
З 14 па 16 лістапада пры навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала прайшлі рэкалекцыі “Выхадныя з Духам Святым”, арганізаваныя ў фармаце курса “Альфа”.
У рэкалекцыях удзельнічалі вернікі мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) – у цэлым каля 60 чалавек. Духоўныя практыкаванні давалі магчымасць глыбей пазнаць сваю веру, адкрыцца на дзеянне Святога Духа, а па словах саміх удзельнікаў і арганізатараў – магчымасць “асабістай сустрэчы з Божай ласкай”.
Правёў рэкалекцыі пробашч навагрудскай парафіі кс. Юрый Жэгарын.
Праграма была распрацавана так, каб кожны ўдзельнік мог паступова і асэнсавана перажыць унутраную трансфармацыю – асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом у Святым Духу. Вечарам першага дня рэкалекцый, пасля таго, як прысутныя пазнаёміліся, пачалася супольная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая працягвалася ўсю ноч. “Цішыня і святло свечак стварылі неперадавальную атмасферу сузірання Божай хвалы, падрыхтаваўшы сэрцы вернікаў да наступных дзён”, – паведамляюць нам.
Другі дзень, па словах удзельнікаў, стаў “сапраўдным сэрцам рэкалекцый”, “быў насычаны глыбокім зместам і рознымі формамі пабожнасці”. Паведамляецца, што ў гэты дзень прысутныя з вялікай увагай слухалі канферэнцыі, прысвечаныя таямніцы і дзейнасці Духа Святога, і што “разважанні, падмацаваныя жывым сведчаннем, знайшлі водгук у сэрцах тых, хто шукае Божай волі”.
Трэці дзень рэкалекцый, нядзеля, стаў своеасаблівым “фіналам духоўнай практыкі”. Ён распачаўся са сведчанняў удзельнікаў, наколькі важнымі і духоўна багатымі былі для іх гэтыя дні. Завяршылася сустрэча святой Імшой і супольнай кавай.
Арганізатары і ўдзельнікі рэкалекцый адзначаюць, што курс “Альфа”, у фармаце якога прайшлі гэтыя духоўныя практыкаванні, – “не проста серыя сустрэч, а працоўная і пераканаўчая катэхетычная ініцыятыва, заснаваная на керыгме – прапаведванні евангельскіх асноў, якая дапамагае чалавеку не толькі сістэматызаваць веды, але і спазнаць жывую, асабістую сустрэчу з Божай любоўю, якая ажыўляе і паглыбляе веру”.
“Сёння курс “Альфа”, як адзін з найбольш дзейсных спосабаў новай евангелізацыі, актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі. Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і пантыфікаў канца XX і XXI стагоддзяў да новай евангелізацыі. Сведчанне гэтага – супольнасці, якія дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах краіны: Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Навагрудку, Оршы, Нароўлі, Парэччы і Мінску, дзякуючы чаму Божае слова знаходзіць шлях да сэрцаў усё новых людзей”, – паведамляецца нам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
