Skip to main content

Прэс-служба ККББ паведамляе пра вызваленне зняволеных святароў

2025 11 20 Vyzvalenyia svyatary

Прэс-служба Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў сваім Паведамленні кіруе словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да вызвалення з калоніі зняволеных святароў: ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча OMI.

Паведамленне прэс-службы ККББ

«Праяві ласкавасць да свайго слугі, і буду жыць, і захоўваць Тваё слова»
(Пс 119, 17).

Дарагія браты і сёстры.

Заахвочваючы да перажывання Юбілейнага года хрысціянства ― 2025, у сваёй буле Spes non confundit («Надзея не расчаруе») Папа Францішак заклікаў зрабіць Святы 2025 год часам даравання правінаў у адпаведнасці з гістарычным звычаем Касцёла.

Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі вітае пазітыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародным парадку, аднаўленне дыялогу паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША, а таксама ўзмацненне кантактаў з Ватыканам.

Мы рады візіту ў Беларусь высокага прадстаўніка Папы Рымскага Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроцці ў кастрычніку 2025 года і дасягнутым дамоўленасцям. Ён даўні сябар Рэспублікі Беларусь, шмат зрабіў для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, а таксама для развіцця дзяржаўна-касцёльнага і міжканфесійнага дыялогу.

Яго візіт надаў пазітыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасці і павагі да Папы Рымскага памілаваць і вызваліць каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах зняволення.

Непасрэдны і важкі ўдзел у працэсе прымалі Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыё Чэффаліа і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.

Дзякуючы Кіраўніку дзяржавы і прадстаўнікам Апостальскай Сталіцы захоўваецца пазітыўная дынаміка двухбаковых адносін, заснаваных на традыцыйных каштоўнасцях, брацтве, верацярпімасці і павазе да вернікаў.

Прэс-сакратар ККББ

Ксёндз канонік Юрый Ясевіч

Паводле Catholic.by