20 ліпеня стала вядома, што парафія бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла.
Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай была зарэгістравана 1 лістапада 2019 г. Новая парафія ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы.
Новая святыня будзе пабудавана ў мікрараёне Баранавічы па вул. Ваўжэцкага, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці.
Вернікі новай каталіцкай парафіі вельмі ўдзячныя раённым і абласным уладам і апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў за станоўчы разгляд іх просьбы і выхад насустрач іх чаканням.
Для Гродзенскай дыяцэзіі сапраўды важна, каб у новых мікрараёнах Гродна і іншых гарадах вобласці, дзе пражывае вялікая колькасць людзей, у тым ліку католікаў, была свая ўласная святыня, якая паспрыяе задавальненню рэлігійных патрэбаў жыхароў, іх духоўнаму развіццю і маральнаму выхаванню будучых пакаленняў нашай краіны.
Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі ўзносяць малітвы да Бога аб спыненні эпідэміі каранавірусу, а таксама за нашу краіну, яе эканамічнае развіццё, стабільнасць, мір і спакой у нашым грамадстве.
JM