16 жніўня ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прыбылі на супольную малітву пілігрымы на роварах.
Перад цудадзейным абразом Маці Божай яны маліліся за свае сем’і. У сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі з’явілася яшчэ адна інтэнцыя – за Бацькаўшчыну, аб мірным вырашэнні крызісу і Божым благаслаўленні для ўсяго народа.
У праграме сустрэчы былі супольная малітва на ружанцы, спартыўныя конкурсы, віктарына, гонкі, невялікі пачастунак.
Цэнтральным і найважнейшым момантам сустрэчы была святая Імша, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падзякаваў пілігрымам за іх любоў да Маці Божай, а таксама заклікаў да руплівай малітвы аб добрай, мірнай раніцы для нашай краіны, яе дачок і сыноў.
На заканчэнне сустрэчы кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі заахвоціў часта звяртацца да Тракельскай Маці, бо, як падкрэсліў, гэта асаблівае месца, дзе Яна чакае кожнага, каб ахінуць сваім мацярынскім плашчом апекі.
Кс. Юрый Марціновіч