30 жніўня на заканчэнне Дзён малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) была асвячана новая капліца ў гонар св. Яна Паўла ІІ.
Асвячэнне сімвалічна адбылося ў той год, калі адзначаецца 100-годдзе нараджэння Вялікага Папы. Новая капліца, у якой знаходзяцца рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, размешчана пад палявым алтаром, дзе цэлебруюцца ўрачыстыя літургіі для пілігрымаў.
Асвячэнне капліцы здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх выказаў удзячнасць кусташу санктуарыя кс. доктару Юрыю Бяганскаму за ініцыятыву стварэння гэтай капліцы і ўшанаванне такім чынам Святога Айца, які ў 1991 г. паклікаў да існавання Гродзенскую дыяцэзію і ў вялікай меры садзейнічаў адраджэнню касцёльных структур у нашай краіне.
Біскуп выказаў надзею, што культ святога будзе і далей развівацца на нашых землях, а вернікі, якія наведваюць Тракелі, праз яго заступніцтва будуць звяртацца ў малітвах да Бога.
Кс. Юрый Марціновіч