Тытул касцёла: Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі
Св. Імша: у нядзелі і святы ў 13.00, у звычайныя дні ў 16.00 (зімой) / 17.00 (летам)
Адпусты: 31 мая, 16 ліпеня
Адрас: Гродзенская вобл., Астравецкі р-н, м. Гудагай, 3А
Тэл.: (8 01591) 2-86-62
Гісторыя гудагайскай парафіі цесна звязана з абразом Маці Божай. У адной з легендаў гаворыцца, што ў старажытнай ашмянскай пушчы жыў пустэльнік, які ў аддаленасці ад людзей паглыбляўся ў малітву і практыкі пакаяння, а таксама даваў парады і аказваў духоўную дапамогу людзям, якія да яго прыходзілі. А непадалёку праходзіў шлях, што яднаў захад і ўсход. У той час ездзілі па ім шматлікія купцы, якіх часта рабавалі злодзеі. Аднойчы на купецкі караван напалі рабаўнікі. На месцы, дзе гэта адбылося, засталося шмат каштоўных рэчаў. Сярод іх магла быць і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку. А ён змясціў абраз у сваім доме.
Другая легенда апавядае, што непадалёку ад Бернасішак, на хутары Паляны (захаваўся да сённяшняга дня), стаяла леснічоўка, дзе жыў пабожны ляснік. Ён меў асаблівае набажэнства да Найсвяцейшай Маці. У шалашы лесніка, або вартаўнічым будане, і з’явіўся абраз Марыі.
Паводле яшчэ адной легенды, гэты абраз быў выкінуты з дома аднаго з шляхецкіх родаў пасля прыняцця гаспадарамі пратэстантызму (кальвінізму), які адмаўляў культ Маці Божай і святых. Незалежна ад праўдзівасці версій, відавочна адно: сам Бог выбраў гэтае месца, як і шмат іншых, каб удзяляць свае ласкі.
Хутка абраз Маці Божай пачало ўшаноўваць мясцовае насельніцтва. Першыя гістарычныя дадзеныя пра невялічкую ікону памерам 31,2х27,7 см знаходзім у акце фундацыі кляштара кармэлітаў босых у Гудагаі, які датаваны 19 студзеня 1764 года. З яго даведваемся, што абраз Маці Божай Гудагайскай, які "славіўся цудамі ўжо сто гадоў", 25 верасня 1735 года купіла разам з нерухомасцю Гудагая ў рода Развадоўскіх Людвіка Ганна Война з Сулістроўскіх (Козел-Паклеўская па першым мужы), жонка дзісненскага старасты. Праз год новая гаспадыня Гудагая пабудавала для абраза капліцу замест старой, спаленай шведамі ў 1656 годзе. Такім чынам Ганна Война намагалася выпрасіць вечнае збаўленне для свайго першага мужа Міхала Козел-Паклеўскага, які трагічна загінуў падчас нападу разбойнікаў, калі вяртаўся з Варшаўскага сейма. Памерлы адышоў з гэтага свету без святых сакрамантаў і ў сне часта турбаваў жонку. Таму яна хацела, каб вернікі маліліся падчас набажэнстваў аб вечным супакоі для яе мужа.
У 1763 годзе Войны пабудавалі ў Гудагаі касцёл. Праз год з левага боку за касцёльным пляцам быў узведзены двух’ярусны кляштар кармэлітаў босых літоўскай правінцыі св. Казіміра, якія былі пераведзены з Вострай Брамы, каб апекавацца цудатворным абразом. У свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1764 годзе кармэліты ўрачыста перанеслі абраз у касцёл і змясцілі яго ў галоўным алтары. Кляштарны летапісец занатаваў, што "ўвесь Гудагай набыў урачысты выгляд. Узведзены і прыгожа аздоблены брамы на месцах прамоваў. Шлях каля ўваходу ў касцёл на некалькі метраў быў высланы дыванамі і кветкамі... Меладычная музыка злівалася з боем касцёльных званоў".
У 1777 годзе віленскім біскупам Якубам Масальскім была заснавана гудагайская парафія. У той час у ёй налічвалася каля 1500 вернікаў. Парафіяне знаходзіліся пад душпастырскай апекай кармэлітаў. Айцы арганізавалі ў мясцовасці школу для сіротаў і шпіталь, або прытулак для бедных. Старанна пашыралі культ Маці Божай, асабліва развіваючы шкаплернае набажэнства.
На жаль, дзейнасць у парафіі была перарвана пасля падаўлення лістападаўскага паўстання 1830 года. З 1832 года дэкрэтам цара Мікалая І кляштар у Гудагаі быў ліквідаваны, а яго маёмасць – перададзена дзяржаве. Парафію падзялілі і далучылі да суседніх, а касцёл, званіцу і іншыя пабудовы прадалі габрэям пад знос. Славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай знайшоў сховішча ў касцёле ў Ашмянах, куды яго разам з вотамі ва ўрачыстай працэсіі занеслі адданыя шанавальнікі.
Парафіяне не маглі пагадзіцца са стратай месца культу. Праз заступніцтва Маці Божай, а таксама малітвы і дзейнасць вернікаў, габрэі не разабралі святыню і званіцы. У 1856 годзе касцёл набыў, а потым аднавіў кс. Данат Сямашка. У 1878 годзе ад уладаў быў атрыманы дазвол праводзіць у гудагайскай святыні ў кожную суботу св. Імшу, а з часам — часцей цэлебраваць літургію ў вялікія касцёльныя святы. Дзякуючы няспынным і настойлівым намаганням вернікаў у 1906 годзе гудагайская парафія была адноўлена.
Падчас святкавання 250-годдзя з часу асвячэння (20 ліпеня 2014 года) касцёл у Гудагаі аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем.
Малiтвы да Маці Божай Шкаплернай
О прыгожая Кветка Кармэлю, найбольш пладаносная Вінаградная Лаза, хараство раю, Святая і Незвычайная! Ты, якая нарадзіла Сына Божага, застаючыся назаўсёды Беззаганнаю Дзеваю, дапамажы нам у патрэбах. О Зорка Мора, ахоўвай нас. Пакажы, што Ты — наша Маці. О Панна, хвалы годная, Маці і Каралева святога шкаплера! Праз гэты святы знак Ты праяўляеш сваю любоў да дзяцей, якія носяць яго. Ты абяцала нам апеку і дапамогу ў жыццёвых небяспеках, сваю мацярынскую прысутнасць у хвіліну смерці, а таксама хуткае вызваленне з чысца. Дапамажы мне жыць так, каб святы шкаплер, які нашу, стаў для мяне знакам збаўлення, аховай ад грахоў і заахвочваннем да пабожнага жыцця на зямлі. Амэн