Тытул касцёла: Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Св. Імша: у нядзелю і святы ў 10.00 і 17.00, у звычайныя дні ў 9.00 (пн, аўт, ср) / у 19.00 (чц, пт, сб летам) альбо ў 18.00 (чц, пт, сб зімой)
Адпусты: 15 жніўня, 3 мая
Адрас: Гродзенская вобл., Гродзенскі р-н, в. Капцёўка, вул. Касцёльная, 3
Тэл.: (8 0152) 91-54-44
Распачаць будаўніцтва святыні ў Капцёўцы было вырашана на сходзе жыхароў гміны Горніца 30 студзеня 1936 года. У красавіку таго ж года віленскі мітрапаліт арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі асвяціў пляц пад будаўніцтва касцёла, а ў ліпені афіцыйна ўтварыў парафію. Пробашчам быў прызначаны кс. Ян Храбоншч.
Ужо стаялі касцёльныя муры, як распачалася Другая сусветная вайна. Пасля яе заканчэння ў касцёле зрабілі склад. Праз некалькі гадоў яго замянілі на млын. Вернікі, пазбаўленыя святыні, вымушаны былі прыязджаць на св. Імшу ў Гродна. Пахаванні адбываліся без ксяндза. Такая сітуацыя працягвалася амаль паўстагоддзя.
У 1988 годзе быў створаны Камітэт па справах вяртання касцёла ў Капцёўцы. На чале яго стаў Эдвард Дайновіч, жыхар Цвікліч. Улады гатовы былі даць дазвол на будаўніцтва святыні ў іншым месцы, каб толькі не ліквідаваць млын. Але парафіяне не згаджаліся на гэта, і рашэнне адцягвалася. У 1991 годзе касцёл быў вернуты законным гаспадарам у амаль знішчаным стане. Усе жыхары парафіі прыступілі да яго аднаўлення.
Першая пасля вайны св. Імша ў капцёўскай святыні была адпраўлена 14 ліпеня 1991 года. Да гэтага часу Эўхарыстыю цэлебравалі ў сакрыстыі, а затым – у прэзбітэрыі. З кастрычніка 1992 года ў касцёле пастаянна знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант.
Асвяцілі святыню і ўмуравалі вуглавы камень у муры прэзбітэрыя кардынал Эдмунд Шока і гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч 15 ліпеня 1995 года. Праз два гады біскуп асвяціў звон, якому далі імя “Марыя”. Святыня кансэкравана 11 чэрвеня 2000 года кялецкім біскупам Казімірам Рычанам. Разам з ім урачыстую св. Імшу цэлебравалі гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Келецкай дыяцэзіі Мар’ян Флёрчык, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка і шматлікія святары. У галоўны алтар былі ўмураваны рэліквіі мучанікаў св. Марсуэлы і св. Вікторыі.
У хуткім часе парафіяне звярнуліся да айцоў паўлінаў на Яснай Гары з просьбай прадставіць ім копію абраза Маці Божай Яснагорскай. Значная падзея для капцёўскай парафіі адбылася 25 сакавіка 2006 года, калі генерал ордэна паўлінаў на Яснай Гары а. Ізідор Матушэўскі падчас Марыйнага звароту ахвяраваў касцёлу копію іконы.
Пазней пры касцёле быў зроблены Узгорак надзеі: комплекс каплічак для пашырэння Марыйнага культу. У маі 2006 года ва ўрачыстасць Маці Божай Каралевы Польшчы абраз быў урачыста ўнесены на Узгорак. Кардынал Эдмунд Казімір Шока і гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч 8 ліпеня 2007 года асвяцілі абраз Маці Божай Яснагорскай разам з каменнай плітой алтара.
Паводле дэкрэта ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча ад 23 сакавіка 2010 года ў касцёле ў Капцёўцы на Узгорку надзеі ўстаноўлены санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай.
Малітва да Маці Божай Яснагорскай
Яснагорская Маці Касцёла, з хорамі Анёлаў і святых нашых Заступнікаў мы ў пакоры ўстаем на калені перад Табою. Спрадвеку свецішся цудамі і ласкамі на Яснай Гары – сталіцы Тваёй міласэрнасці. Углядзіся ў нашыя сэрцы, якія пакланяюцца і любяць Цябе. Абудзі сярод нас сэрцы святых, зрабі з нас сапраўдных апосталаў веры, узмацні любоў да святога Касцёла, адары неабходнымі ласкамі. Нашая Маці з параненым абліччам, аддаю ў Твае рукі сябе і ўсіх дарагіх мне асобаў. Давяраю Табе, спадзяюся на Тваё заступніцтва для хвалы Бога ў Святой Тройцы Адзінага. Амэн