18 верасня ў цэнтры Гродна быў урачыста адкрыты помнік св. Губерту. Адкрыццё прымеркавалі да Дня горада, які абласны цэнтр традыцыйна адзначае ў трэція выходныя верасня.
Манументальная дэкаратыўная скульптура святога ўсталявана на перасячэнні вуліц Савецкай і Кастрычніцкай.
Над стварэннем помніка працаваў вядомы мясцовы скульптар Уладзімір Панцялееў. Аўтар распавёў, што выношваў ідэю ўвекавечання асобы святога не адзін год і нават распрацаваў адмысловы эскіз скульптуры. Аднойчы на аркуш з выявай скульптуры св. Губерта звярнулі ўвагу прадстаўнікі мясцовай улады, якія наведалі майстэрню, і прапанавалі мастаку ўвасобіць праект у жыццё.
“Праца над помнікам кіпела цягам некалькіх месяцаў, – адзначыў Уладзімір Панцялееў. – Спачатку я зрабіў мяккі макет, каб наглядна прадэманстраваць сваю задумку, а ўжо пасля ўзяўся за стварэнне арыгінальнай скульптурнай кампазіцыі. Яе сюжэт традыцыйны: святы Губерт стаіць побач з аленем.
Падобныя помнікі можна сустрэць на вуліцах шэрагу еўрапейскіх краін. Мой аўтарскі варыянт выкананы з бронзы. Мае вышыню прыкладна 85 сантыметраў і будзе ўсталяваны на двухметровай гранітнай калоне”.
Па словах мастака, усталяваць скульптуру планавалася напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мерапрыемства адмянілі, таму ўрачыстае адкрыццё помніка адбылося ў Дзень горада.
Паводле легенды, св. Губерту падчас палявання аб’явіўся цудоўны алень з залатым крыжом паміж рагоў. Пасля гэтага знаку ён стаў адданым хрысціянінам і раздаў сваю маёмасць бедным.
Пачынаючы з сярэднявечча, святога Губерта ўшаноўвалі па ўсёй Еўропе, асаблівым чынам як апекуна паляўнічых і леснікоў. У яго гонар былі названы некалькі вайсковых ордэнаў, паляўнічы замак Губертусбург пад Дрэздэнам (Германія), буйны астэроід, адкрыты ў 1886 годзе, а алень святога з’яўляецца лагатыпам зёлкавага лікёру “Jӓgermeister”.
Ужо некалькі стагоддзяў святога Губерта як нябеснага заступніка свайго горада ўшаноўваюць гродзенцы. Сімвал святога – алень з залатым крыжам – упрыгожвае герб Гродна з 1540 года. Ён быў абраны сімвалам горада таму, што недалёка ад яго размяшчаліся багатыя паляўнічыя ўгоддзі Белавежскай і Гродзенскай пушчаў, дзе часцей за ўсё сустракаўся менавіта высакародны алень.
У тым, што на гербе Гродна алень скача праз агароджу, прасочваецца сувязь з сярэднявечнай назвай горада – “Горадзень”, якая паходзіць ад слова “гарадзіць”. Таксама агароджа сімвалізуе свабодалюбства гродзенцаў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Леанід Шчаглоў, belta.by