Tры сястры законныя з Гродна – адна шантатка і дзве ядвіжанкі – арганізавалі прыватную велапілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Да сясцёр далучыліся дзве свецкія асобы, якія на гэты час пакінулі свае сем’і, каб атачыць іх малітвай.
У дарогу вырушылі 25 чэрвеня. У першы дзень планавалася даехаць ад Гродна да Астрына, але пасля таго, як пераадолелі 50 км, у пілігрымаў было яшчэ шмат сіл, таму дабраліся да Новага Двара. У другі дзень запланавалі даехаць ад Новага Двара да Тракеляў.
У санктуарыі ўдзельнікі пілігрымкі хочуць даручыць усе свае інтэнцыі найлепшай Маці, а гэтых інтэнцый сёстры, як аказалася, сёлета маюць вельмі шмат. Гэта прыватныя справы, пра якія яны хочуць сказаць выключна Панне Марыі. Сястра Францішка, ядвіжанка, падзялілася, што адна з інтэнцый – малітва аб святасці святароў.
Як адзначае сястра Марлена, якая належыць да Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі, рашэнне здзейсніць пілігрымку ў гэтым годзе такім спосабам было спантанным. Стала вядома, што пешая пілігрымка з Гродна ў Тракелі, у якой яна заўсёды ўдзельнічала, сёлета не адбудзецца, і ў сэрцы было вялікае жаданне, каб, нягледзячы на ўсё, нейкім цудам прыбыць да Марыі.
Каб і адчуць хаця б у нейкай ступені цяжар пілігрымавання, і мець магчымасць прынесці ахвяру Богу, і здзейсніць усё гэта ў канкрэтнай інтэнцыі, сястра законная вырашыла сесці на ровар і так дабрацца да Тракеляў.
Ідэю адразу падтрымаў Віктар, якому яна патэлефанавала. Затым далучыцца вельмі захацелі сёстры ядвіжанкі. Потым далучылася Аксана, маці траіх дзяцей… Так удалося рэалізаваць задуму, і гэтая ідэя, як лічыць манахіня, паходзіла ад Духа Святога.
Час пілігрымавання – гэта і своеасаблівае сведчанне веры, якім сёстры ўмела дзеляцца ў дарозе. Але, з іншага боку, гэта дае добры прыклад маладым людзям, якія ўжо пачынаюць сумаваць па атмасферы пілігрымак, што, нягледзячы на пандэмію, можна арганізаваць штосьці ў сваім маштабе і маленькай групай вырушыць у шлях.
Кс. Юрый Марціновіч