14 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Дзмітрыю Мальцу, выпускніку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Урачыстая Імша з захаваннем усіх мер засцярогі, звязаных з пандэміяй каранавірусу, адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На Эўхарыстыі сабраліся святары, сёстры законныя, бацькі і родныя дыякана, а таксама вернікі катэдральнай парафіі, дзе ён у апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што праз гэтае пасвячэнне Бог узбагачае свой Касцёл, пасылаючы яму яшчэ аднаго слугу Хрыстовага Евангелля, памочніка біскупа ў пастырскім клопаце пра даручаны яму верны народ.
“Сакрамэнт святарства – заклік развіваць і памнажаць гэты незаслужаны дар праз стараннае, руплівае і бескарыслівае служэнне Богу і Яго народу”, – дадаў іерарх.
Таму, адзначыў ён, гэты дзень для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца днём падзякі Пану і малітвы аб тым, каб ласка пасвячэння прынесла плён духоўнага ўзрастання Касцёла. “Верым і спадзяемся, што Марыя паклапоціцца пра тое, каб не было недахопу ў пакліканнях да служэння Богу – пакліканнях шматлікіх і святых”, – сказаў біскуп.
Звяртаючыся да дыякана, які прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, іерарх заўважыў, што сучасны свет ставіць перад кожным святаром вялікі выклік, які трэба прыняць. “Сённяшні чалавек і ўсё грамадства закрануты рознымі хваробамі духу, якія чакаюць паспяховых, боскіх лекаў: праўды, разумення, паяднання, прабачэння і міласэрнасці”, – адзначыў ён.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Хрыстус хоча карыстацца кожным святаром для таго, каб сучасны чалавек знайшоў шлях праўды, які вядзе да Бога Айца; каб сумныя і параненыя людзі, тыя, якія трапілі ў роспач і згубленыя, пасля сустрэчы са святаром атрымлівалі крыху радасці і надзеі, засеянай у сэрцы Божым словам і Яго ласкай.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу рэктару Віталію Вайцяхоўскаму, усім мадэратарам і выкладчыкам семінарыі ў Гродне за штодзённы клопат і намаганні ў гэтым адказным служэнні і за падрыхтоўку новапрэзбітэра да пасвячэння.
Таксама іерарх узгадаў спачылага месяц таму ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, пробашча парафіі Святой Сям’і ў Лідзе – роднай парафіі новапрэзбітэра, – які стаяў ля вытокаў яго паклікання.
Словы асаблівай, вельмі глыбокай удзячнасці біскуп адрасаваў бацькам новапасвячанага прэзбітэра. Ён пажадаў ім, каб яны заўсёды ганарыліся сваім сынам і цешыліся, што сам Хрыстус яго выбраў і паклікаў, каб стаўся Яго вучнем і слугою. Іерарх заахвоціў іх падтрымліваць служэнне сына бацькоўскай малітвай, “якая мае вялікую моц, а таксама ўчыніць яго паслугу яшчэ больш плённай і мілай Пану Богу”.
Ксяндзу Дзмітрыю біскуп яшчэ раз нагадаў, што сённяшні свет і людзі, якія ў ім жывуць, асабліва маладыя, патрабуюць святых святароў, адданых душпастыраў, добрых спаведнікоў і чулых духоўных кіраўнікоў, якія заўсёды будуць мець для іх час.
“Для кожнага чалавека, якога Хрыстус паставіць на тваім шляху, будзь выразным і сапраўдным знакам прысутнасці Збавіцеля сярод свайго люду. Кожнаму чалавеку нясі Божае Слова, раздавай Божую ласку, бо, служачы іншым, будзеш выконваць місію самога Хрыста”, – дадаў іерарх.
Усіх прысутных у касцёле біскуп папрасіў агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў гродзенскай семінарыі, і прасіць Пана жніва, каб пасылаў новых работнікаў на жніво сваё.
Няхай будзе хвала Богу за новага святара, які далучаецца да прэзбітэрыя Касцёла на Гродзеншчыне і ўжо хутка будзе пасланы ў сваю першую парафію, каб распачаць служэнне.
Ксяндзу Дзмітрыю хочам пажадаць, каб здолеў сваім жыццём пераконваць свет у прыгажосці Евангелля і быў доказам таго, што святло Добрай Навіны мацнейшае за змрок зла.
Няхай на першым месцы ў яго жыцці заўсёды будзе Хрыстус, бо толькі з Ім ён, намашчаны святым алеем хрызма, зможа любіць людзей Божай любоўю, а руплівае абвяшчэнне Евангелля няхай учыніць яго Добрай Навіной для свету.
Ксёндз Дзмітрый Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 г., паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе (Лідскі дэканат). Дыяканскае пасвячэнне прыняў 16 лістапада 2019 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі.
Потым быў скіраваны на служэнне ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат). У апошні час служыў у катэдральным касцёле ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч