Skip to main content

Тракелі - Гродзенская дыяцэзія

Імша з удзелам членаў апостальскага руху “Маргарытка” адбылася ў Тракелях

margarytki trokieli 79Першую святую Імшу ў межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У Эўхарыстыі асаблівы ўдзел прынялі члены малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Гэтыя асобы, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень, прыбылі з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на таямніцы Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх падкрэсліў, што візіт Марыі да Яе сваячкі стаў нагодай да дзівоснай сустрэчы не толькі дзвюх маці, якія чакалі абяцанага Богам патомства, але і дваіх дзяцей, якія – хоць пакуль нябачна для чалавечага вока – ужо жылі пад іх сэрцам.

У сувязі з гэтым біскуп заахвоціў не баяцца распачынаць нават самае далёкае, самае цяжкае падарожжа, каб занесці Бога іншаму чалавеку.

Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прапанаваў вернікам задумацца над тым, якія нашы размовы i ці ўмеем, як Марыя і святая Альжбета, дзяліцца ў размове з бліжнімі досведам веры, распавядаць пра ласкі і дары, якія Бог нам удзяліў, пра выслуханыя малітвы, споўненыя мары і чаканні.

margarytki trokieli 61

Біскуп заклікаў не баяцца размаўляць пра Пана Бога з нашымі самымі блізкімі, з членамі ўласнай сям’i, i заахвочваць да малітвы i рэлігійнага жыцця.

Іерарх звярнуўся таксама да членаў апостальства “Маргарытка”, якія духоўна падтрымліваюць святароў, каб яны самым лепшым, верным і руплівым чынам спаўнялі сваё пакліканне, і выказаў ім словы ўдзячнасці.

Як падкрэсліў біскуп, яго цешыць той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць асобаў, якія моляцца за святароў, і гэта азначае, што духоўная і малітоўная падтрымка, якую яны нясуць святарам, становіцца ўсё больш моцнай і трывалай.

“Няхай нашы малітвы – вашы за нас, святароў, і нашы, святарскія, за вас – сустрэнуцца перад тронам Бога і прынясуць плён яшчэ большага духоўнага дабра для нас усіх”, – дадаў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі мадэратар малітоўнай групы руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі ад імя ўсяго духавенства Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім членам апостальскага руху за іх штодзённыя малітвы, якія кожны з іх звяртае да Бога ў інтэнцыі абранага святара.

Прадстаўнікі руху ў гэты дзень уручылі біскупу і прысутным святарам новыя “маргарыткі”, якія азначаюць, што з гэтага часу штодзённа будуць прамаўляцца малітвы за абраных святароў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Дар’я Васілевіч

 

Імшой, якую цэлебраваў арцыбіскуп Кандрусевіч, завяршылася сустрэча моладзі ў Тракелях

kondrusewicz ddm 220-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся чарговыя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзііпад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (пар. Лк 1, 39). У іх межах заключную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў радасць сустрэчы з моладдзю, якая, па словах св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. Арцыбіскуп дадаў, што, каб быць такой, яна павінна будаваць сваю будучыню на евангельскіх каштоўнасцях, па прыкладу Марыі згаджацца з Божай воляй і несці іншым Добрую вестку Евангелля.

У гаміліі, зыходзячы з евангельскага аповеду аб наведванні Марыяй Альжбеты, арцыбіскуп засяродзіў увагу на Марыі як слузе Бога і бліжняга. Згадзіўшыся з Божай прапановай быць Маці Збаўцы, Марыя паспяшыла ў дом Альжбеты, каб дапамагчы ёй. Гэта была сустрэча не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але таксама яшчэ не народжаных Езуса і Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля, выбаўленага ад першароднага граху.

kondrusewicz ddm 1

Па словах арцыбіскупа, аповед пра звеставанне і адведзіны Марыяй Альжбеты ставіць перад сучасным чалавекам шмат пытанняў.

“Каму сёння давярае чалавек? Богу ці самому сабе, развіццю навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры, эканомікі, дыпламатыі, войску і гэтак далей? На вялікі жаль, яны становяцца яго ідаламі і ён сам усё часцей жыве так, як быццам Бога няма. Але Бог не памёр і не пайшоў на пенсію. Ён быў, ёсць і будзе. Дзейнічаў, дзейнічае і будзе дзейнічаць.

Таму, адмаўляючыся ад Бога, недапушчальна другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі, як гэта было не раз у гісторыі чалавецтва. Недапушчальна адварочвацца ад Яго і звяртацца да злога духа, што праяўляецца ў непамерным імкненні да матэрыяльных каштоўнасцяў, улады, амаральных задавальненняў; разбурэнні створанага Богам інстытуту сям’і; злачынстве супраць Божага дару жыцця; непашане да годнасці чалавека як Божага стварэння”, – на гэта звярнуў увагу іерарх.

kondrusewicz ddm 3

Езус кажа, як нагадаў арцыбіскуп, што прыйшоў кінуць агонь на зямлю і даць зямлі не супакой, а раздзяленне. Гаворка ідзе пра агонь веры, які загарэўся ў душы падчас хросту і ўмацаваўся падчас канфірмацыі, патлумачыў іерарх.

Ён адзначыў, што шмат людзей не ведае Хрыста або забыліся пра Яго, і задача моладзі – несці Хрыста ў секулярны свет. Іерарх заклікаў “не быць маладымі пенсіянерамі”, “не зацыклівацца толькі на чатах паміж сабой”, несці Евангелле сваім аднагодкам і ўсяму свету, выкарыстоўваючы медыйны патэнцыял.

“Езус уносіць падзел у свет, бо абвяшчае заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Прычына падзелу ў тым, што адны яго слухаюць, а іншыя – не. Хрысціянства не будзе здаровым, пакуль у ім не будзе месца для прароцкага супрацьстаяння злоўжыванням у нашым жыцці, – адзначыў арцыбіскуп. – Наш абавязак па прыкладзе Хрыста – прамаўляць і дзейнічаць з прароцкай адвагай, нават калі гэта вядзе да падзелу. На самой справе падзел з’яўляецца благаслаўленнем, бо схіляе да рахунку сумлення з мэтай пераходу нашага жыцця на рэйкі Евангелля”.

kondrusewicz ddm 4

Прыкладам іерарх назваў Марыю, дадаўшы, што праз наведванне Ёю Альжбеты рэалізуецца Яе пакліканне ісці новай дарогай, па якой вядзе Бог. Усё ў Яе жыцці “з’яўляецца такой паспешнасцю, якая вынікае з усведамлення, што Бог на першым месцы”.

У канцы гаміліі арцыбіскуп запрасіў да алтара маладых людзей рознага ўзросту і прапанаваў ім памяняцца абуткам і прайсціся. Гэта было складанае выпрабаванне, не ўсе маглі ісці ў чужым абутку, які не падыходзіў па памерах.

Зыходзячы з гэтага, іерарх заклікаў моладзь не паддавацца прапановам шчасця без Бога, “не змяняць абутку сваёй хрысціянскай веры”, заставацца вернымі ёй, каб быць апосталамі нашага часу, прыкладам свайго жыцця падтрымліваць агонь веры ў грамадстве, не баяцца, што свет не прымае праўды Евангелля, “бо толькі яна робіць свабоднымі і здольнымі будаваць новую шчаслівую рэчаіснасць”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі на заканчэнне падзякаваў усім арганізатарам гэтай сустрэчы на чале з душпастырам моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоніем Грэмзам.

Кусташ выказаў радасць ад таго, што Дні моладзі праходзяць ля ног Каралевы сем’яў у Тракелях, а таксама заахвоціў наведваць гэтае асаблівае месца на працягу года.

kondrusewicz ddm 6

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Марыйным заклікам завяршылася парафіяльная ўрачыстасць у Тракелях

apel 852 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

На ўрачыстасцях у Тракелях пілігрымы аднавілі абяцанні хросту

msza piligrymu 337 ліпеня ў межах адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі дапаможны біскуп архідыяцэзіі ў Маскве Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, святары з іншых месцаў.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі цэлебраваў Імшу за ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі на гэтыя ўрачыстасці, і духоўных пілігрымаў, якія не змаглі на іх прысутнічаць, але далучыліся да сабраных праз малітву.

msza piligrymu 8

У гаміліі біскуп нагадаў, што Маці Божая – “надзейны праваднік на дарогах нашага жыцця”, і разважаў пра Яе глыбокую веру – “каштоўны Божы дар”.

“Праз сваю веру Марыя ахвяруе Пану Богу, Вечнай Праўдзе, глыбокі акт пашаны і пакланення. Новай сувяззю духоўных адносін Яна яднае сябе са сваім Творцам. Яна прыносіць чалавецтву Адкупіцеля, а разам з Ім усе дары і ўсё благаслаўленне, неабходныя для збаўлення”, – сказаў іерарх.

“Належачы да народа, які ўжо даўно жыве ў Хрыстовай веры, мы атрымалі з рук Усемагутнага Пана зерне веры падчас святога хросту”, – нагадаў біскуп. Ён назваў веру вялікім дабром: “яна ўзбагачае розум новым святлом, дзякуючы якому мы больш упэўнена і поўна спазнаём праўду пра Бога”, “у яе святле мы разумеем годнасць і пакліканне чалавека”. “Такім чынам, вера – гэта не ўбоства і абмежаванасць розуму, а яго ўзбагачэнне новым пазнаннем, што з’яўляецца пачаткам вечнага шчасця”, – падкрэсліў біскуп.

Іерарх назваў веру “адным з тых звышнатуральных вузлоў, якія звязваюць паслядоўнікаў Хрыста ў адзінстве Містычнага Цела”. Па яго словах, трэба мець сардэчную ўдзячнасць Богу за ласку веры і праяўляць гэтую ўдзячнасць, старанна развіваючы сваю веру.

msza piligrymu 15

“Не будзем ставіць сваю веру ў небяспеку, чытаючы творы, атручаныя ядам рэлігійнага сумнення, недаверу да Касцёла, творы, якія прапагандуюць памылкі або фальшывую духоўнасць. Будзем ажыўляць нашу веру здаровым хлебам Божага слова, які даецца нам у Святым Пісанні з каталіцкімі каментарыямі, а таксама вучэннем Святога Касцёла. І калі мы адчуваем цяжкасці ў веры, то пойдзем па дапамогу да Марыі”, – заахвоціў біскуп.

msza piligrymu 42

На літургіі ўдзельнікі аднавілі абяцанні хросту, выракаючыся граху і вызнаючы веру ў Бога. Пілігрымы, у першую чаргу маладыя людзі, якія склалі сёлета большасць тых, хто прыйшоў у тракельскі санктуарый пешкі, праз гэты абрад маглі ўсвядоміць, што Бог шчодра адарыў іх у сакрамэнце хросту і што такім чынам яны запрошаны і пакліканы да яшчэ больш цеснага з’яднання з Ім. Пацвярджаючы, што выбіраюць Хрыста, яны абавязаліся будаваць сваё жыццё на фундаменце, якім з’яўляецца Ён.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Новая капліца св. Яна Паўла ІІ асвячана ў Тракелях

trakeli 2530 жніўня на заканчэнне Дзён малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) была асвячана новая капліца ў гонар св. Яна Паўла ІІ.

Новая малітоўная група з’явілася ў Тракелях

trakeli maci 615 студзеня афіцыйна паўстала новая малітоўная група “Маці ў малітве” пры парафіi Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат).

Павялічылася літургічная служба алтара ў Тракелях

trakeli m 222 сакавіка, у Чацвёртую нядзелю Вялікага посту, на некалькі чалавек павялічылася літургічная служба алтара ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат).

Прыватную пілігрымку ў Тракелі арганізавалі сёстры законныя з Гродна

sestry sestry 44Tры сястры законныя з Гродна – адна шантатка і дзве ядвіжанкі – арганізавалі прыватную велапілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Прызначаны шэсць новых канонікаў катэдральнага капітулу

kanonikiБіскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў шэсць новых канонікаў катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра.

Новымі канонікамі сталі:

кс. Павел Шанчук, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы і дэкан дэканату Гродна-Усход;

szanczyk

кс. Віктар Субель, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах і дэкан Іўеўскага дэканату;

subel

кс. Станіслаў Лабан, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат); loban
кс. Валянцін Хведук, пробашч парафіі св. Юрыя ў Беліцы (Лідскі дэканат);

chweduk

а. Aндрэй Шчупал CSsR, пробашч парафіі св. Юрыя ў Новай Рудзе (дэканат Гродна-Усход);

szupal

кс. Юрый Свіслоцкі, рэзідэнт парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.

Дзякуючы святарам за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх пажадаў ім Божага благаслаўлення і шчодрасці ўсялякіх ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.

Рашэнне было абвешчана 25 мая падчас сустрэчы духавенства дыяцэзіі ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

kan

Падчас сустрэчы святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты дзякавалі Богу за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і служэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Распаліць агонь зноў: сямейныя пары аднавілі на фэсце ў Тракелях сужэнскія абяцанні

suzanskija 148 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.

Яно ўжо стала традыцыяй адпустовых урачыстасцяў у тракельскім санктуарыі, а самі сужэнцы лічаць яго адным з найбольш кранальных і прыгожых момантаў гэтага фэсту.

Абяцанні любові і вернасці ў чарговы раз прынеслі сёлета на ўрачыстасцях больш за 130 сужэнскіх пар з розным стажам сямейнага жыцця.

Сужэнцаў, якія прыбылі на фэст з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, благаславіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх адрасаваў ім словы настаўлення, асабліва заахвоціўшы практыкаваць малітву ў сем’ях і разам з усімі іх членамі.

suzanskija 1

Біскуп падкрэсліў, што малітва ў сям’і дапаможа пераадолець усе канфлікты і падзелы і зноў глядзець у вочы адно аднаму з павагай і любоўю. Ён дадаў, што ў сям’і дзякуючы малітве будуць панаваць любоў і згода.

suzanskija 28

Пасля аднаўлення прысягі іерарх заахвоціў мужоў запрасіць сваіх жонак на танец – такім чынам сужэнцы маглі ўспомніць, як калісьці танцавалі першы раз. Потым біскуп і пары, якія сёлета адзначаюць юбілей сумеснага жыцця, выпусцілі ў неба над санктуарыем белых галубоў, якія сімвалізуюць любоў, вернасць, сужэнскую сумленнасць і знаходжанне разам да канца жыцця.

У канцы біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы кожнай сям’і міру.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Рэкалекцыі для катэхетаў i навучэнцаў тэалагічнага каледжа прайшлі ў Тракелях

katehety 5У апошнія дні лета, з 26 па 28 жніўня, катэхеты, a таксама навучэнцы і выпускнікі дыяцэзіяльнага Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), каб удзельнічаць у рэкалекцыях і духоўна падрыхтавацца да новага катэхетычнага года.

Арганізатарам рэкалекцый быў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам а. Анджэем Шчупалам CSsR, правёў іх кс. Павел Раманоўскі, адміністратар парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).

Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме “А плён духа – гэта любоў” (Гал 5, 22).

Як адзначалася на рэкалекцыях, любоў – сутнасць хрысціянскага веравучэння, плён адносін са Святым Духам, Яго моц, якая ўваходзіць у нас і дае радасць, шчасце, прыгажосць, паўнату, адчуванне таго, што нас любяць бескарысліва, без нашых заслуг, раней, чым мы адкажам на гэту любоў.

katehety 4

Удзельнікам рэкалекцый нагадвалася, што Езус на крыжы праз свой подых аддаў людзям апошняе, што ў Яго засталося: паветра, якое было ў Ягоных лёгкіх, – сваё існаванне. Адзначалася, што прыняцце гэтага дару – скарб, які потым можна аддаць іншым, і што мы прымаем Святога Духа, каб быць здольнымі любіць.

“Служэнне рэлігійнаму навучанню ў Каталіцкім Касцёле патрабуе мужнасці, вернасці і пакоры. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары – Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё”, – сказаў у гаміліі на Імшы ў межах рэкалекцый кс. Павел Раманоўскі.

Святар дадаў, што катэхетам трэба маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адкрыў іх сэрцы для прыняцця ласкі веры, сведчыць пра Езуса з прастатой і даверам, каб з Яго дапамогаю дасягнуць сэрцаў вучняў. Таксама, па словах кс. Паўла, катэхету трэба памятаць, што вочы вучняў скіраваны на яго, што моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці.

katehety 6

Кожны дзень рэкалекцый уключаў малітву, святую Імшу, разважанне над Божым словам, канферэнцыі.

Рэкалекцыі завяршыліся Эўхарыстыяй, на якой удзельнікі дзякавалі Богу за праведзены разам час і маліліся аб благаслаўленні і мужнасці, каб штодзённа несці святло Евангелля.

На заканчэнне кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў вялікую ўдзячнасць катэхетам. “Дзякуючы вам Божае слова можа пачуць большая колькасць людзей, ваша служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Вы з’яўляецеся ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў”, – адзначыў кусташ.

Удзельнікі рэкалекцый з добрым настроем пакідалі гасцінныя Тракелі, каб на наступны год сустрэцца там зноў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Сустрэча духавенства і свецкіх катэхетаў прайшла ў тракельскім санктуарыі

traakeli sustrecza 5322 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэча стала нагодай падзякаваць Пану Богу за 32 гады біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча i 47 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння, а таксама за 2022-2023 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.

Шматлікія ўдзельнікі – духавенства, законныя сёстры, свецкія катэхеты – выслухалі канферэнцыю “Надзея ў жыцці хрысціяніна”, з якой выступіў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.

traakeli sustrecza 45

Святар падкрэсліў, што надзея – важная цнота ў хрысціянскім жыцці, якое з’яўляецца цяжкай пілігрымкай у гэтым свеце ў дом Айца.

“Мы зносім разнастайныя жыццёвыя выпрабаванні. І менавіта дзякуючы надзеі чалавек спадзяецца, што атрымае ад Бога ўсё тое, што неабходна для дасягнення вечнага збаўлення”, – адзначыў кс. Мацкевіч.

Па словах генеральнага вікарыя, хрысціянская надзея з’яўляецца даверам Божаму Провіду і засноўваецца не на жыццёвых ілюзіях, памылковых прычынах або няправільных падставах, а нa самім Богу, асабліва на Яго ўсемагутнасці, вернасці і міласэрнасці.

“Надзея глядзіць перш за ўсё ў будучыню, хоць датычыць сённяшняга дня. Мы спадзяемся, што атрымаем ад Бога ўсё, што патрэбна для дасягнення жыцця вечнага”, – сказаў кс. Аляксандр.

Айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі, з нагоды блізкага завяршэння катэхетычнага года прадставіў справаздачу аб катэхізацыі ў мясцовым Касцёле.

Святар нагадаў пра найважнейшыя падзеі, якія праходзілі з удзелам катэхетаў у гэтым навучальным годзе, і прадставіў статыстыку аб удзеле дзяцей і моладзі ў катэхізацыі ў паасобных дэканатах.

Цэнтральнай падзеяй дня была Імша падзякі, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Аляксандр Кашкевіч.

traakeli sustrecza 52

На пачатку літургіі іерарх нагадаў, што месяц май – асаблівы час, каб выразіць удзячнасць Богу. Як падкрэсліў біскуп, у гэты час мы дзякуем Пану за дзяцей, якія ўпершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала, і за моладзь, якая ўзбагачаецца дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што для многіх святароў і кансэкраваных асобаў гэта нагода падзякаваць Богу за дар святарскага ці кансэкраванага жыцця ў чарговую гадавіну яго распачацця.

Таму, адзначыў іерарх, ён сам прыбывае з патрэбы сэрца ў гэтае святое месца, каб дзякаваць Пану, праз Марыю і разам з Ёю, за дар жыцця і ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за 32 гады біскупскага служэння.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, асаблівым чынам за духоўных асобаў і катэхетаў, якія першыя даюць прыклад жывой веры і ўказваюць іншым вернікам дыяцэзіі шлях да Бога.

Гамілію прамовіў кс. доктар Віталій Сідорка, пробашч маладой лідскай парафіі св. Юзафа, рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка. Сваё разважанне над Божым словам, прапанаваным Касцёлам на гэты дзень, ён прысвяціў тэме “Сустрэча з нясталым хрысціянствам – шанц перадаць веру ў Бога”.

Святар адзначыў, што нясталыя хрысціяне – гэта “людзі пустога сэрца”. “Мне здаецца, што, нягледзячы на шматвяковую гісторыю існавання хрысціянскага асяроддзя, культуры і ментальнасці, мы ўвесь час маем магчымасць сустрэчы з такога роду феноменамі”, – сказаў ён. Ксёндз Віталій нагадаў пра тых, для каго сацыяльныя сеткі, а не вучэнне Касцёла, становяцца аўтарытэтным асяроддзем пошуку адказаў, пра павярхоўныя адносіны бацькоў да рэлігійнага выхавання дзяцей.

Па словах святара, важна памятаць, што той, хто прапаведуе Евангелле, павінен быць “сведкам веры і ахоўнікам памяці пра Бога”, мець досвед “дабра і праўды Евангелля ў сваёй сустрэчы з асобай Езуса”.

На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся кс. канонік Станіслаў Лабан, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат), які сёлета адзначае свой залаты юбілей. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў іерарху словы падтрымкі і запэўнівання ў малітве за свайго пастыра.

Таксама віншаванні біскупу выказаў кс. Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), нядаўна выбраны радным для Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Перш чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за прысутнасць, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці правесці цудоўны і важны для яго дзень гадавіны біскупскага пасвячэння ў гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу санктуарыі.

Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі, не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Сустрэча моладзі дыяцэзіі адбылася ў Тракелях

ddm 5720-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”.

У санктуарыі сабралося каля 200 маладых людзей з розных куткоў дыяцэзіі. Пасля вялікага перапынку ў сувязі з пандэміяй гэта была першая падобная сустрэча.

Дні ў яе межах былі напоўнены малітвамі, адарацыямі, была забаўляльная праграма і канцэрт гурта “Open”.

ddm 51

Віктар Салдацэнкабыў на мерапрыемстве першы раз, ён прыехаў з гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Аўгустовак). Хлопец падзяліўся ўражаннямі: “Больш за ўсё спадабалася начная адарацыя, калі Пан Езус знаходзіўся каля нас. Неверагодная атмасфера: кранальнае разважанне, спевы пад гітару і мы ўсе разам каля Найсвяцейшага Сакрамэнту”.

ddm 38

Віктар дзякуе ўсім арганізатарам сустрэчы. “Гэта былі лепшыя два дні ў маім жыцці”, – падсумоўвае ўдзельнік.

Салістка гурта “Open” Ганна Таўрэль была на днях моладзі шмат разоў, пачынаючы з 2010 года. У Тракелях яна спявала на Імшах і адарацыях.

ddm 71

“Не атрымалася паўдзельнічаць ва ўсёй праграме, бо былі рэпетыцыі, але паглядзела іншымі вачыма, як праходзяць такія мерапрыемствы. Былі бачныя адкрытасць, радасць і дабрыня, – дзеліцца Ганна. – Трошкі хвалявалася за нас (гурт), бо такая адказнасць была ўпершыню, але з дапамогай Маці Божай у сэрцы з’явіўся супакой і ўсе разам праслаўлялі Бога спевам і ігрой”.

Маладыя вернікі з запалам у вачах развучвалі танцы, маліліся, слухалі канферэнцыі на тэму “Пяць таямніц жыцця Марыі”.

ddm 39

Незвычайным на сустрэчы было тое, што начлег быў у намётах, а ўвечары першага дня моладзь сабралася ля вогнішча.

Завяршэннем была супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

ddm 68

Ва ўдзельнікаў засталося мноства эмоцый, зарад бадзёрасці духу, новыя знаёмствы і шмат фотаздымкаў на памяць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

У пачатку ліпеня адбудзецца Тракельскі фэст

piligrymy msza 38З 7 па 9 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбудзецца традыцыйны фэст.

Дэвіз урачыстасцяў – “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і!”.

Праграма:

7 ліпеня

10.00 – спеў да Маці Божай Тракельскай, Ларэтанская літанія з удзелам кола Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі

10.30 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту

11.15 – канферэнцыя

12.00 – Крыжовы шлях

13.00 – святая Імша

15.00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці

15.30 – праца творчых пляцовак у Марыйным садзе

17.30 – прывітанне пілігрымаў

18.00 – святая Імша для пілігрымаў

20.00 – Ружанец (частка Радасная)

21.00 – канферэнцыя “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”

21.45 – Марыйны заклік

23.00 – урачыстая працэсія са свечкамі, святая Імша пастэрка

8 ліпеня

07.00 – Гадзінкі да Маці Божай, Марыйныя песні

08.00 – Ружанец (частка Святла)

09.00 – святая Імша з удзелам святароў-юбіляраў і сясцёр законных

11.00 – аднаўленне сужэнскіх абяцанняў

12.45 – падрыхтоўка да святой Імшы

13.00 – урачыстая святая Імша

17.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту “Марыя, адары мяне дарам мацярынства”

19.00 – святая Імша

21.00 – сустрэча пры вогнішчы, прагляд фільма

9 ліпеня

08.00 – Ружанец (частка Балесная)

10.00 – святая Імша “за добрага мужа ці жонку”

11.00 – канцэрт

12.00 – Ружанец (частка Хвалебная)

13.00 – святая Імша падзякі за ласкі гэтых урачыстасцяў, благаслаўленне

 

У Тракелях пачаліся ўрачыстасці: арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў Імшу для ружанцовых колаў

kandrusewicz trok 127 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў распачаўся штогадовы Тракельскі фэст. Сёлета яго дэвіз – “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”.

Першая святая Імша ў межах урачыстасцяў была прызначана для колаў Жывога Ружанца дыяцэзіі. Яе цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх нагадаў у гаміліі, што сёлетнія тракельскія ўрачыстасці адбываюцца ў 30-ю гадавіну зацверджання святым Янам Паўлам ІІ апекуноў Гродзенскай дыяцэзіі: Божай Маці Вастрабрамскай, святых Казіміра і Максімільяна Кольбэ. Таксама арцыбіскуп падкрэсліў духоўнае значэнне санктуарыяў як прыладаў у руках Бога, праз якія Ён адорвае людзей спецыяльнымі ласкамі. Такой прыладай іерарх назваў і тракельскі санктуарый.

kandrusewicz trok 8

Ён адзначыў, што члены колаў Жывога Ружанца, як і іншыя пілігрымы, сабраліся ў Тракелях, каб прасіць Марыю аб ласцы аб’яднання сэрцаў і сем’яў. “Сучасны свет расколаты, а сем’і разбітыя. У той жа час Хрыстус кажа, што разбітае валадарства будзе знішчана. Таму адзіныя лекі для аздараўлення сучаснага свету і нашых сем’яў, каб яны былі радасцю і надзеяй грамадства, – гэта адзінства”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

Хрыстус вучыць, што без Яго нічога не зробім, а найкарацейшы шлях да Яго – Марыя, нагадаў іерарх. Ён дадаў, што неабходна выкарыстаць гэты шанс – найперш з дапамогай ружанцовай малітвы, у тым ліку малітвы Жывога Ружанца. Па словах арцыбіскупа, Ружанец яднае сэрцы і сем’і, стварае моцную сувязь паміж народамі і пакаленнямі.

Гамілію арцыбіскуп завяршыў малітвай: “Марыя, у складаны час, які мы і ўвесь свет перажываем, кіруй намі і выкарыстоўвай нас так, каб мы нанава ацанілі духоўнае дабро Ружанца, асабліва ў вырашэнні праблемы аб’яднання нашых сэрцаў і сем’яў, і гэтым самым наблізілася Твая перамога дабра над злом”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Урачыстасць Першай Камуніі для дзяцей з дайлідскай парафіі адбылася каля цудадзейнай крыніцы

2020 07 25 dailidki2 00325 ліпеня незвычайная ўрачыстасць Першай святой Камуніі адбылася ў парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках, што на Астравеччыне, дзе сёлета была адноўлена пабудаваная 200 гадоў таму капліца.

Фэст у Тракелях завяршыўся Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў арцыбіскуп Станеўскі

staniewski trok 28Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) завяршыўся ўрачыстай Імшой з удзелам некалькіх тысяч вернікаў, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел іерархі ўсіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Акрамя таго, у Эўхарыстыі ўдзельнічалі некалькі прэзбітэраў і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Усіх удзельнікаў прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтае месца, якое выбраў Пан, стала “нашым духоўным санаторыем, дзе абуджаецца энтузіязм для добрых спраў і адвага, каб высакародна і годна жыць”. Біскуп дадаў, што ў Тракелі кожны прыходзіць такі, які ёсць, а адыходзіць такі, якім павінен быць – умацаваны ў добрым, здольны да бескарыслівай і трывалай любові.

staniewski trok 6

Іерарх заахвоціў прысутных “даручыць сваё сёння і заўтра Той, якая ведае імя кожнага чалавека, яго твар і гісторыю, а таксама любіць кожнага мацярынскай любоўю”.

“Дзякуючы Марыі за Яе нястомную апеку над нашымі сем’ямі і нашай краінай, папросім, каб Яна і далей бараніла нас ад усяго, што нас разбівае і падзяляе, і ад спакусы жыць так, быццам Бога няма”, – сказаў біскуп Аляксандр.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі назваў Тракелі духоўнай школай Маці Божай, дадаўшы, што “ні пандэмія каранавірусу, ні іншыя ліхалецці не зменшылі Яе культу”. Ён адзначыў, што, як нашы продкі прыходзілі да Тракельскай Багародзіцы, “каб атрымаць суцяшэнне ў нягодах, адвагу для веры ў будучыню, моц для таго, каб быць сапраўднымі хрысціянамі”, так і сённяшнія вернікі прыходзяць з просьбай аб’яднаць сем’і, сэрцы людзей, зрабіць усіх адзінай сям’ёй Божых дзяцей.

staniewski trok 22

Арцыбіскуп нагадаў словы Папы Францішка, што Хрыстус – новая маладосць свету, падкрэсліў, што “дзякуючы гэтай маладосці, з новым поглядам на чалавека, “стары кантынент” можа аднавіцца”.

Таксама іерарх нагадаў, што Маці Божая дае прыклад лагоднай веры ў збаўчую місію Хрыста, што Яна “была жанчынаю малітвы, таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні”.

Па словах арцыбіскупа, маліцца азначае думаць пра Бога і чалавека з любоўю, а любоў вельмі патрэбная сённяшняму свету. “Калі мы з’яўляемся Касцёлам, які моліцца, паслядоўнымі хрысціянамі, тады можам спрыяць перамяненню свету – пачынаючы ад перамянення свайго сэрца і нашых сем’яў, – сказаў іерарх. – Мы робім унёсак у шчасце ўсіх людзей кожны раз, калі дзеля Езуса прабачаем, дзякуем, служым іншым; становімся побач з “малымі” гэтага свету”.

Кажучы пра пілігрымаванне ў Тракелі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што важна “трымацца Таго, з Кім выйшлі ў гэты шлях, і не змяняць Яго на тое, што сустрэнеш на шляху, хоць яно бывае вельмі прывабным”.

Іерарх заклікаў вернікаў прасіць Панну Марыю дапамагаць ім любіць Бога больш за ўсё, служыць бліжнім, любіць праўду і сціпласць, вучыцца малітве ў цішыні, памятаць, што “хрысціянамі не нараджаюцца – хрысціянамі становяцца”, і таму імкнуцца пастаянна ўдасканальвацца ў веры і хрысціянскім жыцці.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што “надышоў час нашага сведчання”, што “больш чым калі-небудзь Касцёл павінен быць жывым і дынамічным”, што “быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, паглыбляць яе, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля”. “Будзем дзейснымі і актыўнымі людзьмі, а не абыякавымі спажыўцамі”, – заахвоціў ён.

Іерарх нагадаў вернікам, што Касцёл – іх дом, што ў ім іх месца і што сумесна можна захаваць гэты дом, захаваць сваю гісторыю. Ён пажадаў, каб святкаванне тракельскіх урачыстасцяў умацавала ў іх удзельніках веру, надзею, любоў, дапамагло заставацца вернымі Богу.

У канцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў дыплом падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца тракельскаму санктуарыю ў рэалізацыі разнастайных праектаў, дзякуючы чаму гэтае месца становіцца ўсё больш прыгожым.

staniewski trok 7

Старшыня райвыканкама са свайго боку павіншаваў прысутных са святам Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно “сталася сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства на Воранаўшчыне”.

Дзмітрый Захарчук дадаў, што тракельскі санктуарый – “месца, якое нясе незгасальную праўду дабра, міласэрнасці і любові, аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, поглядаў і веравызнанняў, напаўняе сэрцы супакоем, еднасцю, гонарам і радасцю за наш край”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам фэсту, а таксама тым, хто садзейнічаў яго правядзенню на высокім узроўні.

Кусташ заахвоціў памятаць пра Тракелі, падкрэсліўшы, што кожнага чакае там найлепшая Маці, якая ўсё разумее і абдымае сэрцам усіх сваіх дзяцей.

Пасля Імшы святочны настрой прысутных падтрымала выступленне духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Сака.

Калі ўрачыстасці скончыліся, удзельнікі не спяшаліся пакідаць гасцінныя Тракелі. Яны працяглы час гулялі па добраўпарадкаванай тэрыторыі ля касцёла, дзе можна было адпачыць, парадавацца хараству прыроды, зрабіць фотаздымкі на памяць пра фэст.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі