці прыме Папа маю просьбу аб звальненні з абавязкаў. Паводле кананічнага права, ва ўзросце 75 гадоў трэба звярнуцца да Святога Айца з просьбай аб вызваленні ад выконваемых абавязкаў. Як вырашыць Папа – гэта яго справа. Днём раней ці пазней – не мае значэння. Таму адстаўка ў дзень нараджэння мною ўспрымаецца нармальна. Ведаю шмат такіх выпадкаў у іншых краінах.

– Ці цяжка сыходзіць з пасад Мітрапаліта і ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пасля доўгіх гадоў знаходжання на іх?

– Не стаўлю сабе такога пытання. Прыйшоў час, і трэба сысці. Патрэбны маладыя, больш энергічныя біскупы з новымі ініцыятывамі. Іерархі змяняліся, змяняюцца і будуць змяняцца, але Касцёл застаецца. Трэба ўмець сысці ў час.


kondruseicz katedra 61


– Як адчуваеце сябе на пенсіі? Ці яшчэ не “рассмакавалі” яе?

– Пакуль што не “рассмакаваў”. Хачу працягваць служыць людзям у душпастырстве. Мне падабаецца цэлебраваць розныя набажэнствы, абвяшчаць Евангелле. Цяпер буду мець больш часу для гэтага, бо адпадаюць кіраўнічыя і адміністратыўныя справы.

– Ці змяніўся Ваш распарадак дня?

– Не. Я ўстаю ў 6.30. Кароткая малітва. Абавязковая 30-хвілінная гімнастыка. Літургія гадзін і іншыя малітвы. Св. Імша. Сняданак. Рыхтую перадачу спраў новаму біскупу. Цягам дня – малітвы Літургіі гадзін, Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці і іншыя. Часам еду на набажэнствы ў парафіі. Яшчэ засталіся некаторыя запланаваныя раней справы, якія стараюся рэалізаваць.

– Цяпер у Вас будзе менш абавязкаў. Ці маеце якія-небудзь хобі?

– Люблю спорт, асабліва футбол. Але пасля аперацыі на пазваночнік не магу больш ганяць мяч. Чакаю, калі можна будзе наведваць басейн, бо падабаецца плаваць. Люблю таксама тэалагічныя і асабліва гамілетычныя кнігі, на што цяпер буду мець больш часу.


kondruseicz katedra 50


– Якія планы на будучыню? Дзе плануеце жыць: у Мінску ці ў Гродне? Можа, вернецеся ў родны Адэльск?

– Пакуль што застаюся ў Мінску, а потым будзе бачна…

– Як змагацца з несправядлівасцю, насіллем і беззаконнем у нашы часы?

– Трэба жыць паводле Божага закону. У ім усё прапісана. Асабліва трэба памятаць пра запаведзь любові да Бога і бліжняга, а таксама аб акце пакаяння і жалю за грахі ды аб неабходнасці прабачэння. Але для гэтага трэба адпаведна выхаваць чалавека. Таму перад Касцёлам і грамадствам стаіць адказнае заданне выхавання маладога пакалення. І тут павінны актыўна развівацца адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. Касцёл мусіць мець большую прысутнасць у дзяржаўных СМІ. У навучальных установах неабходна выкладаць асновы рэлігіі як факультатыў. Дзяржава павінна падтрымліваць дзейнасць Касцёла, гарантуючы яго аўтаномію.

– Ксёндз Арцыбіскуп, Вы ведаеце і, напэўна, адчуваеце любоў людзей да Вас… Дайце, калі ласка, параду, як па-хрысціянску прыняць Вашу адстаўку, а таксама новыя змены ў Касцёле ў Беларусі?

– Шчыра дзякую за любоў вернікаў да сваіх пастыраў, у тым ліку да мяне. Я адчуваў яе заўсёды, але асабліва моцна – падчас свайго выгнання. За ўсё гэта вельмі ўдзячны людзям. Касцёлам кіруе Святы Дух, і трэба даверыцца Яму. Ён лепш ведае, якая асоба і ў які час павінна кіраваць Касцёлам. Так было заўсёды, так ёсць і цяпер. Усё на хвалу Бога!

Паводле "Слова Жыцця", Вольга Сяліцкая

 

За ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча i ксяндза Фелікса Сароку памаліліся ў Адэльску ў 30-ю гадавіну іх смерці

adelsk 3014 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адбылася Імша з нагоды 30-годдзя смерці кс. прэлата Пятра Барташэвіча і кс. Фелікса Сарокі, якія былі пробашчамі гэтай парафіяльнай супольнасці.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сабраліся шматлікія вернікі, якія яшчэ памятаюць спачылых святароў.

Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары. 

Ксёндз Пётр і ксёндз Фелікс былі сябрамі. Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі нагадаў, як пасля доўгай адсутнасці святара ў Адэльску ў 1955 г. туды прыбыў вызвалены з лагераў кс. Пётр Барташэвіч. Вернікі адразу ўбачылі ў ім таленавітага і адданага Божай справе, добра адукаванага пастыра, чалавека малітвы і дыялогу, дадаў іерарх. 

Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу кс. Барташэвіч прысвячаў хрысціянскаму выхаванню моладзі: адразу арганізаваў вялікую групу міністрантаў, вучыў іх служэнню ля алтара, але адначасова пільнаваў, як яны вучацца ў школе. 

Як дадаў арцыбіскуп, кс. Барташэвіч бараніў правы Касцёла, усё гэта не падабалася ўладам у часы ваяўнічага атэізму, і яны пастанавілі перавесці яго ў іншае месца. Па словах іерарха, гэта быў складаны час для адэльскай парафіі, якая магла застацца без святара. Але кс. Пётр не выехаў, пакуль з Парэчча не змог прыбыць кс. Фелікс Сарока. Такім чынам дзякуючы яго настойлівасці яшчэ адзін святар мог працаваць на ніве Касцёла ў Беларусі, сказаў арцыбіскуп.

adelsk 24

Іерарх нагадаў, што кс. Фелікс адзначаўся педантычнасцю ў захаванні літургічных нормаў. “А вядома, што, як кажа лацінскі выраз, “Lex orandi, lex credenti”, што азначае “Як молішся, так і верыш”. Таму намаганні ксяндза Фелікса ў захаванні літургічных нормаў былі вельмі важнымі”, – заўважыў ён. 

Таксама іерарх успомніў, як перад яго прэзбітэрскім пасвячэннем кс. Фелікс зрабіў яму практычны экзамен у адэльскім касцёле на прадмет цэлебрацыі Імшы. 

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў захоўваць памяць аб сваіх святарах, маліцца ў іх інтэнцыях, каб Бог прыняў іх у сваё Валадарства, і прасіць Пана аб новых пакліканнях да святарства.

Пасля Імшы біскупы і група вернікаў накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе пахаваны кс. Фелікс Сарока, і на яго магіле памаліліся аб дары жыцця вечнага для яго.

Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.

Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Ксяндза Пятра Барташэвіча ўзгадaлi ў Жалудку ў 30-ю гадавіну яго смерці

zeludok 4813 студзеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі былога пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці кс. прэлата Пятра Барташэвіча.

Святар быў пробашчам у Жалудку на працягу 27 гадоў, да сваёй смерці.

На малітве ў парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі, у жывой памяці якіх застаецца гэты руплівы святар, які з вялікім прысвячэннем і адданасцю служыў ім, асаблівым чынам клапоцячыся пра маладое пакаленне вернікаў.

Прыбылі таксама святары, сёстры законныя і іерархі з Гродна: ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.

Літургію ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшэль. 

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра жыццёвы шлях святара Пятра Барташэвіча: спачатку служэнне ў Віцебскай вобласці, потым ссылку ў Сібір, служэнне ў Адэльску і Жалудку. 

Іерарх асаблівую ўвагу засяродзіў на арганізатарскіх і красамоўніцкіх здольнасцях гэтага заслужанага для Касцёла ў Беларусі святара. У часы атэізму яго адрознівала імкненне да евангелізацыі моладзі, што было забаронена ўладамі. Але ён добра ведаў, што моладзь – гэта будучыня грамадства і Касцёла, таму шмат працаваў з мэтай яе духоўнай фармацыі.

zeludok 34

Шмат намаганняў ён, па словах арцыбіскупа, прыклаў у сферы адкрыцця паклікання да святарства і фармацыі будучых святароў. Яго дом у Жалудку стаў сапраўдным домам фармацыі. Менавіта ён падрыхтаваў да святарства кс. прэлата Антонія Ханько, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Гродне. Таксама, як адзначыў арцыбіскуп, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч удзячны кс. Пятру за тое, што спаткаў яго на шляху падрыхтоўкі да святарства.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ксёндз Пётр залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю захавання веры ў часы ганенняў у Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў яе адраджэння, быў прыкладам клопату пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, і з яго неабходна браць прыклад, сказаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што ідуць гады і дзесяцігоддзі, пасля смерці кс. Пятра Барташэвіча вырасла новае пакаленне, але памяць аб ім жыве, бо ён абвяшчаў жывое Евангелле Хрыста і вёў людзей шляхам збаўлення. “Верым, што сваім ахвярным служэннем ён заслужыў сабе вянок славы ў Божым Валадарстве, аб чым молім Міласэрнага Езуса”, – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі.

Aрцыбіскуп прызнаўся, што вельмі многім удзячны ксяндзу Пятру: “З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не ксёндз Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром”

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, быў вялікім сябрам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Пасля заканчэння Імшы духавенства і вернікі накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе на магіле кс. Барташэвіча памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы аб дары неба для яго.

Вернікі парафіі ў Жалудку падкрэсліваюць і сёння, што, хоць прайшло ўжо 30 гадоў з часу смерці іх былога пробашча, у сэрцах многіх жывуць яго словы, якімі ён звяртаўся да іх з амбоны. Яны памятаюць яго навуку, прасякнутую Божай мудрасцю і глыбінёй яго святарскай душы, якой ён умеў дзяліцца з кожным, каго сустракаў.

Сёння, праз 30 гадоў з часу смерці ксяндза Барташэвіча, можна смела сцвярджаць, што ён заклаў падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, у цяжкія гады ганенняў бараніў веру і ўмацоўваў яе.

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней – у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. – пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль – у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр звярнуўся ў Гродна да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, і ўлады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).

Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча да самай смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе быў прыняты Антоні Ханько, шматгадовы канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. ён стаў папскім прэлатам.

13 студзеня 1991 г. памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Прысвечаны святому Юзафу дзень засяроджання прайшоў у гродзенскай семінарыі

seminaria rekol 19 студзеня, адразу пасля заканчэння калядных канікул, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся на чарговы дзень засяроджання. Святы час семінарысты правялі ў малітве і ціхім роздуме.

Іх суправаджаў на гэтым шляху вікарый гродзенскай катэдры ксёндз Алег Канановіч. На аснове нядаўняга ліста Папы Францішка “Patris corde” святар разважаў пра асобу святога Юзафа.

“Часта святы Юзаф прадстаўляецца як ідэал для бацькі – галавы сям'і. І рэдка ён становіцца прыкладам для цяперашніх і будучых святароў. Але менавіта ад Апекуна Святой Сям'і мы можам навучыцца ягонаму ўменню ставіць сябе на другі план, любіць чыстай любоўю. Святы Юзаф вучыць нас пастаянна ўглядацца ў Езуса, пытаючы самога сябе, ці годны я дакранацца да Яго”, – падкрэсліў ксёндз Алег Канановіч. 

У праграму дня засяроджання, прысвечанага асобе святога Юзафа, увайшлі супольны Брэвіярый, Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Заканчэннем духоўных практыкаванняў стала ўрачыстая святая Імша ў семінарыйнай капліцы.

Арцём Кір'янаў 

Фота: Павел Леановіч

 

Біскуп Станеўскі ў лідскай Фары: у Хрысце мы знойдзем поўны сэнс і мэту свайго жыцця

16 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара). 

У парафіяльнай святыні іерарх узначаліў урачыстую Імшу, падчас якой таксама благаславіў крэйду, каб адзначаць ёю дзверы дамоў і памяшканняў.

У гаміліі ён засяродзіў увагу на ўрачыстасці, якая святкавалася ў гэты дзень.

Іерарх падкрэсліў, што да Езуса можна крочыць рознымі шляхамі і да Яго вядуць розныя сцежкі. “Адны – як пастухі – толькі спусціліся з гары ў мястэчка Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Езусу. Іншыя – як Тры каралі – мусілі прайсці доўгі шлях, каб урэшце сустрэцца з Езусам і ахвяраваць Яму свае дары. Сёння мы захапляемся намаганнямі і адвагай гэтых мудрацоў”, – дадаў біскуп.

3

Ён падкрэсліў, што ў кожнага чалавека ёсць хвіліны, калі не хочацца ісці далей, калі падаеш змучаны, калі прыходзіць спакуса, каб вярнуцца або прынамсі застацца на тым жа месцы. Таму іерарх заахвоціў у такія хвіліны, калі губляецца ахвота, прыгледзецца да Трох каралёў, а таксама да многіх іншых нашых святых і благаслаўлёных, якія ніколі не стамляліся ў дарозе, а шукалі праўды, сапраўднай крыніцы мудрасці і сэнсу жыцця.

“Яны сёння з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашу веру, былі людзьмі надзеі і даверу, каб мы ў Хрысце знайшлі поўны сэнс і мэту свайго жыцця”, – сказаў біскуп.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў іерарху за ўжо традыцыйную прысутнасць у гэты дзень сярод іх.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Імша падзякі за служэнне арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў гродзенскай катэдры

kondruseicz katedra 686 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася святая Імша падзякі за служэнне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на пенсіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія жыхары Гродна, каб памаліцца за шаноўнага юбіляра з нагоды яго 75-годдзя, а таксама выразіць яму ўдзячнасць за адданае служэнне Касцёлу ў нашай краіне.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заснаваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, быў ініцыятарам выдання “Парадку Імшы” і “Катэхізіса” на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі. 

Юбіляра прывітаў на пачатку Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які назваў вялікай радасцю для горада над Нёманам тое, што арцыбіскуп прысутнічае на малітве разам з вернікамі ў катэдральным касцёле.

Іерарх падкрэсліў, што ў гэты дзень усе вернікі, прысутныя ў святыні, і тыя, хто далучаецца да іх духоўна праз інтэрнэт-трансляцыю, хочуць падтрымаць арцыбіскупа сваімі малітвамі, каб ён і далей мог верна, доўга і плённа служыць нашаму Касцёлу, які столькім яму ўдзячны.

На пачатку Імшы арцыбіскуп падзякаваў вернікам за іх малітвы ў інтэнцыі яго вяртання на радзіму. Ён сказаў, што іх пастаянная малітва была вялікай духоўнай падтрымкай і знакам салідарнасці ў складаны перыяд выгнання. Гэты крыж мы неслі разам, адзначыў іерарх і дадаў, што ў крыжы надзея, якая, як паказвае жыццё, здзяйсняецца.

У гаміліі, зыходзячы з Евангелля на ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, іерарх засяродзіў увагу на некаторых момантах аб'яўлення Хрыста людзям, аб якіх нагадвае Святое Пісанне. Па яго словах, аб'яўленне Тром Каралям мае асаблівае значэнне, бо яны былі астраномамі і не належалі да Выбранага народа, былі язычнікамі, аднак у той жа час тымі, хто шукаў праўду, спалучаючы веды з верай. Гэта і дапамагло ім у зорцы на небасхіле ўбачыць знак нараджэння Збаўцы, і гэтая зорка прывяла іх у Бэтлеем, дадаў арцыбіскуп. 

kondruseicz katedra 54

Другім важным момантам гэтага свята іерарх назваў тое, што сваім аб'яўленнем Езус паказаў, што Ён з'яўляецца Збаўцам усяго чалавецтва, Аб'яўленне Пана ўяўляе сабой праўду аб універсалізме збаўлення ў Езусе.

Па словах арцыбіскупа, у наш час шмат індыферэнтных адносна рэлігіі людзей, але ёсць і тыя, хто праслаўляе Бога, якія хочуць будаваць сваё жыццё на евангельскіх каштоўнасцях і прыходзяць да Бога са сваімі дарамі добрых спраў, малітвы, міласэрнасці, справядлівасці, прабачэння. “Да якой групы мы адносімся? Калі хочам будаваць шчаслівую Беларусь, то павінны зрабіць рахунак сумлення, стаць перад люстэркам свайго духоўнага жыцця і праз прызму Евангелля ацаніць свой духоўны стан”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што, пакланіўшыся Немаўлятку Езусу, Тры Каралі вярнуліся дадому іншымі, сталі апосталамі Езуса Хрыста. “Таксама і мы, спаткаўшы Езуса, павінны быць Яго апосталамі, каб свет Яго пазнаў і, жывучы Яго вучэннем, будаваў цывілізацыю жыцця, любові і так патрэбнага нам усім міру”, – адзначыў арцыбіскуп.

На заканчэнне Імшы віншаванні іерарху выказаў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, а таксама прадстаўнікі парафіян.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая