16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай, якая з’яўляецца галоўнай Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.
Перад пачаткам Імшы іерарх асвяціў новы алтар, амбону, а таксама адноўлены абраз Маці Божай Міласэрнасці. Абраз быў створаны ў 1912 г., фундаратарамі яго стварэння былі графы Касакоўскія.
Абраз Маці Божай, які больш за 100 гадоў упрыгожвае святыню, пасля грунтоўнага аднаўлення зноў вернецца на сваё месца – у бакавую капліцу.
Абраз мае багатую гісторыю і з’яўляецца самым каштоўным скарбам у гэтым касцёле пасля крыжа, створанага ў XVIII ст. У часы Другой сусветнай вайны святыня ў Вялікай Бераставіцы была зачынена. Пасля 1947 г. будынак касцёла выкарыстоўваўся як склад. З яго былі выкінуты фігуры і абразы, але капліца з абразом Маці Божай Міласэрнасці засталася.
На падлогу і перад абразом сыпалася збожжа і ўгнаенні, ставіліся бочкі з хімікатамі. Ікона была сведкай духоўнай самоты жыхароў Бераставіцы. Але яна дачакалася часоў, калі вернікі пачалі змагацца за сваю святыню. Гэта было змаганне малітвы і нястомнага звяртання да чыноўнікаў.
Пасля адкрыцця касцёла вернікі знайшлі абраз у бакавой капліцы. Ён быў пакрыты пылам, павуціннем, але зноў вітаў іх пасля таго, як яны не бачыліся 50 гадоў. У святыні распачалося набажэнства Навэнны з просьбамі, падзякамі і спевам. На выяве Маці Божай Вастрабрамскай былі адноўлены шаты, рукі і твар. З Яе адноўленай выявай касцёл у Вялікай Бераставіцы вярнуўся да сваёй прыгажосці.
Як адзначыў пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота, доўгі час ён думаў, што трэба аднавіць абраз, бо, як падкрэсліў, нельга, каб Маці Божая “была ў парванай сукенцы”.
Па словах святара, аднаўленне абраза стала магчымым дзякуючы вялікай ахвярнасці вернікаў парафіі, якія падтрымлівалі гэтую справу духоўным і матэрыяльным чынам. А гэтая ахвярнасць вернікаў, як дадаў ён, з’яўляецца выразам любові і пашаны да Маці Божай, да якой сёння яны жадаюць яшчэ больш горача звяртацца ў сваіх малітвах, каб Яна дапамагала ім адкрываць шлях да неба.
Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць. Асаблівым чынам ён маліўся за тых, хто падтрымлівае парафію.
Іерарх падзякаваў пробашчу і ўсім вернікам за штодзённы клопат аб тым, каб іх парафія станавілся ўсё прыгажэйшай. Біскуп заахвоціў, каб адноўлены абраз стаў імпульсам да таго, каб яшчэ часцей звяртацца да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, якая заўсёды хоча даць сваім дзецям тое, што самае цудоўнае і добрае.
Кс. Юрый Марціновіч