28 кастрычніка, у свята апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне адрэстаўраванага 300-гадовага алтара св. Юды Тадэвуша.
Асвячэнне здзейсніў падчас Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У літургіі прынялі ўдзел вернікі Гродна, якія прыйшлі ўбачыць алтар, што больш за два гады быў закрыты па прычыне рэстаўрацыйных прац, якія праводзілі майстры з Беларусі. На ўрачыстасць таксама былі запрошаны ахвярадаўцы, дзякуючы якім удалося рэалізаваць гэты праект, і самі майстры.
Паводле гістарычных крыніц, алтар датуецца 1720 годам. Роўна 300 гадоў ён прысутнічае ў гродзенскім катэдральным касцёле бачачы яго разнастайныя гістарычныя падзеі, і радасныя, і трагічныя.
Больш за два гады таму пачаліся рэстаўрацыйныя працы. Алтар спачатку быў разабраны, былі адноўлены пашкоджаныя драўляныя часткі, а пасля сборкі яго пакрылі пазалотай – так ён выглядаў раней. Быў зменены толькі сам колер алтара. Многія часткі скульптур давялося выразаць нанова.
Алтар багата аздоблены, выкананы ў барочным стылі ў майстэрні Крыстафа Пэйкера у Кёнiгсбергу з двума ярусамі, падзеленымі балюстрадай, паўколам выгнутай па восі, з акантава-стужкавым дэкорам. Перад ім зроблена паўкруглая балюстрада з падобным карункавым разьбяным арнаментам.
Скульптуры пазалочаныя і пасярэбраныя, у першым ярусе – святыя евангеліст Ян і апостал Сымон, у другім – анёлы з атрыбутамі св. Тадэвуша, у завяршэнні – святы Міхал Арханёл, які перамагае шатана, і два анёлы, якія трубяць у фанфары.
Антэпендыум упрыгожаны манаграмамі Марыі і Хрыста. Абразы, змешчаныя ў алтары, маюць такі ж узрост, як сам алтар: у цэнтральным ярусе – святы Тадэвуш, у верхнім – мучаніцтва святога Стэфана, першага мучаніка.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў усім, хто духоўным і матэрыяльным чынам паспрыяў аднаўленню алтара. Асабліва падзякаваў іерарх пробашчу кс. каноніку Яну Кучынскаму за руплівасць у аднаўленні катэдральнай святыні – маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, якая з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожай. У знак удзячнасці біскуп уручыў ахвярадаўцам і майстрам памятныя дыпломы i скульптуру св. апостала Сымона.
Пробашч парафіі паведаміў, што на гэтым рэстаўрацыйныя працы ў касцёле не завершацца: у бліжэйшы час пачнецца аднаўленне яшчэ аднаго алтара.
Ксёндз Кучынскі выказаў надзею, што дзякуючы ахвярнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў і многіх зычлівых людзей атрымаецца аднавіць іншыя алтары ў катэдры.
Кс. Юрый Марціновіч