Skip to main content

Тракелі - Гродзенская дыяцэзія

З Гродна вырушыла пешая пілігрымка ў Тракелі

wyhad trokeli 32

6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Пілігрымка доўжыцца шэсць дзён, у ёй удзельнічае каля 400 чалавек. Яе дэвіз – “Мы пілігрымы надзеі”. Маршрут наступны: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

У Тракелях прайшла парафіяльная ўрачыстасць

adpust trok 9

2 ліпеня парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.

Святкаванне пачалося з раніцы, праграма ўключала Імшу раніцай, днём і ўвечары, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, урачыстую працэсію з абразом Маці Божай. “Фэст стаў сапраўдным сведчаннем жывой веры і моцнага адзінства тракельскай парафіі”, – паведамілі нам.

У ходзе ўрачыстасці вернікі, стоячы на каленях, чакалі сваёй чаргі, каб прайсці вакол алтара і дакрануцца да абраза Багародзіцы.

У малітве ўдзельнічалі святары суседніх парафій. Гамілію прамаўляў пробашч парафіі Аб’яўлення Пана і св. Антонія Падуанскага ў Каменцы кс. Андрэй Пышынскі.

Святар сказаў: “Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас умацоўваць сваю веру, нягледзячы на розныя выпрабаванні, быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам, прасіць у Панны Марыі ласку сапраўднай любові, прабачэння і добразычлівасці ў нашых сэрцах. Такім чынам мы можам быць святлом для іншага чалавека”.

Ксёндз Уладзіслаў Сурвіла, пробашч парафіі і кусташ санктуарыя ў Тракелях, падзякаваў прысутным за ўдзел і запрасіў на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, якія пройдуць там 11-12 ліпеня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Дзень маці адзначылі ў санктуарыі ў Тракелях

maci trokeli 65 мая, у першую нядзелю Марыйнага месяца, калi ў Гродзенскай дыяцэзiі адзначаецца Дзень мацi, у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) дзякавалі за дар мацярынства і маліліся за ўсіх маці – жывых і памерлых.

На малітве прысутнічалі жанчыны-маці з Радунскага, Іўеўскага і Лідскага дэканатаў, з Баранавіч (Пінская дыяцэзія), Ліды і Шчучына.

Тракельскія парафіяне рыхтаваліся да гэтага дня загадзя. У атмасферы адзінай сям’і яны прыбіралі ў касцёле, на тэрыторыі каля яго, у Марыйным садзе.

Пачалося свята з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ля цудадзейнага абраза Маці Божай.

Святочную Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі. Іншыя святары ўдзялялі сакрамэнт пакаяння і паяднання ў канфесіянале.

maci trokeli 7

Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй у гаміліі падкрэсліў: “Маці Божая прагне, каб мы наследавалі Яе, у Яе стылі выконвалі сваё індывідуальнае пакліканне, якім Бог адарыў кожнага”.

Ён патлумачыў, якім чынам наследаваць Панну Марыю: гэта значыць “быць адкрытымі на Божае слова, адказваць на яго паслухмянасцю ў веры і паводзінах”, “сведчыць сваім жыццём, што варта слухацца Бога, бо ад выканання Яго закону залежыць не толькі нашае асабістае і сямейнае шчасце, але таксама грамадскія, нацыянальныя і міжнародныя поспехі”, “давяраць Богу, быць паслухмяным Яму” і згаджацца з кожнай Яго воляй, маліцца – наследаваць Маці Божую ў малітве праслаўлення, падзякі і просьбы. “Гэты астылы ад малітвы свет трэба выратаваць, вылечыць, падтрымаць і перамяніць да лепшага праз нашу шчырую і няспынную малітву. Марыя глядзіць на нас і чакае, што мы будзем закваскай гарачай, настойлівай малітвы ў нашых сем’ях і парафіяльных супольнасцях”, – дадаў намінат. Акрамя таго, Маці Божая, па яго словах, “пастаянна ахвяравала сябе Богу і кожны дзень аднаўляла сваё ахвяраванне”. Намінат заахвоціў удзельнікаў свята прасіць Бога аб тым, каб кожны дзень станавіцца дарам Яму і людзям.

Намінат адзначыў, што Панна Марыя дае ўсім маці прыклад мацярынства. Ён падзякаваў жанчынам-маці за “прыняты дар жыцця ад Бога”, якім з’яўляюцца іх народжаныя дзеці, за “дары любові, пяшчоты і прабачэння, зразумення і ўсіх матчыных турботаў; за дар малітвы вуснаў і мову сэрца”. Намінат пажадаў усім маці Божага благаслаўлення, заклікаў даручыць Божай міласэрнасці ўсіх памерлых маці, каб яны цешыліся вечным шчасцем, і памятаць пра тых маці, “якія носяць пад сэрцам новае жыццё, каб Бог благаславіў іх і апекаваўся, каб яны з радасцю чакалі нараджэння свайго дзіцятка і шчасліва нарадзілі”.

У канцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў: “Мацярынства – гэта веліч і святасць, найважнейшая місія жанчыны, звязаная з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Ваша роля ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў грамадства заключаецца ў простым і знаёмым з самага нараджэння слове – “маці”! Матчына любоў – адзін з самых цудоўных дароў, якія Бог дае чалавеку”.

maci trokeli 5

Удзельніцы супольнасці “Маці ў малітве” і іншыя прысутныя павіншавалі біскупа Гродзенскага з імянінамі, якія ён адзначаў двума днямі раней.

У межах свята адбыўся Крыжовы шлях “Тая, што пад Крыжам стаяла”, у ходзе якога ўдзельнікі разважалі аб ролі маці ў сучасным свеце.

У канцы святкавання кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі яшчэ раз павіншаваў усіх маці са святам, aдзначыўшы: “Жыццё чалавечае – неацэнны і найдаражэйшы скарб. І тая, хто дае кожнай асобе гэты скарб, носіць ласкавае і пяшчотнае імя – Маці, Матуля, Мамачка. Для кожнага з нас маці – самы цудоўны чалавек у свеце, самы прыгожы ўнутранай прыгажосцю. Маці аддае сваю любоў і цеплыню сваім дзеткам усё жыццё, яна ўсё разумее, заўсёды даруе, яна ўмее заўсёды любіць усёй душой і сэрцам. Не саромейцеся і не шкадуйце дарыць матулечцы сваю любоў, клопат, штодзённую павагу”.

Калі пасля благаслаўлення жанчыны-маці пакідалі санктуарый, можна было заўважыць, што іх вoчы нeзвычaйнa cвяцiлicя. Удзельнікі свята дадаюць, што яму спадарожнічала асаблівая атмасфера, што і паветра, здавалася, прасякнута ўзнёслым настроем і душэўным спакоем.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

У Тракелях устаноўлена фігура Хрыста Валадара ў знак падзякі за юбілейную пілігрымку з Гродна

figura18 ліпеня кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі асвяціў фігуру Хрыста Валадара Сусвету. Яна ўстаноўлена ў лодцы на возеры Марыйнага саду тракельскага санктуарыя.

Гэтая фігура – вота падзякі за XXV юбілейную пешую пілігрымку Гродна – Тракелі і напамін, што Бог побач, што Беларусь – веруючая хрысціянская краіна.

Ідэю стварэння фігуры падтрымаў і благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ажыццяўленне гэтай справы было б немагчымым без духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі людзей добрай волі.

Як адзначыў кусташ санктуарыя, гэты помнік павінен заахвочваць мясцовых жыхароў, а таксама ўсіх гасцей і пілігрымаў, якія наведваюць Тракелі, давяраць сваё жыццё Хрысту.

Па словах ксяндза Юрыя, гэтая фігура з’яўляецца сведчаннем хрысціянскай тоеснасці Касцёла, доказам пашаны вернікаў да Хрыста і прызнання Яго права на сэрцы людзей.

“Верым, што фігура Хрыста Валадара Сусвету будзе прыцягваць да тракельскага санктуарыя і да карыстання дарам любові Езуса, якая прабачае, – сказаў святар. – Гэта своеасаблівы знак – знак надзеі, для ўсіх, хто гэтага знаку шукае. І тут, на гэтым месцы, у яго ёсць шанец стаць дастаткова распазнавальным знакам”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Фэст у Тракелях завяршыўся Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў арцыбіскуп Станеўскі

staniewski trok 28Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) завяршыўся ўрачыстай Імшой з удзелам некалькіх тысяч вернікаў, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел іерархі ўсіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Акрамя таго, у Эўхарыстыі ўдзельнічалі некалькі прэзбітэраў і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Усіх удзельнікаў прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтае месца, якое выбраў Пан, стала “нашым духоўным санаторыем, дзе абуджаецца энтузіязм для добрых спраў і адвага, каб высакародна і годна жыць”. Біскуп дадаў, што ў Тракелі кожны прыходзіць такі, які ёсць, а адыходзіць такі, якім павінен быць – умацаваны ў добрым, здольны да бескарыслівай і трывалай любові.

staniewski trok 6

Іерарх заахвоціў прысутных “даручыць сваё сёння і заўтра Той, якая ведае імя кожнага чалавека, яго твар і гісторыю, а таксама любіць кожнага мацярынскай любоўю”.

“Дзякуючы Марыі за Яе нястомную апеку над нашымі сем’ямі і нашай краінай, папросім, каб Яна і далей бараніла нас ад усяго, што нас разбівае і падзяляе, і ад спакусы жыць так, быццам Бога няма”, – сказаў біскуп Аляксандр.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі назваў Тракелі духоўнай школай Маці Божай, дадаўшы, што “ні пандэмія каранавірусу, ні іншыя ліхалецці не зменшылі Яе культу”. Ён адзначыў, што, як нашы продкі прыходзілі да Тракельскай Багародзіцы, “каб атрымаць суцяшэнне ў нягодах, адвагу для веры ў будучыню, моц для таго, каб быць сапраўднымі хрысціянамі”, так і сённяшнія вернікі прыходзяць з просьбай аб’яднаць сем’і, сэрцы людзей, зрабіць усіх адзінай сям’ёй Божых дзяцей.

staniewski trok 22

Арцыбіскуп нагадаў словы Папы Францішка, што Хрыстус – новая маладосць свету, падкрэсліў, што “дзякуючы гэтай маладосці, з новым поглядам на чалавека, “стары кантынент” можа аднавіцца”.

Таксама іерарх нагадаў, што Маці Божая дае прыклад лагоднай веры ў збаўчую місію Хрыста, што Яна “была жанчынаю малітвы, таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні”.

Па словах арцыбіскупа, маліцца азначае думаць пра Бога і чалавека з любоўю, а любоў вельмі патрэбная сённяшняму свету. “Калі мы з’яўляемся Касцёлам, які моліцца, паслядоўнымі хрысціянамі, тады можам спрыяць перамяненню свету – пачынаючы ад перамянення свайго сэрца і нашых сем’яў, – сказаў іерарх. – Мы робім унёсак у шчасце ўсіх людзей кожны раз, калі дзеля Езуса прабачаем, дзякуем, служым іншым; становімся побач з “малымі” гэтага свету”.

Кажучы пра пілігрымаванне ў Тракелі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што важна “трымацца Таго, з Кім выйшлі ў гэты шлях, і не змяняць Яго на тое, што сустрэнеш на шляху, хоць яно бывае вельмі прывабным”.

Іерарх заклікаў вернікаў прасіць Панну Марыю дапамагаць ім любіць Бога больш за ўсё, служыць бліжнім, любіць праўду і сціпласць, вучыцца малітве ў цішыні, памятаць, што “хрысціянамі не нараджаюцца – хрысціянамі становяцца”, і таму імкнуцца пастаянна ўдасканальвацца ў веры і хрысціянскім жыцці.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што “надышоў час нашага сведчання”, што “больш чым калі-небудзь Касцёл павінен быць жывым і дынамічным”, што “быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, паглыбляць яе, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля”. “Будзем дзейснымі і актыўнымі людзьмі, а не абыякавымі спажыўцамі”, – заахвоціў ён.

Іерарх нагадаў вернікам, што Касцёл – іх дом, што ў ім іх месца і што сумесна можна захаваць гэты дом, захаваць сваю гісторыю. Ён пажадаў, каб святкаванне тракельскіх урачыстасцяў умацавала ў іх удзельніках веру, надзею, любоў, дапамагло заставацца вернымі Богу.

У канцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў дыплом падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца тракельскаму санктуарыю ў рэалізацыі разнастайных праектаў, дзякуючы чаму гэтае месца становіцца ўсё больш прыгожым.

staniewski trok 7

Старшыня райвыканкама са свайго боку павіншаваў прысутных са святам Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно “сталася сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства на Воранаўшчыне”.

Дзмітрый Захарчук дадаў, што тракельскі санктуарый – “месца, якое нясе незгасальную праўду дабра, міласэрнасці і любові, аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, поглядаў і веравызнанняў, напаўняе сэрцы супакоем, еднасцю, гонарам і радасцю за наш край”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам фэсту, а таксама тым, хто садзейнічаў яго правядзенню на высокім узроўні.

Кусташ заахвоціў памятаць пра Тракелі, падкрэсліўшы, што кожнага чакае там найлепшая Маці, якая ўсё разумее і абдымае сэрцам усіх сваіх дзяцей.

Пасля Імшы святочны настрой прысутных падтрымала выступленне духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Сака.

Калі ўрачыстасці скончыліся, удзельнікі не спяшаліся пакідаць гасцінныя Тракелі. Яны працяглы час гулялі па добраўпарадкаванай тэрыторыі ля касцёла, дзе можна было адпачыць, парадавацца хараству прыроды, зрабіць фотаздымкі на памяць пра фэст.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Распаліць агонь зноў: сямейныя пары аднавілі на фэсце ў Тракелях сужэнскія абяцанні

suzanskija 148 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.

Яно ўжо стала традыцыяй адпустовых урачыстасцяў у тракельскім санктуарыі, а самі сужэнцы лічаць яго адным з найбольш кранальных і прыгожых момантаў гэтага фэсту.

Абяцанні любові і вернасці ў чарговы раз прынеслі сёлета на ўрачыстасцях больш за 130 сужэнскіх пар з розным стажам сямейнага жыцця.

Сужэнцаў, якія прыбылі на фэст з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, благаславіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх адрасаваў ім словы настаўлення, асабліва заахвоціўшы практыкаваць малітву ў сем’ях і разам з усімі іх членамі.

suzanskija 1

Біскуп падкрэсліў, што малітва ў сям’і дапаможа пераадолець усе канфлікты і падзелы і зноў глядзець у вочы адно аднаму з павагай і любоўю. Ён дадаў, што ў сям’і дзякуючы малітве будуць панаваць любоў і згода.

suzanskija 28

Пасля аднаўлення прысягі іерарх заахвоціў мужоў запрасіць сваіх жонак на танец – такім чынам сужэнцы маглі ўспомніць, як калісьці танцавалі першы раз. Потым біскуп і пары, якія сёлета адзначаюць юбілей сумеснага жыцця, выпусцілі ў неба над санктуарыем белых галубоў, якія сімвалізуюць любоў, вернасць, сужэнскую сумленнасць і знаходжанне разам да канца жыцця.

У канцы біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы кожнай сям’і міру.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Мікалай Дубінін у Тракелях: тут кожны з’яўляецца сваім

dubinin 38 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) у межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбылася Імша з удзелам святароў і кансэкраваных асобаў, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей свайго жыцця, святарства ці манаства.

Эўхарыстыю цэлебраваў дапаможны біскуп архідыяцэзіі ў Маскве Мікалай Дубінін. У тракельскіх урачыстасцях іерарх, які прыбыў з Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў упершыню.

dubinin 8

У пачатку гаміліі пастыр з Расіі падзякаваў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу за запрашэнне ў гэтае незвычайнае месца, пра якое шмат чуў.

Біскуп Мікалай адзначыў адзінства, якое пануе на такіх урачыстасцях, дзе, па яго словах, “кожны з’яўляецца сваім”.

У канцы іерарх падзякаваў арганізатару фэсту – кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму, валанцёрам, прадстаўнікам каталіцкіх СМІ.

Са словамі ўдзячнасці біскуп звярнуўся і да пілігрымаў. Ён выказаў жаданне праз год таксама паўдзельнічаць разам са сваімі вернікамі ў пілігрымцы, якая ідзе ў Тракелі.

 

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Біскуп Буткевіч у Тракелях: у штодзённых справах трэба заўважаць вялікія рэчы

nocznaja trok 74У межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях уначы адбылася Імша пастэрка, якую ўзначаліў старшыня беларускага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй, якая прайшла па Тракелях. Удзельнікі працэсіі неслі свечкі, копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы песні ў гонар Багародзіцы.

На Імшы сабралося шмат вернікаў з нашай краіны і з-за мяжы, у першую чаргу з блізкай ад Тракеляў Літвы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.

У Эўхарыстыі таксама ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі ў Маскве Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

nocznaja trok 45

Біскуп Алег Буткевіч у гаміліі звярнуў увагу на тое, што часта вернікі думаюць: у іх штодзённым жыцці цудаў няшмат. Па словах іерарха, яны мяркуюць так таму, што “чалавек часта настроены на сенсацыю”, “яму здаецца, што простыя, штодзённыя, блізкія і зразумелыя рэчы не могуць мець у сабе нічога надзвычайнага, таму не кранаюць сэрца, не выклікаюць цікаўнасці”.

Тым, каму здаецца, што ў шэрасці штодзённага жыцця не можа здарыцца цуд, біскуп нагадаў прыклад Панны Марыі. “Яна як ніхто іншы ведала свайго Сына, як кожная маці ведае сваё дзіця. І, нягледзячы на гэта, была не проста Яго Маці, а Яго вучаніцай”, – адзначыў іерарх.

nocznaja trok 58

Па яго словах, гэта прыклад таго, “каб і ў штодзённых справах бачыць незвычайныя і нават вялікія рэчы”, “бо Бог пажадаў прыходзіць да нас якраз праз звычайныя справы, звычайных людзей, у нашай штодзённасці”.

“Божае Слова пачне перамяняць нас тады, Эўхарыстыя стане крыніцай нашага аднаўлення тады, калі будзем спрабаваць убачыць у гэтым прысутнасць Кагосьці незвычайнага і вялікага”, – дадаў біскуп.

Таксама ён падкрэсліў, што сярод людзей, якіх сустракаем у штодзённым жыцці, можа быць шмат святых. Біскуп заклікаў усіх вернікаў імкнуцца быць такімі, спрабаваць глядзець на свет вачыма Хрыста і Яго Маці, і “тады гэты свет сапраўды стане лепшым”.

nocznaja trok 70

Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарыў Езус Хрыстус і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.

Акрамя таго, маліліся ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і аб жаданым для ўсяго свету міры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

На ўрачыстасцях у Тракелях пілігрымы аднавілі абяцанні хросту

msza piligrymu 337 ліпеня ў межах адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі дапаможны біскуп архідыяцэзіі ў Маскве Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, святары з іншых месцаў.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі цэлебраваў Імшу за ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі на гэтыя ўрачыстасці, і духоўных пілігрымаў, якія не змаглі на іх прысутнічаць, але далучыліся да сабраных праз малітву.

msza piligrymu 8

У гаміліі біскуп нагадаў, што Маці Божая – “надзейны праваднік на дарогах нашага жыцця”, і разважаў пра Яе глыбокую веру – “каштоўны Божы дар”.

“Праз сваю веру Марыя ахвяруе Пану Богу, Вечнай Праўдзе, глыбокі акт пашаны і пакланення. Новай сувяззю духоўных адносін Яна яднае сябе са сваім Творцам. Яна прыносіць чалавецтву Адкупіцеля, а разам з Ім усе дары і ўсё благаслаўленне, неабходныя для збаўлення”, – сказаў іерарх.

“Належачы да народа, які ўжо даўно жыве ў Хрыстовай веры, мы атрымалі з рук Усемагутнага Пана зерне веры падчас святога хросту”, – нагадаў біскуп. Ён назваў веру вялікім дабром: “яна ўзбагачае розум новым святлом, дзякуючы якому мы больш упэўнена і поўна спазнаём праўду пра Бога”, “у яе святле мы разумеем годнасць і пакліканне чалавека”. “Такім чынам, вера – гэта не ўбоства і абмежаванасць розуму, а яго ўзбагачэнне новым пазнаннем, што з’яўляецца пачаткам вечнага шчасця”, – падкрэсліў біскуп.

Іерарх назваў веру “адным з тых звышнатуральных вузлоў, якія звязваюць паслядоўнікаў Хрыста ў адзінстве Містычнага Цела”. Па яго словах, трэба мець сардэчную ўдзячнасць Богу за ласку веры і праяўляць гэтую ўдзячнасць, старанна развіваючы сваю веру.

msza piligrymu 15

“Не будзем ставіць сваю веру ў небяспеку, чытаючы творы, атручаныя ядам рэлігійнага сумнення, недаверу да Касцёла, творы, якія прапагандуюць памылкі або фальшывую духоўнасць. Будзем ажыўляць нашу веру здаровым хлебам Божага слова, які даецца нам у Святым Пісанні з каталіцкімі каментарыямі, а таксама вучэннем Святога Касцёла. І калі мы адчуваем цяжкасці ў веры, то пойдзем па дапамогу да Марыі”, – заахвоціў біскуп.

msza piligrymu 42

На літургіі ўдзельнікі аднавілі абяцанні хросту, выракаючыся граху і вызнаючы веру ў Бога. Пілігрымы, у першую чаргу маладыя людзі, якія склалі сёлета большасць тых, хто прыйшоў у тракельскі санктуарый пешкі, праз гэты абрад маглі ўсвядоміць, што Бог шчодра адарыў іх у сакрамэнце хросту і што такім чынам яны запрошаны і пакліканы да яшчэ больш цеснага з’яднання з Ім. Пацвярджаючы, што выбіраюць Хрыста, яны абавязаліся будаваць сваё жыццё на фундаменце, якім з’яўляецца Ён.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

У Тракелях пачаліся ўрачыстасці: арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў Імшу для ружанцовых колаў

kandrusewicz trok 127 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў распачаўся штогадовы Тракельскі фэст. Сёлета яго дэвіз – “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”.

Першая святая Імша ў межах урачыстасцяў была прызначана для колаў Жывога Ружанца дыяцэзіі. Яе цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх нагадаў у гаміліі, што сёлетнія тракельскія ўрачыстасці адбываюцца ў 30-ю гадавіну зацверджання святым Янам Паўлам ІІ апекуноў Гродзенскай дыяцэзіі: Божай Маці Вастрабрамскай, святых Казіміра і Максімільяна Кольбэ. Таксама арцыбіскуп падкрэсліў духоўнае значэнне санктуарыяў як прыладаў у руках Бога, праз якія Ён адорвае людзей спецыяльнымі ласкамі. Такой прыладай іерарх назваў і тракельскі санктуарый.

kandrusewicz trok 8

Ён адзначыў, што члены колаў Жывога Ружанца, як і іншыя пілігрымы, сабраліся ў Тракелях, каб прасіць Марыю аб ласцы аб’яднання сэрцаў і сем’яў. “Сучасны свет расколаты, а сем’і разбітыя. У той жа час Хрыстус кажа, што разбітае валадарства будзе знішчана. Таму адзіныя лекі для аздараўлення сучаснага свету і нашых сем’яў, каб яны былі радасцю і надзеяй грамадства, – гэта адзінства”, – падкрэсліў арцыбіскуп.

Хрыстус вучыць, што без Яго нічога не зробім, а найкарацейшы шлях да Яго – Марыя, нагадаў іерарх. Ён дадаў, што неабходна выкарыстаць гэты шанс – найперш з дапамогай ружанцовай малітвы, у тым ліку малітвы Жывога Ружанца. Па словах арцыбіскупа, Ружанец яднае сэрцы і сем’і, стварае моцную сувязь паміж народамі і пакаленнямі.

Гамілію арцыбіскуп завяршыў малітвай: “Марыя, у складаны час, які мы і ўвесь свет перажываем, кіруй намі і выкарыстоўвай нас так, каб мы нанава ацанілі духоўнае дабро Ружанца, асабліва ў вырашэнні праблемы аб’яднання нашых сэрцаў і сем’яў, і гэтым самым наблізілася Твая перамога дабра над злом”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

“Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”. Вырушыла 25- я пілігрымка Гродна - Тракелі

piigrimka w trokeli 92Раніцай 2 ліпеня з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях вырушыла 25-я пешая пілігрымка.

Больш за 200 вернікаў адправіліся ў шлях да Маці Божай. Найстарэйшаму пілігрыму 77 гадоў.

Перад выхадам пілігрымкі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася св. Імша. Яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх звярнуўся да пілігрымаў з просьбай маліцца за ўсе сем’і нашай краіны, каб у кожнай было месца для Бога, і за мір у свеце.

piigrimka w trokeli 53

Гамілію да прысутных прамовіў пробашч парафіі, якая гасцінна вітала пілігрымаў, а. Андрэй Ядкоўскі CSsR. Ён папрасіў паломнікаў быць чалавечнымі.

“Вучыцеся веры – праз цяжкасці ў дарозе, праз спеку, дождж. Праз гэта вучымся ачышчацца ад бруду, які нам перешкаджае”, – сказаў святар. А. Андрэй пажадаў знайсці сябе перад абліччам Бога, даверыцца Яму і дзякаваць, калі няпроста.

Напрыканцы св. Імшы біскуп Кашкевіч асвяціў новы пілігрымковы крыж і паблагаславіў тых, хто вырушыў у 6-дзённы шлях да Маці Божай Тракельскай.

piigrimka w trokeli 91

Сёлета арганізатары пасля 3-ох гадоў перапынку вырашылі змяніць трасу, каб удзельнікі мелі магчымасць пабачыць больш краявідаў Гродзеншчыны і захапіцца іх прыгажосцю.

Маршрут, які будзе праходзіць праз лясы і палі, вёскі і гарады, выглядае наступным чынам:

Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць– Радунь – Жырмуны - Тракелі.

Вольга Сяліцкая

 

Сустрэча духавенства і свецкіх катэхетаў прайшла ў тракельскім санктуарыі

traakeli sustrecza 5322 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэча стала нагодай падзякаваць Пану Богу за 32 гады біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча i 47 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння, а таксама за 2022-2023 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.

Шматлікія ўдзельнікі – духавенства, законныя сёстры, свецкія катэхеты – выслухалі канферэнцыю “Надзея ў жыцці хрысціяніна”, з якой выступіў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.

traakeli sustrecza 45

Святар падкрэсліў, што надзея – важная цнота ў хрысціянскім жыцці, якое з’яўляецца цяжкай пілігрымкай у гэтым свеце ў дом Айца.

“Мы зносім разнастайныя жыццёвыя выпрабаванні. І менавіта дзякуючы надзеі чалавек спадзяецца, што атрымае ад Бога ўсё тое, што неабходна для дасягнення вечнага збаўлення”, – адзначыў кс. Мацкевіч.

Па словах генеральнага вікарыя, хрысціянская надзея з’яўляецца даверам Божаму Провіду і засноўваецца не на жыццёвых ілюзіях, памылковых прычынах або няправільных падставах, а нa самім Богу, асабліва на Яго ўсемагутнасці, вернасці і міласэрнасці.

“Надзея глядзіць перш за ўсё ў будучыню, хоць датычыць сённяшняга дня. Мы спадзяемся, што атрымаем ад Бога ўсё, што патрэбна для дасягнення жыцця вечнага”, – сказаў кс. Аляксандр.

Айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі, з нагоды блізкага завяршэння катэхетычнага года прадставіў справаздачу аб катэхізацыі ў мясцовым Касцёле.

Святар нагадаў пра найважнейшыя падзеі, якія праходзілі з удзелам катэхетаў у гэтым навучальным годзе, і прадставіў статыстыку аб удзеле дзяцей і моладзі ў катэхізацыі ў паасобных дэканатах.

Цэнтральнай падзеяй дня была Імша падзякі, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Аляксандр Кашкевіч.

traakeli sustrecza 52

На пачатку літургіі іерарх нагадаў, што месяц май – асаблівы час, каб выразіць удзячнасць Богу. Як падкрэсліў біскуп, у гэты час мы дзякуем Пану за дзяцей, якія ўпершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала, і за моладзь, якая ўзбагачаецца дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што для многіх святароў і кансэкраваных асобаў гэта нагода падзякаваць Богу за дар святарскага ці кансэкраванага жыцця ў чарговую гадавіну яго распачацця.

Таму, адзначыў іерарх, ён сам прыбывае з патрэбы сэрца ў гэтае святое месца, каб дзякаваць Пану, праз Марыю і разам з Ёю, за дар жыцця і ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за 32 гады біскупскага служэння.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, асаблівым чынам за духоўных асобаў і катэхетаў, якія першыя даюць прыклад жывой веры і ўказваюць іншым вернікам дыяцэзіі шлях да Бога.

Гамілію прамовіў кс. доктар Віталій Сідорка, пробашч маладой лідскай парафіі св. Юзафа, рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка. Сваё разважанне над Божым словам, прапанаваным Касцёлам на гэты дзень, ён прысвяціў тэме “Сустрэча з нясталым хрысціянствам – шанц перадаць веру ў Бога”.

Святар адзначыў, што нясталыя хрысціяне – гэта “людзі пустога сэрца”. “Мне здаецца, што, нягледзячы на шматвяковую гісторыю існавання хрысціянскага асяроддзя, культуры і ментальнасці, мы ўвесь час маем магчымасць сустрэчы з такога роду феноменамі”, – сказаў ён. Ксёндз Віталій нагадаў пра тых, для каго сацыяльныя сеткі, а не вучэнне Касцёла, становяцца аўтарытэтным асяроддзем пошуку адказаў, пра павярхоўныя адносіны бацькоў да рэлігійнага выхавання дзяцей.

Па словах святара, важна памятаць, што той, хто прапаведуе Евангелле, павінен быць “сведкам веры і ахоўнікам памяці пра Бога”, мець досвед “дабра і праўды Евангелля ў сваёй сустрэчы з асобай Езуса”.

На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся кс. канонік Станіслаў Лабан, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат), які сёлета адзначае свой залаты юбілей. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў іерарху словы падтрымкі і запэўнівання ў малітве за свайго пастыра.

Таксама віншаванні біскупу выказаў кс. Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), нядаўна выбраны радным для Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Перш чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за прысутнасць, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці правесці цудоўны і важны для яго дзень гадавіны біскупскага пасвячэння ў гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу санктуарыі.

Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі, не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

У пачатку ліпеня адбудзецца Тракельскі фэст

piligrymy msza 38З 7 па 9 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбудзецца традыцыйны фэст.

Дэвіз урачыстасцяў – “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і!”.

Праграма:

7 ліпеня

10.00 – спеў да Маці Божай Тракельскай, Ларэтанская літанія з удзелам кола Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі

10.30 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту

11.15 – канферэнцыя

12.00 – Крыжовы шлях

13.00 – святая Імша

15.00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці

15.30 – праца творчых пляцовак у Марыйным садзе

17.30 – прывітанне пілігрымаў

18.00 – святая Імша для пілігрымаў

20.00 – Ружанец (частка Радасная)

21.00 – канферэнцыя “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”

21.45 – Марыйны заклік

23.00 – урачыстая працэсія са свечкамі, святая Імша пастэрка

8 ліпеня

07.00 – Гадзінкі да Маці Божай, Марыйныя песні

08.00 – Ружанец (частка Святла)

09.00 – святая Імша з удзелам святароў-юбіляраў і сясцёр законных

11.00 – аднаўленне сужэнскіх абяцанняў

12.45 – падрыхтоўка да святой Імшы

13.00 – урачыстая святая Імша

17.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту “Марыя, адары мяне дарам мацярынства”

19.00 – святая Імша

21.00 – сустрэча пры вогнішчы, прагляд фільма

9 ліпеня

08.00 – Ружанец (частка Балесная)

10.00 – святая Імша “за добрага мужа ці жонку”

11.00 – канцэрт

12.00 – Ружанец (частка Хвалебная)

13.00 – святая Імша падзякі за ласкі гэтых урачыстасцяў, благаслаўленне

 

Рэкалекцыі для катэхетаў i навучэнцаў тэалагічнага каледжа прайшлі ў Тракелях

katehety 5У апошнія дні лета, з 26 па 28 жніўня, катэхеты, a таксама навучэнцы і выпускнікі дыяцэзіяльнага Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), каб удзельнічаць у рэкалекцыях і духоўна падрыхтавацца да новага катэхетычнага года.

Арганізатарам рэкалекцый быў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам а. Анджэем Шчупалам CSsR, правёў іх кс. Павел Раманоўскі, адміністратар парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат).

Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме “А плён духа – гэта любоў” (Гал 5, 22).

Як адзначалася на рэкалекцыях, любоў – сутнасць хрысціянскага веравучэння, плён адносін са Святым Духам, Яго моц, якая ўваходзіць у нас і дае радасць, шчасце, прыгажосць, паўнату, адчуванне таго, што нас любяць бескарысліва, без нашых заслуг, раней, чым мы адкажам на гэту любоў.

katehety 4

Удзельнікам рэкалекцый нагадвалася, што Езус на крыжы праз свой подых аддаў людзям апошняе, што ў Яго засталося: паветра, якое было ў Ягоных лёгкіх, – сваё існаванне. Адзначалася, што прыняцце гэтага дару – скарб, які потым можна аддаць іншым, і што мы прымаем Святога Духа, каб быць здольнымі любіць.

“Служэнне рэлігійнаму навучанню ў Каталіцкім Касцёле патрабуе мужнасці, вернасці і пакоры. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары – Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё”, – сказаў у гаміліі на Імшы ў межах рэкалекцый кс. Павел Раманоўскі.

Святар дадаў, што катэхетам трэба маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адкрыў іх сэрцы для прыняцця ласкі веры, сведчыць пра Езуса з прастатой і даверам, каб з Яго дапамогаю дасягнуць сэрцаў вучняў. Таксама, па словах кс. Паўла, катэхету трэба памятаць, што вочы вучняў скіраваны на яго, што моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці.

katehety 6

Кожны дзень рэкалекцый уключаў малітву, святую Імшу, разважанне над Божым словам, канферэнцыі.

Рэкалекцыі завяршыліся Эўхарыстыяй, на якой удзельнікі дзякавалі Богу за праведзены разам час і маліліся аб благаслаўленні і мужнасці, каб штодзённа несці святло Евангелля.

На заканчэнне кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў вялікую ўдзячнасць катэхетам. “Дзякуючы вам Божае слова можа пачуць большая колькасць людзей, ваша служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Вы з’яўляецеся ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў”, – адзначыў кусташ.

Удзельнікі рэкалекцый з добрым настроем пакідалі гасцінныя Тракелі, каб на наступны год сустрэцца там зноў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Сустрэча моладзі дыяцэзіі адбылася ў Тракелях

ddm 5720-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”.

У санктуарыі сабралося каля 200 маладых людзей з розных куткоў дыяцэзіі. Пасля вялікага перапынку ў сувязі з пандэміяй гэта была першая падобная сустрэча.

Дні ў яе межах былі напоўнены малітвамі, адарацыямі, была забаўляльная праграма і канцэрт гурта “Open”.

ddm 51

Віктар Салдацэнкабыў на мерапрыемстве першы раз, ён прыехаў з гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Аўгустовак). Хлопец падзяліўся ўражаннямі: “Больш за ўсё спадабалася начная адарацыя, калі Пан Езус знаходзіўся каля нас. Неверагодная атмасфера: кранальнае разважанне, спевы пад гітару і мы ўсе разам каля Найсвяцейшага Сакрамэнту”.

ddm 38

Віктар дзякуе ўсім арганізатарам сустрэчы. “Гэта былі лепшыя два дні ў маім жыцці”, – падсумоўвае ўдзельнік.

Салістка гурта “Open” Ганна Таўрэль была на днях моладзі шмат разоў, пачынаючы з 2010 года. У Тракелях яна спявала на Імшах і адарацыях.

ddm 71

“Не атрымалася паўдзельнічаць ва ўсёй праграме, бо былі рэпетыцыі, але паглядзела іншымі вачыма, як праходзяць такія мерапрыемствы. Былі бачныя адкрытасць, радасць і дабрыня, – дзеліцца Ганна. – Трошкі хвалявалася за нас (гурт), бо такая адказнасць была ўпершыню, але з дапамогай Маці Божай у сэрцы з’явіўся супакой і ўсе разам праслаўлялі Бога спевам і ігрой”.

Маладыя вернікі з запалам у вачах развучвалі танцы, маліліся, слухалі канферэнцыі на тэму “Пяць таямніц жыцця Марыі”.

ddm 39

Незвычайным на сустрэчы было тое, што начлег быў у намётах, а ўвечары першага дня моладзь сабралася ля вогнішча.

Завяршэннем была супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

ddm 68

Ва ўдзельнікаў засталося мноства эмоцый, зарад бадзёрасці духу, новыя знаёмствы і шмат фотаздымкаў на памяць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Імшой, якую цэлебраваў арцыбіскуп Кандрусевіч, завяршылася сустрэча моладзі ў Тракелях

kondrusewicz ddm 220-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся чарговыя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзііпад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (пар. Лк 1, 39). У іх межах заключную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх падкрэсліў радасць сустрэчы з моладдзю, якая, па словах св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. Арцыбіскуп дадаў, што, каб быць такой, яна павінна будаваць сваю будучыню на евангельскіх каштоўнасцях, па прыкладу Марыі згаджацца з Божай воляй і несці іншым Добрую вестку Евангелля.

У гаміліі, зыходзячы з евангельскага аповеду аб наведванні Марыяй Альжбеты, арцыбіскуп засяродзіў увагу на Марыі як слузе Бога і бліжняга. Згадзіўшыся з Божай прапановай быць Маці Збаўцы, Марыя паспяшыла ў дом Альжбеты, каб дапамагчы ёй. Гэта была сустрэча не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але таксама яшчэ не народжаных Езуса і Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля, выбаўленага ад першароднага граху.

kondrusewicz ddm 1

Па словах арцыбіскупа, аповед пра звеставанне і адведзіны Марыяй Альжбеты ставіць перад сучасным чалавекам шмат пытанняў.

“Каму сёння давярае чалавек? Богу ці самому сабе, развіццю навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры, эканомікі, дыпламатыі, войску і гэтак далей? На вялікі жаль, яны становяцца яго ідаламі і ён сам усё часцей жыве так, як быццам Бога няма. Але Бог не памёр і не пайшоў на пенсію. Ён быў, ёсць і будзе. Дзейнічаў, дзейнічае і будзе дзейнічаць.

Таму, адмаўляючыся ад Бога, недапушчальна другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі, як гэта было не раз у гісторыі чалавецтва. Недапушчальна адварочвацца ад Яго і звяртацца да злога духа, што праяўляецца ў непамерным імкненні да матэрыяльных каштоўнасцяў, улады, амаральных задавальненняў; разбурэнні створанага Богам інстытуту сям’і; злачынстве супраць Божага дару жыцця; непашане да годнасці чалавека як Божага стварэння”, – на гэта звярнуў увагу іерарх.

kondrusewicz ddm 3

Езус кажа, як нагадаў арцыбіскуп, што прыйшоў кінуць агонь на зямлю і даць зямлі не супакой, а раздзяленне. Гаворка ідзе пра агонь веры, які загарэўся ў душы падчас хросту і ўмацаваўся падчас канфірмацыі, патлумачыў іерарх.

Ён адзначыў, што шмат людзей не ведае Хрыста або забыліся пра Яго, і задача моладзі – несці Хрыста ў секулярны свет. Іерарх заклікаў “не быць маладымі пенсіянерамі”, “не зацыклівацца толькі на чатах паміж сабой”, несці Евангелле сваім аднагодкам і ўсяму свету, выкарыстоўваючы медыйны патэнцыял.

“Езус уносіць падзел у свет, бо абвяшчае заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова. Прычына падзелу ў тым, што адны яго слухаюць, а іншыя – не. Хрысціянства не будзе здаровым, пакуль у ім не будзе месца для прароцкага супрацьстаяння злоўжыванням у нашым жыцці, – адзначыў арцыбіскуп. – Наш абавязак па прыкладзе Хрыста – прамаўляць і дзейнічаць з прароцкай адвагай, нават калі гэта вядзе да падзелу. На самой справе падзел з’яўляецца благаслаўленнем, бо схіляе да рахунку сумлення з мэтай пераходу нашага жыцця на рэйкі Евангелля”.

kondrusewicz ddm 4

Прыкладам іерарх назваў Марыю, дадаўшы, што праз наведванне Ёю Альжбеты рэалізуецца Яе пакліканне ісці новай дарогай, па якой вядзе Бог. Усё ў Яе жыцці “з’яўляецца такой паспешнасцю, якая вынікае з усведамлення, што Бог на першым месцы”.

У канцы гаміліі арцыбіскуп запрасіў да алтара маладых людзей рознага ўзросту і прапанаваў ім памяняцца абуткам і прайсціся. Гэта было складанае выпрабаванне, не ўсе маглі ісці ў чужым абутку, які не падыходзіў па памерах.

Зыходзячы з гэтага, іерарх заклікаў моладзь не паддавацца прапановам шчасця без Бога, “не змяняць абутку сваёй хрысціянскай веры”, заставацца вернымі ёй, каб быць апосталамі нашага часу, прыкладам свайго жыцця падтрымліваць агонь веры ў грамадстве, не баяцца, што свет не прымае праўды Евангелля, “бо толькі яна робіць свабоднымі і здольнымі будаваць новую шчаслівую рэчаіснасць”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі на заканчэнне падзякаваў усім арганізатарам гэтай сустрэчы на чале з душпастырам моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоніем Грэмзам.

Кусташ выказаў радасць ад таго, што Дні моладзі праходзяць ля ног Каралевы сем’яў у Тракелях, а таксама заахвоціў наведваць гэтае асаблівае месца на працягу года.

kondrusewicz ddm 6

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Дыяцэзіяльная сустрэча членаў апостальскага руху “Маргарытка” пройшла ў Тракелях

margaretki 7913 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Яны штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.

На сустрэчы сабралося каля 300 чалавек з розных месцаў дыяцэзіі. Прысутнічалі былы мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Сарэла і цяперашні мадэратар кс. Ян Раманоўскі.

У межах сустрэчы прысутныя выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў пробашч лідскай парафіі святога Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка кс. Віталій Сідорка.

margaretki 52

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі членаў малітоўнай групы руху “Маргарытка” ў дыяцэзіі.

Ксёндз Ян Раманоўскі ў гаміліі казаў, што кожны чалавек, незалежна ад узросту, – заўсёды дзіця нябеснай Маці, якая клапатліва прымае кожнага.

margaretki 63

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп ад уласнага імя і ад імя ўсяго духавенства дыяцэзіі выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальства “Маргарытка”. Ён падзякаваў за малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, бо кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства – звычайны, слабы чалавек, поўны крохкасці, абмежаванасці і недасканаласці.

Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Велапілігрымы сустрэліся ў Тракелях

welo 1814 жніўня пілігрымы на роварах з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі сустрэліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).

У гэты дзень прыбылі арганізаваныя групы з Ліды, Воранава, Іўя, а таксама іншых месцаў.

У санктуарыі іх прывітаў кусташ кс. канонік Юрый Бяганскі, які ўзначаліў для іх Імшу, ахапіўшы малітвамі ўсіх, хто прыбывае ў гэтае святое месца.

welo 2

Акрамя Эўхарыстыі, для ўдзельнікаў сустрэчы была падрыхтавана багатая праграма. Між іншым адбыўся конкурс “Лепшы велапілігрым 2022”, a таксама быў прадугледжаны адпачынак у Марыйным садзе.

У санктуарыі пілігрымы мелі магчымасць даручыць усе свае інтэнцыі Маці Божай.

Як адзначыў кусташ, звяртаючыся да прысутных, велапілігрымка – гэта не спартыўнае мерапрыемства ці тэст на трываласць, а своеасаблівая форма сустрэчы з самім сабой, іншым чалавекам і Богам. Таму ён пажадаў усім, каб у гэтым месцы кожны сапраўды мог сустрэць Пана і запрасіць Яго ў сваё жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў i Эўхарыстыяй

galounaja 7410 ліпеня, другі дзень дыяцэзіяльных урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, пачаўся з аднаўлення сужэнскіх абяцанняў.

Свае абяцанні аднавілі больш за 50 пар. Як маладыя пары, так і тыя, якія разам ужо некалькі дзясяткаў гадоў, сабраліся, каб зноў прынесці прысягу любові, вернасці, павагі і жыцця разам да смерці ў згодзе i еднасці.

galounaja 41

Цырымонію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На заканчэнне кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі запрасіў сужэнцаў да супольнага танцу.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў у тракельскім санктуарыі стала традыцыяй, бо дзе, як не ў гэтым месцы, у якім асаблівым чынам моляцца за сем’і, сужэнцы маюць магчымасць адрадзіць свае адносіны і ўдасканальвацца ў любові.

Затым адпустовыя ўрачыстасці Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, якія сёлета праходзілі пад дэвізам “З Марыяй да супакою і еднасці”, завяршыліся святой Імшой, якую ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

galounaja 77

Як падкрэсліў, вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Аляксандр Кашкевіч, тракельскі санктуарый – месца, дзе кожны пілігрым павінен усвядоміць, што Марыя – наша правадніца і настаўніца ў будаўніцтве адзінства і міру ў сем’ях, сярод суседзяў, на працы і вучобе.

“Марыя, Маці людзей, добра ведае патрэбы і жаданні чалавецтва. Ёй вядомыя ўсе нашы чалавечыя цярпенні і надзеі. Яна адчувае па-мацярынску ўсе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай”, – дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прывітаў таксама прысутных прадстаўнікоў раённых уладаў: старшыню Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыя Захарчукa i старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка.

У гаміліі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч закрануў актуальную тэму захавання міру. Ён адзначыў, што праблема міру існуе ад пачатку стварэння і пачалася ад забойства Каінам свайго брата Абэля.

Па словах арцыбіскупа, нягледзячы на шматлікія намаганні ў справе ўсталявання міру, яго як не было, так і няма; працягваецца грамадска-палітычны крызіс у нашай краіне, у выніку якога грамадства падзялілася; падзеі ва Украіне і рост напружанасці ў свеце нагадваюць аб тым, што вайна ўсё мацней грукае ў нашыя дзверы.

galounaja 58

Іерарх дадаў, што намаганняў міжнародных і грамадскіх арганізацый у справе вырашэння грамадска-палітычных, міграцыйных, збройных і іншых канфлікаў мала, неабходна Божая дапамога, нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зробім.

Адзначыўшы, што ў гэты дзень вернікі накіроўваюць свой позірк на Марыю – Каралеву супакою, і разважаючы на тэму міру і вайны, арцыбіскуп засяродзіў увагу на фацімскіх аб’яўленнях Марыі, якія мелі рашучы ўплыў на гісторыю Беларусі і ўсяго свету. Ён нагадаў, што ў іх Божая Маці заклікала да малітвы і перамены людскіх сэрцаў з мэтай усталявання міру і прадухілення небяспекі атэізацыі нашай зямлі.

“Чалавецтва не паслухала, і Марыя прадказала Другую сусветную вайну і ганенні на веру. Але не пакінула нас без надзеі, сказаўшы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і нашыя землі навернуцца. Працэс навяртання патрабуе кардынальнай змены жыцця, якое павінна будавацца на евангельскіх каштоўнасцях.

Трыццаць гадоў таму мы атрымалі свабоду веравызнання. Свабода – гэта вялікі Божы дар і адначасова заданне, з якім мы не спраўляемся. Мы разумеем свабоду як усёдазволенасць, у той час як сапраўдная свабода – гэта жыццё згодна з Божым законам, які дадзены нам для нашага дабра. Хрыстус кажа: пазнайце праўду і яна ўчыніць вас свабоднымі. На жаль, мы імкнёмся змяняць праўду і дастасоўваць яе да тэндэнцый сучаснасці. Гэтым мы прыпадабняемся свету з яго заганамі, а не Богу”, – сказаў арцыбіскуп.

“Марыя ў Фаціме прадракла навяртанне і мір на пэўны час. Ці мы належным чынам успрымаем Яе словы: на пэўны час! Ці ў святле пагрозы трэцяй сусветнай вайны яны не з’яўляюцца перасцярогай для нас? У 1917 годзе людзі адкінулі Бога, і сталася бяда. Ці мы не паўтараем мы тое ж самае? – дадаў іерарх. – Сучасны свет адкідвае Бога. Вера з’яўляецца толькі фасадам без унутранага пераканання.

galounaja 53

Крызіс веры – гэта праблема сучаснасці. На жаль, мы нярэдка стараемся яе падсалоджваць, мяркуючы, што пэўны рэлігійны дух усё яшчэ захоўваецца. Будслаўскі, Тракельскі, Гудагайскі, Браслаўскі, Лагішынскі і іншыя фэсты з вялікай колькасцю пілігрымаў укалыхваюць нас. Маўляў, усё добра і няма чаго хвалявацца.

Гэта толькі вонкавы бок медаля нашага хрысціянства. Другі бок сведчыць аб тым, што за гэтай рэлігійнай вопраткай вера старэе і гасне. Элегантны гардэроб рэлігійнага адзення не заўсёды адпавядае жывой веры. Рэлігійныя практыкі не павінны зводзіцца толькі да традыцыйнага паўтарэння мінулага рэпертуару, але быць выразам жывой і адкрытай веры”.

Па словах арцыбіскупа, надзея ў Марыі, фацімскія аб’яўленні якой з’яўляюцца актуальнымі, а іх сэнс заключаецца ў двух словах: “калі так” і “калі не”. “Гэта азначае: калі будзеце маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не – будуць праблемы. Спакой не будуецца праз святочныя віншаванні, паэзію ці пустыя слоганы. Мір магчымы праз жыццё паводле вучэння Караля супакою – Езуса Хрыста. Ён, паміраючы на крыжы, аб’яднаў усе народы і ўчыніў іх адным народам. Кожны з нас павінен ажыццяўляць вучэнне Хрыста з мэтай будаваць мір. Толькі тады, калі мір будзе ў нашых сэрцах, ён стане магчымым у свеце”, – звярнуў увагу іерарх.

У канцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч у малітоўнай форме звярнуўся да Марыі: “Каралева супакою, адведай нас і прывядзі да Езуса, каб скіраваў нашыя ногі на шлях міру”.

На заканчэнне Імшы да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, які падкрэсліў, што кожны год у Тракелі сыходзяцца тысячы пілігрымаў, каб наблізіцца да нябеснай Заступніцы, атрымаць духоўную падтрымку.

“Марыя дапамагае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных пакаленняў, будучыню і мінулае, каб узбагачаць новым зместам сучаснасць. Няхай праз стагоддзі ў Тракелях гучыць малітва за Беларусь, яе народ, нашу малую радзіму – Воранаўшчыну”, – сказаў старшыня райвыканкама.

galounaja 70

Падзячным лістом Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў быў узнагароджаны кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі, дзякуючы намаганням якога тракельскі касцёл, шэдэўр драўлянага дойлідства, стаў адметным і прывабным для пілігрымаў і турыстаў не толькі цудадзейным абразом, але і створанай вакол прыгажосцю.

Словы павагі да прысутных і віншаванні з нагоды свята выказаў таксама кіраўнік Лідскага раёна Сяргей Ложачнік.

Пасля завяршэння ўрачыстасцяў вернікі не спяшаліся пакідаць гасцінныя Тракелі. Яны працяглы час гулялі па добраўпарадкаванай тэрыторыі ля касцёла, дзе можна было адпачыць і парадавацца хараству прыроды, а на памяць пра ўрачыстасці зрабіць фота.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Aрцыбіскуп Станеўскі цэлебраваў Імшу апоўначы ў тракельскім санктуарыі

pasterka trokeli 60У межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася начная Імша пастэрка, якую ўзначаліў упершыню ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй са свечкамі па Тракелях, у якой неслі копію абраза Маці Божай, пры ўдзеле аркестру, які спяваў песні ў гонар Панны Марыі.

На Імшы сабралося шмат вернікаў з нашай краіны і з-за мяжы, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.

pasterka trokeli 42

У літургіі таксама ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня беларускага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі i Аляксандр Яшэўскі SDB. Біскуп Яшэўскі раней выступіў з канферэнцыяй „Будучыня сям’і ў руках Марыі”.

Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што ў тракельскім санктуарыі кожны пілігрым адчувае сябе бяспечна, бо агорнуты мацярынскім плашчом Марыі.

„У гэтым месцы мы адчуваем вялікі спакой сэрца, а наш шматлікі малітоўны сход дазваляе нам спазнаць незвычайнае адзінства”, – дадаў іерарх.

Па словах біскупа, сёлетнія ўрачыстасці ў гэтым месцы – нагода для Гродзенскай дыяцэзіі маліцца аб міры для ўсяго свету, найперш для тых краін і народаў, якія перажываюць цярпенні, асабліва аб тым, каб жаданы мір запанаваў у спакутаванай айчыне нашых украінскіх братоў і сясцёр.

„Мы, хрысціяне, прыглядаючыся да таго, што адбываецца ў свеце, не можам быць абыякавымі. Нашай прыладай у стараннях дзеля міру павінна быць малітва, яна нас усіх яднае. Гэта наша сіла”, – сказаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх шматлікіх прысутных пілігрымаў даручыць Найсвяцейшай Маці свае сем’і і ўсе сем’і нашай краiны. „Няхай Марыя просіць для кожнай сям’і ласку сапраўднай любові, ахвярнасці, узаемнага служэння, разумення, міру і паяднання”, – пажадаў біскуп, выказаўшы надзею, што Маці Божая са сваім дарам любові, супакою і еднасці будзе валадарыць у кожным хрысціянскім доме, сям’і, кожным чалавечым сэрцы.

pasterka trokeli 44

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі казаў пра тое, што „быць сабой і пазнаць сябе дапамагае малітва: шчырая і дабравольная, асабістая”. „Езус абяцаў, што там, дзе двое ці трое сабраліся ў Яго імя, там Ён ёсць сярод іх. Нас сёння сабралося вельмі шмат, таму Езус напэўна прабывае тут з намі”, – дадаў іерарх.

Ён адзначыў, што кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою. „Божы дар спакою прыходзіць да нас найперш праз нашы сэрцы. Менавіта сэрца акрэслівае стаўленне чалавека да Бога і да іншых людзей, – звярнуў увагу арцыбіскуп. – Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або навяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым”.

pasterka trokeli 69

Іерарх падкрэсліў, што прыкладам сапраўднага спакою быў унутраны спакой Дзевы Марыі, якая „разважала ў маўчанні пра тое, што адбываецца, захоўвала гэта ў сваёй памяці і ў сваім сэрцы, думаючы пра гэта спакойна ў глыбіні душы”, і „менавіта такі спакой, на думку Папы Бэнэдыкта XVI, варта захоўваць сярод бурлівых і незразумелых здарэнняў гісторыі, сэнсу якіх мы часта не разумеем або разумеем памылкова”.

„У той жа час святы Ян Павел ІІ быў перакананы, што паколькі людская справядлівасць заўсёды слабая і недасканалая, то трэба практыкаваць гэтую справядлівасць у духу прабачэння і ў пэўным сэнсе дапаўняць прабачэннем, якое загойвае раны і аднаўляе адносіны паміж людзьмі”, – заўважыў арцыбіскуп.

Ён пажадаў, каб у гэтым санктуарыі няспынна ўзносіліся малітвы аб супакоі, справядлівасці і прабачэнні, каб Маці Божая выпрасіла ў свайго Сына Езуса „сапраўдны спакой для нашых сэрцаў, нашых сем’яў, грамадстваў, народаў і для ўсяго свету”і каб „перад тронам Маці Тракельскай адкрываліся людскія сэрцы і іх магла напоўніць ажыўляльная моц Бога”.

Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, каб у кожным доме мог валадарыць Езус Хрыстус, a хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.

Маліліся асабліва за нешчаслівыя сем’і, тыя, якія перажываюць крызісы і якім пагражае разбіццё, просячы Марыю ўнесці ў іх штодзённасць дар ласкі, які пераменіць, асвяціць і аздаравіць сямейнае жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая

 

Апостальскі нунцый у Беларусі цэлебраваў заключную Імшу ў межах урачыстасцяў у Тракелях

nuncij trokiele 6511 ліпеня ў Тракелях святой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, завяршыліся адпустовыя ўрачыстасці Маці Божай Каралевы нашых сем’яў. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам “Марыя, у Табе наша надзея”.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, святары.

Вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прысутнасць Апостальскага нунцыя набліжае асобу Папы Францішка, якога асабліва ў гэты час, калі ён знаходзіцца ў шпіталі, падтрымліваюць сваімі малітвамі вернікі дыяцэзіі.

Біскуп падкрэсліў, што для прадстаўніка Папы гэта першая нагода прыгледзецца да вернікаў і сем’яў дыяцэзіі, якія перад літургіяй аднавілі сужэнскія абяцанні, зноў запрасіўшы Бога ў сваё жыццё.

nuncij trokiele 70

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прывітаў таксама прысутных прадстаўнікоў мясцовых і раённых уладаў на чале са старшынёй Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Заxарчуком.

Біскуп адзначыў, што Марыя ведае ўсе чалавечыя цярпенні і надзеі, бо адчувае па-мацярынску ўсе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай, якія ўзварушваюць свет.

“Таму ў салідарнасці веры, любові і надзеі мы становімся сёння перад цудадзейнай выявай нашай нябеснай Маці. Не толькі каб прасіць аб духоўных ласках, бо Яна іх для нас заўсёды, нястомна просіць, але і каб у Яе пакорна пытацца, што павінны рабіць, каб споўніць Яе матчыну добрую параду з Каны Галілейскай: “Учыніце ўсё, што Мой Сын вам скажа””, – дадаў іерарх.

У гаміліі Апостальскі нунцый адзначыў, што вельмі рады магчымасці ўзначаліць сёлетнія ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі і са шматлікімі пілігрымамі маліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Па словах іерарха, гэты абраз натхняе вернікаў кожны год і дае новыя духоўныя сілы, каб перажыць цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца на зямным шляху.

Прадстаўнік Папы дадаў, што дзякуючы Маці Божай Тракельскай гістарычная святыня становіцца ўсё больш прывабнай для вернікаў, якія знаходзяць там адпачынак, супакой, адказы на пытанні, натхненне для штодзённага жыцця, здароўе і падтрымку ў хваробе.

“Я ўпэўнены, што кожны з вас знойдзе свой асабісты спосаб наблізіцца да абраза Маці Божай Тракельскай, адкрыць сваё сэрца і папрасіць Божых ласкаў для штодзённага жыцця, асабліва ў гэты перыяд пандэміі каранавірусу”, – сказаў Апостальскі нунцый.

Арцыбіскуп заахвоціў звяртацца да Маці Божай, каб Яна прыйшла на дапамогу і абараніла чалавецтва ад усялякай заразы і пошасці, якія пагражаюць жыццю і яго годнасці, і каб усе маглі стаць усыноўленымі дзецьмі, якія не баяцца новых праблем сучаснага свету.

Разважаючы над фрагментам Евангелля пра візіт Марыі да Альжбеты, прадстаўнік Папы адзначыў, што Маці Божая дае прыклад таго, як праявіць увагу да іншых, асабліва да тых, хто пакутуе і апынуўся на перыферыі жыцця.

“Мы не можам быць пасіўнымі альбо абыякавымі да іншых, чакаючы лепшых часоў. Кожны момант адпаведны для таго, каб дзейнічаць і радаваць іншага, як гэта зрабіла Марыя, наведваючы Альжбету”, – дадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, які падкрэсліў, што цудадзейная ікона аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў і ўзбагачае сучаснасць новым зместам.

“Няхай веліч і значнасць свята адчувае кожны з прысутных і няхай праз стагоддзі гучыць у Тракелях малітва за нашу краіну і яе народ, за нашу малую радзіму – Воранаўшчыну”, – пажадаў старшыня райвыканкама.

На заканчэнне ўрачыстасцяў, падчас якіх дзякавалі за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і за яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча, які сёлета адзначае таксама 30-ю гадавіну з часу прыняцця біскупскай сакры, да прысутных звярнуўся кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі.

nuncij trokiele 73

“Няхай Маці Тракельская ўзбагачае вашыя сэрцы і адорвае вас ласкаю здароўя на наступны год плённай працы. Дазвольце Хрысту быць у вашых сем’ях, бо сям’я без Бога пазбаўлена сапраўднай любові і супакою”, – сказаў святар, падзякаваўшы ўсім за ўдзел.

Пасля завяршэння ўрачыстасцяў вернікі не спяшаліся пакідаць гасцінныя Тракелі. Яны працяглы час гулялі па добраўпарадкаванай тэрыторыі ля касцёла, дзе можна было адпачыць і парадавацца хараству прыроды, а на памяць пра ўрачыстасці зрабіць фота.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая

 

“Марыя, у Табе наша надзея”: распачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях

start 2610 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пад дэвізам “Марыя, у Табе наша надзея” распачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.

Як і кожны год, невялікая вёска каля Ліды напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з гарадоў і вёсак маляўнічай Гродзеншчыны і іншых месцаў Беларусі.

Яны прыбылі да цудатворнага абраза Марыі з Езусам на руках і святым каралевічам Казімірам, які кленчыць побач.

Сёлета пілігрымы ў санктуарыі асаблівым чынам дзякуюць за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і за яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ў гэтым годзе адзначае таксама 30-ю гадавіну з часу прыняцця біскупскай сакры.

У сувязі з пандэміяй каранавірусу не было арганізавана груп пілігрымаў, як адбывалася звычайна, аднак шмат людзей прыбыло ў індывідуальным парадку, напрыклад, з блізкіх Воранава, Іўя, Ліды ці іншых месцаў.

start 31

Усе яны сабраліся, каб падзякаваць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі за сваю сям’ю, у якой чалавек прыходзіць у свет і сталее, выхоўвае рысы характару і вучыцца жыццю. Таксама яны прыбылі прасіць, каб Найсвяцейшая Маці аберагала сучасныя сем’і ад пагрозаў, якія нясе сучасны свет; каб атачыць малітвай усе разбітыя сужэнствы і тыя, якія змагаюцца з многімі праблемамі.

Пілігрымаў радасна вітаў кусташ святыні кс. доктар Юрый Бяганскі, які за мінулы год разам са сваімі парафіянамі і пры ўдзеле людзей добрай волі змяніў выгляд санктуарыя. Сёння тут знаходзіцца не толькі цудадзейны абраз Маці Божай, але і прыгожы парк, дзе можна адпачыць і задумацца над сэнсам свайго жыцця.

Кусташ санктуарыя хоча, каб гэтае месца стала духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш – умацавацца тут духам і ўмацаваць сваю веру.

Няхай гэты час сустрэчы з Маці, які пілігрымы праводзяць у Тракелях, і прагулка па мясцовым парку будуць для кожнага благаслаўленнем.

Няхай наш санктуарый стане месцам надзеі, каб тут кожны мог адчуць сябе патрэбным і любімым, бо ў доме нябеснай Маці кожны з’яўляецца важным.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Дар’я Васілевіч

 

Імша з удзелам членаў апостальскага руху “Маргарытка” адбылася ў Тракелях

margarytki trokieli 79Першую святую Імшу ў межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У Эўхарыстыі асаблівы ўдзел прынялі члены малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Гэтыя асобы, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень, прыбылі з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на таямніцы Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх падкрэсліў, што візіт Марыі да Яе сваячкі стаў нагодай да дзівоснай сустрэчы не толькі дзвюх маці, якія чакалі абяцанага Богам патомства, але і дваіх дзяцей, якія – хоць пакуль нябачна для чалавечага вока – ужо жылі пад іх сэрцам.

У сувязі з гэтым біскуп заахвоціў не баяцца распачынаць нават самае далёкае, самае цяжкае падарожжа, каб занесці Бога іншаму чалавеку.

Таму пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прапанаваў вернікам задумацца над тым, якія нашы размовы i ці ўмеем, як Марыя і святая Альжбета, дзяліцца ў размове з бліжнімі досведам веры, распавядаць пра ласкі і дары, якія Бог нам удзяліў, пра выслуханыя малітвы, споўненыя мары і чаканні.

margarytki trokieli 61

Біскуп заклікаў не баяцца размаўляць пра Пана Бога з нашымі самымі блізкімі, з членамі ўласнай сям’i, i заахвочваць да малітвы i рэлігійнага жыцця.

Іерарх звярнуўся таксама да членаў апостальства “Маргарытка”, якія духоўна падтрымліваюць святароў, каб яны самым лепшым, верным і руплівым чынам спаўнялі сваё пакліканне, і выказаў ім словы ўдзячнасці.

Як падкрэсліў біскуп, яго цешыць той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць асобаў, якія моляцца за святароў, і гэта азначае, што духоўная і малітоўная падтрымка, якую яны нясуць святарам, становіцца ўсё больш моцнай і трывалай.

“Няхай нашы малітвы – вашы за нас, святароў, і нашы, святарскія, за вас – сустрэнуцца перад тронам Бога і прынясуць плён яшчэ большага духоўнага дабра для нас усіх”, – дадаў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі мадэратар малітоўнай групы руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі ад імя ўсяго духавенства Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім членам апостальскага руху за іх штодзённыя малітвы, якія кожны з іх звяртае да Бога ў інтэнцыі абранага святара.

Прадстаўнікі руху ў гэты дзень уручылі біскупу і прысутным святарам новыя “маргарыткі”, якія азначаюць, што з гэтага часу штодзённа будуць прамаўляцца малітвы за абраных святароў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Дар’я Васілевіч

 

Біскуп Гродзенскі ў Тракелях: Марыя жадае напоўніць усіх супакоем і радасцю

kaszkewicz trok 282 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Нягледзячы на працоўны дзень, у санктуарый прыбыло шмат пілігрымаў. Спачатку ўсе яны накіроўваліся ў маленькую драўляную святыню, каб прадставіць Маці Божай свае інтэнцыі і просьбы. Вернікі маліліся ў цішыні, дзякуючы Каралеве нашых сем’яў за ўсе ласкі, якія атрымалі ад Бога праз Яе заступніцтва.

Галоўную святую Імшу на палявым алтары ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх запрасіў прысутных адправіцца разам з Марыяй з нагоды ўрачыстасці Адведзінаў у падарожжа, якое вядзе не толькі ў дом Альжбеты і Захарыі, але і да чалавечых сэрцаў, у дамы нашых бліжніх, да іх сем’яў і іх штодзённага жыцця.

“Марыя жадае наведаць сэрца кожнага чалавека, жадае напоўніць яго супакоем і радасцю, падтрымаць надзеяй і духоўнай моцай, якія паходзяць з Добрай Навіны”, – дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Адведзіны Маці Божай вучаць чамусьці вельмі важнаму, бо кожны раз, калі мы сустракаемся з Марыяй, да нас прыходзіць Езус, а Марыя ўказвае найкарацейшы і найлепшы шлях да Яго.

kaszkewicz trok 31

“Падобна як Альжбета і святы Ян Хрысціцель у яе ўлонні, мы перажываем радасць, бо ведаем, што Пан Езус прыходзіць да нас, каб схіліцца над нашымі цяжкасцямі, смуткам, цярпеннямі, каб падтрымаць нас сваёй ласкай, каб даць нам адчуць, што нават у найцяжэйшых выпрабаваннях мы ніколі не самотныя”, – сказаў біскуп.

Ён адзначыў, што Езус не толькі прыходзіць да нас з дарам суцяшэння і ўмацавання ў цяжкасцях, але і жадае зрабіць нас сваімі сапраўднымі вучнямі.

“Пан Бог глядзіць з любоўю на таго, хто ўбогі ў духу, гэта значыць усведамляе ўласныя слабасці, абмежаванні, нават грахі, а адначасова з пакорай, прастатой і ў самапрыніжэнні просіць Пана аб літасці, прабачэнні і ласцы перамянення сэрца”, – дадаў іерарх.

Па словах біскупа, непераўзыдзеным узорам такой пакоры, уласцівай вучню Езуса, з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя.

“Марыя ўсведамляе, што не заслугоўвае ласкі Божага мацярынства, што яно проста Божы дар для Яе як ціхай і пакорнай слугі Панскай”, – патлумачыў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, якія шчодрыя, незлічоныя духоўныя ласкі, якая вялікая радасць, якое глыбокае і шчырае праслаўленне Бога нарадзілася з сустрэчы Марыі з Альжбетай.

“Падобна адбываецца заўсёды, калі мы дзелімся любоўю з бліжнімі. Мы ніколі не страчваем ад гэтага, заўсёды ўзбагачаемся, бо любоў памнажаецца ў нашых сэрцах”, – сказаў гродзенскі ардынарый.

Іерарх заахвоціў вернікаў даручыць Найсвяцейшай Маці свае сем’і і ўсе сем’і нашай краіны, каб Марыя прасіла для кожнай сям’і ласку сапраўднай любові, ахвярнасці, узаемнага служэння, разумення, міру і паяднання, a таксама валадарыла з дапамогай свайго дару любові ў кожным хрысціянскім доме, кожнай сям’і, кожным чалавечым сэрцы.

Падчас Імшы асаблівым чынам маліліся аб міры і згодзе ў кожнай сям’і, а таксама ў нашай краіне, каб усе ўмелі паважаць адзін аднаго.

На заканчэнне Эўхарыстыі кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць усім, хто наведаў у гэты дзень святое месца. Святар заклікаў прыбываць у гэтае асаблівае месца на мапе Гродзенскай вобласці цэлымі сем’ямі на адпустовыя ўрачыстасці 10-11 ліпеня, якія будуць мець дыяцэзіяльны маштаб. 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Арцём Шыдлоўскі

 

Прызначаны шэсць новых канонікаў катэдральнага капітулу

kanonikiБіскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў шэсць новых канонікаў катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра.

Новымі канонікамі сталі:

кс. Павел Шанчук, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы і дэкан дэканату Гродна-Усход;

szanczyk

кс. Віктар Субель, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах і дэкан Іўеўскага дэканату;

subel

кс. Станіслаў Лабан, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат); loban
кс. Валянцін Хведук, пробашч парафіі св. Юрыя ў Беліцы (Лідскі дэканат);

chweduk

а. Aндрэй Шчупал CSsR, пробашч парафіі св. Юрыя ў Новай Рудзе (дэканат Гродна-Усход);

szupal

кс. Юрый Свіслоцкі, рэзідэнт парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.

Дзякуючы святарам за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх пажадаў ім Божага благаслаўлення і шчодрасці ўсялякіх ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.

Рашэнне было абвешчана 25 мая падчас сустрэчы духавенства дыяцэзіі ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

kan

Падчас сустрэчы святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты дзякавалі Богу за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і служэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі