8 кастрычніка Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у Гродне адзначыла 15-годдзе існавання. З гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбыліся ўрачыстасці падзякі за дар гэтай супольнасці, да якой належаць маладыя людзі, якія жадаюць разам узрастаць у дасканаласці.
На святкаванні сабраліся члены душпастырства і тыя, хто стаяў ля яго вытокаў.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў, што сілай кожнага чалавека павінен быць Хрыстус, якога трэба трымацца на працягу ўсяго жыцця.
У гаміліі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што члены душпастырства “OPEN” маюць вельмі важную задачу – жывучы па-хрысціянску, весці іншых да Бога і быць заўсёды адкрытымі на Яго натхненні.
Узгадваючы навучанне Папы Францішка, іерарх заахвоціў гродзенсую моладзь нястомна імкнуцца да таго, каб паказваць іншым прыгажосць сваёй маладосці і багацце душы, якая заўсёды жыве з Хрыстом і напоўнена Яго збаўчай ласкай.
Пасля Імшы святкаванне працягнулася. Члены душпастырства прыгадалі гісторыю яго ўзнікнення і зрабілі падсумаванне 15 гадоў яго дзейнасці.
15 гадоў таму група маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі вярнулася з Сусветных дзён моладзі ў Кёльне (Германія). Хлопцы і дзяўчаты, прасякнутыя ідэяй адзінства, выказалі прапанову фарміравацца па-хрысціянску разам: не абмяжоўвацца арганізацыйнымі сустрэчамі напярэдадні СДМ, а мець нешта пастаяннае і стабільнае.
Сёння да душпастырства належыць шмат людзей, а ў яго межах дзейнічае некалькі груп. Найбольш папулярная з іх – “Уваскрасенне”, дабрачынная суполка, у якой займаюцца дапамогай хворым дзецям, сіротам, бяздомным.
Некаторыя маладыя людзі знайшлі ў душпастырстве свайго мужа ці жонку і сёння ўжо ўтвараюць сем’і. Таму па ініцыятыве сужэнскіх пар паўстала душпастырства маладых сем’яў. Раз на месяц сужэнцы разам з дзецьмі прыходзяць на спецыяльную Імшу і катэхезу.
Aктыўна ўдзельнічаюць у душпастырстве і афрыканскія студэнты, якія прыбылі ў горад над Нёманам на вучобу ў мясцовых ВНУ. Моладзь з Нігерыі, Камеруна і Філіпінаў наведвае сумесныя сустрэчы душпастырства, разам з іншымі святкуе Вялікдзень і Божае Нараджэнне, дае канцэрты, дзеліцца адметнасцю сваёй веры.
Душпастырства паспяхова трансфармуецца ў новыя формы. Дзякуючы актыўным удзельнікам “OPEN” у Гродне паўстаў евангелізацыйны курс “Альфа”. Члены душпастырства пачалі дзяліцца сваёй верай не толькі ў коле супольнасці, але і па-за яго межамі сярод тых, каму яшчэ складана даверыцца Богу.
Штогод “OPEN” арганізуе шмат розных акцый, найбольш вядомыя з якіх – “Ружанец праз Skype”, “Пячэнька за пячэньку”.
Ксёндз канонік Антоні Грэмза, які з самага пачатку з’яўляецца душпастырам “OPEN”, з вялікім гонарам падкрэслівае, падсумоўваючы 15 гадоў дзейнасці гэтай “Божай справы”, што за гэты час узнікла супольнасць маладых людзей.
“Гэтая моладзь вельмі актыўная, яна дасканала ўсведамляе, што ад яе сёння шмат залежыць у жыцці Касцёла. Найбольш цешыць тое, што ёй можна даручаць канкрэтныя задачы для выканання”, – кажа святар.
Ён падкрэслівае, што гэтыя маладыя людзі бачаць вялікую патрэбу таго, каб быць разам: разам маліцца, забаўляцца, адпачываць, падарожнічаць, даваць сведчанне, а самае важнае – разам ісці шляхам да святасці, на які кожнага запрашае Хрыстус.
Сустрэчы душпастырства “OPEN” адбываюцца кожны чацвер у 19.15 (св. Імша і агульная сустрэча) у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (пабрыгіцкі) па вул. К. Маркса, 27.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталь Шмурай