Skip to main content

Iндывідуальную роварную пілігрымку ў Тракелі арганізавалі маладыя людзі са Шчучына

pil pijary 30Пандэмія каранавірусу змяніла ўсе планы каталіцкай моладзі, якая ў летні час ахвотна ўдзельнічала ў пілігрымках і розных сустрэчах, якія арганізоўваліся ў парафіях.

Многія маладыя людзі шукаюць выйсця з гэтай сітуацыі, каб хаця б у нейкай ступені адчуць атмасферу і настрой, якімі жылі раней.

Тры маладыя асобы са шчучынскай парафіі разам са сваім душпастырам а. Віталіем Слукой SP прыйшлі да цікавай ідэі. Яны арганізавалі індывідуальную роварную пілігрымку са Шчучына ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

У Лідзе да іх далучыліся яшчэ два чалавекі. Іх маршрут праходзіў праз тэрыторыю парафіі ў Жалудку, дзе яны спыніліся на начлег, затым праз Ліду. У зваротны шлях яны таксама накіраваліся на роварах. У цэлым яны пераадолелі 182 км.

У праграме кожнага дня была Імша, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці. Па дарозе пілігрымы наведалі таксама капліцу ў Цвермах пад Лідай, дзе знаходзіцца цудадзейны крыж.

Як адзначае а. Віталій Слука, які суправаджаў маладых людзей, гэты час яны правялі вельмі добра і мелі шмат магчымасцяў, каб узнесці малітвы Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці. “Многія прасілі нас аб малітве. Усю дарогу да Тракеляў мы маліліся ў інтэнцыі гэтых людзей”, – дадае айцец піяр.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Маці Божая, піяры, Тракелі, пілігрымка, Шчучын, моладзь