Skip to main content
sapka

Дыяцэзіяльныя дні моладзі

Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі бяруць пачатак у 1993 годзе, калі ардынарый Аляксандр Кашкевіч вырашыў па прыкладзе Святога Айца Яна Паўла ІІ прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. З таго часу каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі штогод збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.

ddm 1

Месцамі правядзення з’ездаў з’яўляюцца цэнтры дэканатаў, якія звычайна супадаюць з раённымі цэнтрамі вобласці. Моладзевыя сустрэчы ўжо прайшлі ў Смаргоні, Іўі, Лідзе, Ваўкавыску, Сапоцкіне, Гродне, Воранаве, Шчучыне, Мастах. На спатканні прыбываюць каля тысячы маладых вернікаў. Кожная сустрэча звязана з канкрэтнай тэмай, якая адносіцца да жыцця Паўсюднага і лакальнага Касцёла.

ddm 2

На працягу апошніх гадоў арганізатарам Дыяцэзіяльных дзён моладзі з’яўляецца кс. Антоній Грэмза, каардынатар па справах моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Арганізатарам з’езда на месцы з’яўляецца пробашч мясцовай парафіі або дзекан. Сустрэчы звычайна праводзяцца ў маі. Падрыхтоўка да мерапрыемства трывае паўгады.

Дні моладзі аб’ядноўваюць у сабе шчырую малітву, цікавае навучанне, вясёлыя забавы і новыя знаёмствы. Штодня існуе магчымасць удзелу ў св. Імшы і маёвым набажэнстве, малітве, канферэнцыях. Адказы на пытанні можна знайсці ў свайго роду “катэхезе ў катэхезах” – форме навучання, дзе моладзь дзеліцца на групы і разважае над пэўнай праблемай. На з’ездзе можна ўбачыць тэатральныя пастаноўкі (як падрыхтаваныя, так і спантанныя), выступленні музычных гуртоў. З моладдзю, як правіла, сустракаецца біскуп і іншыя цікавыя госці.

Галоўная мэта Дыяцэзіяльных дзён моладзі – духоўная інтэграцыя маладых людзей.

 

Кантакты

(8 029) 286-31-78

(8 029) 632-43-73

gremantos@gmail.com

кс. Антоній Грэмза, арганізатар Дыяцэзіяльных дзён моладзі

 

Рэдагавана: 08 Снежня 2024