Цёплым суботнім вечарам 25 ліпеня вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла сабраліся каля цудадзейнага абраза Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Гэтае мерапрыемства мела назву “Сустрэча з Маці”. Мэта сустрэчы заключалася ў тым, каб сабраць усю парафію каля Маці Божай Тракельскай, якой іўеўчане дзякуюць і моляцца на працягу многіх гадоў.
На Эўхарыстыю каля палявога алтара дыяцэзіянальнага санктуарыя сабраліся іўеўскія парафіяне, многія з якіх ужо жывуць ў іншых гарадах, але якіх аб’яднала і прывяла да сябе Маці Божая. Святую Імшу таксама цэлебравалі сыны іўеўскай зямлі.
У гаміліі ксёндз Андрэй Лысы TChr, які паходзіць з парафіі ў Іўі, пажадаў, каб пасля гэтай сустрэчы ўсе вярнуліся ў свае сем’і з большай любоўю і зычлівасцю.
На заканчэнне Імшы да іўяўчан звярнуўся кусташ санктуарыя ксёндз Юрый Бяганскі. Ён запрасіў усіх прыехаць да Маці Божай 16 жніўня на роварах і заахвоціў да ўдзелу ва ўрачыстасцях, якія адбудуцца ў канцы жніўня.
Вернікі іўеўскай зямлі нярэдка наведваюць святыню ў Тракелях. Ужо 23 гады праходзіць пілігрымка Іўеўскага дэканату ў Тракелі, традыцыйна першакамунійныя дзеці з Іўя прыязджаюць напрыканцы белага тыдня і, канешне, многія прыбываюць у індывідуальным парадку.
Раман Ярмош