Людзі, якія не маюць надзеі, шукаюць у сваім жыцці толькі адмоўныя моманты і зусім не бачаць таго станоўчага і пазітыўнага, якое зусім блізка, толькі трэба правільна накіраваць свой позірк. Наша хрысціянская задача – абвяшчаць свету “Евангелле надзеі”, а таксама ўмацоўваць тую надзею, якая ў нас ужо ёсць.
У час пандэміі мы рызыкуем трапіць у “экзістэнцыяльную пустэчу”, калі пасля смерці блізкіх ці знаёмых або з-за цяжкай хваробы мы можам згубіць надзею і забыцца аб сэнсе жыцця, маральнага і духоўнага. У такія моманты мы становімся вельмі падобнымі да вучняў з Эмауса: “А мы спадзяваліся...” (Лк 24, 21).
Міф пра зямны рай прынёс зняволенне і цывілізацыю смерці. Страх перад заўтрашнім днём, няўпэўненасць, боязь, якая паралізуе альбо правакуе да прыняцця пэўных рашэнняў ці канцэнтруе ўвагу толькі на “сёння”, шукаючы ўсяго, што магло б яго задаволіць і суцешыць.
Як людзі веры мы павінны заўсёды памятаць, што жыццё чалавека – гэта пастаяннае чаканне. Сённяшні дзень ніколі цалкам не задаволіць, хоць мы яго і трактуем як шчаслівы. Нам заўсёды чагосьці не хапае. І гэта нармальна, бо мы чакаем лепшых дзён, лепшых часоў.
Сапраўдная надзея нараджаецца ў чалавеку тады, калі ён адчуе нястачу не чагосьці, а Кагосьці. І гэта надзея будзе апраўдана. Бо толькі чалавек надзеі, які моцна верыць у Езуса Хрыста, здольны адважна глядзець у будучыню (пар. Клс 1, 27). Такім людзям належыць лепшае заўтра, бо з моцнай надзеяй яны перамогуць усе спакусы песімізму і роспачы.
У вучэнні Другога Ватыканскага Сабору Касцёл прадстаўляе Марыю Унебаўзятую як знак вялікай надзеі і суцяшэння. Яна крыніца надзеі для ўсяго Касцёла, “Абяцанне Бога”. У цяжкія і цёмныя хвіліны свайго жыцця чалавек здольны ўбачыць у Марыі “Панну надзеі” як узор для ўсіх вернікаў. Праз такую сустрэчу чалавек адкрывае сваё сэрца, якое вельмі часта бывае перапоўнена горыччу і болем (асабліва зараз з-за смерці блізкіх людзей і хваробы COVID-19). А праз Яе прысутнасць чалавек упускае ў сваё сэрца “Божае паветра”, якое з’яўляецца крыніцай суцяшэння (пар. Флп 2, 1).
Яна сярод усіх вернікаў, Яна сярод нас! Яна ж была і з Хрыстом. Марыя – першая асоба, якая цалкам адчула Яго моц уваскрашэння праз веру, любоў і дасканалую сувязь з Хрыстом. Таму Марыя з’яўляецца ўзорам вялікай надзеі для чалавека і ўсяго Сусвету. Яна пастаянна пабуджае і заахвочвае ўвесь свет узрастаць у святасці і прыпадабняцца Хрысту.
“Марыя, у Табе наша надзея!” – гэта дэвіз бягучага года ў санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Паспрабуем знайсці час, каб быць з Ёй і прыгледзецца да Яе, бо яна часта з’яўляецца апошнім шанцам, каб жыць далей. У цяжкія жыццёвыя моманты давайце не будзем губляць кантроль над сабой, таму што паніка і роспач могуць забіць нас хутчэй, чым смага і голад. У цяжкія хвіліны Бог дазваляе нам знайсці сябе, бо ў пакутах мы знойдзем сапраўдны сэнс любові. Горад без людзей – гэта не горад, і свет без любові – не хрысціянскі свет. Не будзем будаваць сваю святасць на страху і ўтойванні ад Бога, але будзем святлом у цемры. Чалавек створаны не для таго, каб зразумець жыццё, а каб пражыць яго. Мы патрэбныя свету, хоць, на першы погляд, і з’яўляемся святлом толькі ў сваіх дамах. Любіце жыццё і будуйце яго шчаслівым і святым разам з Марыяй, Тракельскаю Паннай. З Марыяй мы зможам адрадзіцца да новага жыцця!
Кусташ санктуарыя ў Тракелях
кс. Юрый Бяганскі