Skip to main content

Вернікі гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай здзейснілі пілігрымку ў санктуарый у Тракелях

trakeli br9325 ліпеня адбылася пілігрымка вернікаў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Група вернікаў у складзе 42 чалавек накіравалася ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі, каб падзякаваць Маці Божай за атрыманне пляцоўкі пад будаўніцтва сваёй святыні ў мікрараёне Баранавічы ў Гродне. 

Новая святыня ў гонар бл. Мар’яны, якая падчас Другой сусветнай вайны была расстраляна ў Навумавічах каля Гродна, будзе пабудавана па вул. Ваўжэцкага, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці.

Пілігрымы агарнулі малітвамі ўсіх, хто прычыніўся да таго, каб была выдзелена пляцоўка пад будаўніцтва, а таксама прасілі Маці Божую аб патрэбных сілах і дапамозе ў далейшым будаванні найперш жывога Касцёла, які складаецца з людзей, каб затым супольна ўзводзіць сапраўдны дом для Пана з каменя.

trakeli br68

Падчас знаходжання вернікаў у санктуарыі кусташ кс. доктар Юрый Бяганскі пазнаёміў іх з яго гісторыяй, а таксама падзяліўся планамі на будучыню. Святар адзначыў, што для яго важнае развіццё гэтага санктуарыя, а яго жаданне – каб у Тракелях кожны адчуваў сябе як дома.

Цэнтральным момантам пілігрымкі была Імша ў святыні перад цудадзейным абразом Каралевы нашых сем’яў. Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая толькі распачынае сваю дзейнасць, узначаліў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч.

У гаміліі святар адзначыў, што Маці Божая прымае кожнага чалавека як сваё найдаражэйшае дзіця і жадае для кожнага толькі дабра. Пробашч заахвоціў даверыць Ёй усе свае штодзённыя клопаты і заклікаў “вывезці з гэтай школы Марыі ў свае дамы і сем’і тое, чаго ім найбольш не хапае”.

Пасля Імшы вернікі працяглы час маліліся перад цудадзейным абразом, прадстаўляючы Маці Божай свае патрэбы сэрца. Таксама яны маліліся ў інтэнцыі сваёй парафіі, каб з дапамогай Пана маглі стварыць сапраўдную парафіяльную сям’ю, заснаваную на Божай любові.

Завяршэннем пілігрымавання стала супольная малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці. Як заахвоціў вернікаў іх душпастыр, яны вярталіся дадому з тым, што найбольш патрэбна ім і іх блізкім, найперш з радасным сэрцам і любоўю, якую спазналі ў Тракелях.

Парафіяне перакананыя, што гэтая пілігрымка была добрай нагодай для іх духоўнага ўзрастання, а таксама для інтэграцыі, стварэння супольнасці і будавання духу, так патрэбнага сучаснаму чалавеку і свету.

JM

 

вернікі, Маці Божая, парафія бл. Мар'яны Бярнацкай, малітва, Тракелі, санктуарый, Гродна