Skip to main content

Слова Старшыні ККББ арцыбіскупа Станеўскага на успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

2021 10 15 abp 003 1

Стаць дарам для Пана Бога

«…Вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое» (Лк 2, 49)

Умілаваныя браты і сёстры!

Сёння ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта вельмі прыгожае свята, якое грунтуецца на раннехрысціянскіх аповедах пра зямное жыццё Багародзіцы і ўвабрала ў сябе шмат знакавых элементаў, якія ўзрушваюць нашыя сэрцы нават сёння, у трэцім тысячагоддзі хрысціянства. Гэты літургічны ўспамін сведчыць таксама пра вялікую любоў чалавецтва да Найсвяцейшай Маці і пра веру ў Яе магутнае заступніцтва. У адной з гамілій святы Ян Павел ІІ адзначыў:

«На працягу года ёсць шмат дзён, у якія Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшую Маці. Кожны з гэтых дзён грунтуецца або на здарэнні з Яе жыцця, або на таямніцы Яе душы. Сённяшняе свята грунтуецца адначасова і на падзеі з Яе жыцця, і на таямніцы Яе душы».

Пра гэтую знакавую падзею жыцця Панны Марыі мы ведаем перш за ўсё з апакрыфічнага Евангелля паводле Якуба, якое было напісана каля 140 года і з якога мы чэрпаем асноўныя звесткі пра нараджэнне і дзіцячыя гады Маці Божай. Гэтае Евангелле не ўключана ў кананічныя кнігі Святога Пісання, аднак у ім ёсць шмат звестак пра Найсвяцейшую Панну Марыю. Згодна са старажытным тэкстам, Марыя была доўгачаканым дзіцем Яўхіма і Ганны, якія шмат гадоў былі бясплоднымі і шчыра маліліся да Бога аб тым, каб Ён пазбавіў іх ад гэтага няшчасця, якое ў габрэйскім народзе лічылася пракляццем. У падзяку за тое, што Бог выслухаў іх малітвы, святая Ганна абяцала, што ахвяруе народжанае дзіцятка Пану Богу. І вось, калі дзяўчынцы Марыі споўнілася 3 гады, паводле габрэйскага звычаю бацькі адправіліся з Ёю ў Ерузалем у святыню, каб ахвяраваць Пану Богу. Там яны пакінулі дарагую сваю Дачку, каб Яна вучылася служыць Богу, прабывала ў цішыні і малітве з Найвышэйшым Стварыцелем, дапамагала пры святыні выконваць самую розную працу.

Мае дарагія! У гэтым незвычайным аповедзе для нас, хрысціянаў, ёсць выразныя знакі Божай міласэрнасці і надзеі, на якія мы павінны асабліва звярнуць увагу ў гэты Юбілейны год. Па-першае, Бог заўсёды выслухоўвае нашыя малітвы, калі мы ў поўнай згодзе хаця б «удваіх ці ўтраіх» ўзносім іх ад шчырага сэрца, калі мы пакорна чакаем і калі гэтыя малітвы не супярэчаць Божай волі. Па-другое, па прыкладзе святой Ганны мы не павінны прысвойваць сабе ніякі Божы дар і ніякую ласку. Як бы ні хацелася матулі Ганне і далей цешыцца вымаленым Дзіцем, Дачушкаю Марыяй, як бы ні хацелася і далей штодня з любоўю апекавацца Ёю, тым больш на старасці гадоў, аднак, паводле традыцыі, Ганна выканала сваё абяцанне Богу — ахвяравала Яму Марыю ў Ерузалемскай святыні. Яна не прысвоіла атрыманы дар, яна не «нарадзіла дзіця для сябе», як цяпер часам модна казаць, а з поўным даверам думала найперш «пра Божае, а не пра чалавечае».

Любыя браты і сёстры! Кожны чалавек у свеце быў задуманы Богам спрадвеку, для кожнага Пан падрыхтаваў пэўны шлях, канкрэтнае пакліканне, кожнаму згодна з гэтым удзяляе свае каштоўныя нябесныя дары.

Вось і нашых дзяцей мы не павінны лічыць сваёю «ўласнасцю», сваім «праектам», які рэалізуем выключна ў адпаведнасці з нашымі ўяўленнямі… Такая пазіцыя часта непазбежна вядзе да расчаравання бацькоў, калі дзіця, пасталеўшы, выбірае не той шлях, аб якім марылі для яго мама і тата.

Вельмі важна пазнаваць сваіх дзяцей, прыглядацца да іх схільнасцяў і разам з імі адкрываць іх здольнасці, дапамагаць знайсці шлях, на які кліча іх Пан Бог — і праз усё гэта ахвяраваць сваё дзіця Пану Богу ў дар, як гэта зрабілі святыя Яўхім і Ганна, хоць ім, ужо пажылым, вельмі патрэбна была б дачушка-памочніца ва ўласным доме, а не ў сценах Ерузалемскай святыні.

Найсвяцейшая Панна Марыя прабывала ў святыні прыкладна да 12-і гадоў, а потым, згодна са звычаямі, вярнулася ў свой дом. Акт Яе ахвяравання настолькі глыбока закранаў людскія сэрцы з самых першых стагоддзяў хрысціянства, што Касцёл уключыў гэтую падзею ў літургічны каляндар: спачатку ў Ерузалеме, дзе ў VI стагоддзі была ўзведзена Базыліка Найсвяцейшай Панны Марыі як памяць аб ахвяраванні. Потым гэтае свята сталі адзначаць на ўсім Усходзе, а з 1585 года Папа Сікст V устанавіў яго ва ўсім Касцёле.

Пра веліч і прыгажосць падзеі ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі сведчыць таксама тое, што яна стала натхненнем для заснавання ажно 15-і манаскіх кангрэгацый: 1-й мужчынскай і 14-і жаночых. Гэта таксама сведчыць аб папулярнасці свята на працягу існавання Касцёла.

Сёння, 21 лістапада, Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам моліцца за закрытыя манаскія і законныя супольнасці, так званыя кантэмпляцыйныя ордэны, дзе людзі свядома аддаліліся ад свету, каб ва ўкрыцці служыць Пану Богу, як калісьці Марыя, забраная ад сям’і ў святыню, сама стала найдасканалейшаю Святыняю для Таго, хто павінен быў потым ад Яе нарадзіцца праз таямніцу ўцелаўлення, — Сына Божага Езуса Хрыста. На жаль, на Беларусі дасюль яшчэ мы не маем такога кантэмпляцыйнага ордэна — месца пастаяннай малітвы за нас усіх у цішыні манаскай келлі. Таму заклікаю вас, браты і сёстры, маліцца ў гэтай інтэнцыі, каб былі і з нашых сем’яў маладыя дзяўчаты, якія, падобна Маці Божай, ахвяруюцца Богу і такім чынам выпрасяць нашым вернікам праз сваю няспынную малітву Божую дапамогу.

Умілаваныя вернікі! Тэалагічны змест літургічнага ўспаміну Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі заключаецца ў тым, што Яна цалкам, усёю сваёю істотаю, усёю сваёю душою і целам, была з маленства аддадзена Богу. Яна стала беззаганным Дарам для самога Стварыцеля. Вымушаная пакінуць сваіх маму і тату ў дзяцінстве, Марыя стала самай чулай Маці для кожнага чалавека ў свеце. Яна з’яўляецца бясцэнным Дарам для кожнага з нас. Тут ізноў хочацца працытаваць кардынала Казіміра Свёнтэка, Сведку веры, які быў асаблівым шанавальнікам Марыі:

«Усе мы павінны аддаць сябе Пану Богу. Мы жывем для таго, каб быць для Яго дарам».

Як жа мы можам стаць гэтым дарам? Адказ знойдзем у евангельскім чытанні з сённяшняй літургіі, дзе апавядаецца пра тое, як аднойчы, падчас прамовы Езуса да вялікага мноства людзей, Яго Маці і браты стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. Езус жа сказаў: «Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: „Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці“» (Мц 12, 49–50). На першы погляд можа здавацца, што гэтае выказванне даволі жорсткае ­— нібыта Езус аспрэчвае сваю родную Маці, прыніжае Яе перад вучнямі. Тым больш дзіўным здаецца гэты евангельскі ўрывак у кантэксце сённяшнага літургічнага ўспаміну. Аднак, калі мы задумаемся над тым, што менавіта Марыя і была Той, якая найлепш споўніла волю Нябеснага Айца, то гэтае выказванне Езуса хутчэй гучыць для Яе як камплімент, а для нас — як чарговы знак надзеі: Хрыстус абяцае нам такую ж блізкасць з Ім, якая можа быць толькі паміж Сынам і Маці, пры адной умове — калі мы будзем гэтак жа давяраць Богу ў выкананні Яго волі. Марыя ў сваім жыцці мела шмат прычынаў для расчаравання, адчаю, слёз і смутку. Нярэдка лёс здаваўся Ёй вялікай загадкай, аднак Яна пра ўсё ціха разважала ў сваім сэрцы і працягвала штодня дарыць любоў, нягледзячы на ахвяры і адрачэнні…

У гэтым сэнсе ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі надзвычай актуальны для нас і сёння. Амаль кожны дзень мы сутыкаемся з нечаканасцямі, сумненнямі і расчараваннямі. Нярэдка здаецца, што нашае жыццё пайшло не па тым «сцэнарыі», які мы самі склалі ў сваім уяўленні. Аднак варта з усяго гэтага зрабіць ахвяру для Пана, самім стаць гэтай жывой ахвярай, складзенаю з любоўю і даверам. Магчыма, нейкія загадкі лёсу Пан дасць нам разгадаць яшчэ пры зямным жыцці, многія ж з іх праясняцца для нас толькі ў вечнасці. Аднак варта даверыцца Богу, як дзіця давярае бацькам, як і Марыя калісьці даверылася… Бо нават маленькае зярнятка веры перасоўвае горы…

Жадаю, каб кожны з вас, дарагія браты і сёстры, мог ахвяравацца Богу ўсёю сваёю душою і ўсім сваім сэрцам даверыцца Яму. Даручаю вас Марыі, Маці надзеі, і ад усяго сэрца благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 10 лістапада 2025 г.

Успамін Льва Вялікага, папы і доктара Касцёла

Паводле Catholic.by