19-26 ліпеня моладзь лідскай парафіі Святой Сям’і ўдзельнічала ў рэкалекцыях у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
У гэтым годзе арганізатары рэкалекцый прапанавалі маладым людзям паразважаць на тэму сужэнскіх адносін. Таксама яны разважалі пра будаванне адносін з бліжнімі, тым, як знаходзіць агульную мову, а таксама як прымаць самога сябе.
Цэнтральнай падзеяй кожнага дня рэкалекцый была святая Імша, якую цэлебраваў вікарый лідскай парафіі ў тракельскім касцёле. Акрамя гэтага, праграма ўключала канферэнцыі, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, час на гульні і забавы, прагулку.
Адметнасцю гэтых рэкалекцый з’яўляецца тое, што ўсе пасілкі гатуе сама моладзь пад чуйным вокам сястры Гэлены. Дзяўчаты маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі хатняй гаспадыні і навучыцца гатаваць.
Атмасфера ў Тракелях і прыгажосць прыроды спрыялі таму, каб кожны з удзельнікаў мог паразважаць над сваім жыццём і задаць сабе пытанне, чаго Бог чакае ад яго і які шлях жыцця яму абраць.
Рэкалекцыі, якія арганізуюцца для моладзі гэтай парафіі кожны год, сталі, напэўна, магчымасцю далейшага духоўнага ўзрастання для іх удзельнікаў, а таксама магчымасцю ўмацавацца ў веры і вучыцца будаваць адносіны паміж сабой. У сэрцах моладзі яны, верагодна, пакінулі глыбокі след і вялікае жаданне любіць Бога і крочыць Яго шляхамі.
Кс. Юрый Марціновіч