Адным са старадаўніх месцаў культу з’яўляецца крыніца святога апостала Якуба ў вёсцы Тракелі на Астравеччыне.
Як паведамляе catholic.by, cёлета ў парафіі ў Дайлідках адзначаецца 200-годдзе з пачатку будаўніцтва першай капліцы на гэтай крыніцы, а ў новапабудаванай капліцы адбудзецца ўрачыстасць Першай Камуніі.
Вядома, што шмат стагоддзяў тысячы вернікаў штогод збіраліся 25 ліпеня ў Тракелях на фэсты апостала Якуба каля гэтай крыніцы з цудадзейнай вадой. Праз малітвы і выкарыстанне гэтай вады многія атрымалі аздараўленне. Нашы продкі выкарыстоўвалі ваду з крынічкі для прыгатавання ежы, мыліся ёю.
У 1822 годзе ў Тракелях была пабудавана студня і капліца на крыніцы св. Якуба. Кожны год вернікі з даўкшышскага (дайлідскага) касцёла хадзілі працэсіяй да крыніцы, дзе адбываўся фэст.
17 верасня 1939 г., калі на нашы землі прыйшла савецкая ўлада, фэсты былі забаронены.
У 1950 годзе быў арганізаваны калгас, каля крыніцы была пабудавана канюшня. Таксама каля крыніцы ўстанавілі вялікае карыта, адкуль паілі калгасных коней.
У 1968 годзе драўляная капліца на крыніцы была разабрана.
У 1982 годзе мясцовы калгас пачаў будаваць у Тракелях вадасховішча. Крыніца была засыпана, але, даведаўшыся пра гэта, сям’я Матыяшкойць з гэтай вёскі адкапала яе.
З 1949 па 1989 год касцёл у Дайлідках быў зачынены. У 1989 годзе вернікам удалося вярнуць святыню для парафіі. З 1990 па 2002 год у касцёл ездзілі святары з Гудагая і Солаў. У лістападзе 2002 г. пасля 53-гадовага перапынку біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў у парафію пробашчам кс. Алега Шпеня.
У 2010 годзе з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста пробашч прайшоў з вернікамі ў эўхарыстычнай працэсіі ў Тракелі ад дайлідскага касцёла. У хуткім часе жыхар Тракеляў Міхаіл Матыяшкойць паведаміў святару, што ў вёсцы ёсць крыніца апостала Якуба з цудадзейнай вадой. За дакументамі, што пацвярджаюць існаванне крыніцы, звярнуліся ў Віленскую духоўную кансісторыю.
У 2012 годзе копіі патрэбных дакументаў былі атрыманы. Улады Астравеччыны далі дазвол зноў праводзіць набажэнствы ля крыніцы.
Жыхары вёскі ачысцілі тэрыторыю вакол крыніцы ад кустоў і дрэў.
Крыніца была адноўлена, таксама каля яе быў устаноўлены крыж.
25 ліпеня 2012 года ля крыніцы адбылася святая Імша, якую цэлебравалі кс. Алег Шпень і пробашч парафіі ў Міхалішках кс. Анатоль Захарэўскі. З гэтага часу 25 ліпеня зноў пачалі адбывацца фэсты ў гонар св. Якуба, на якія з кожным годам збіраецца ўсё больш духавенства і вернікаў.
У 2014 годзе крыніцу наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 25 ліпеня 2017 года там цэлебраваў Імшу біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а ў 2018 годзе — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У 2020 годзе пад кіраўніцтвам кс. Алега Шпеня ў Тракелях была ўзведзена новая капліца.
30 чэрвеня гэтага года біскуп Аляксандр Кашкевіч выдаў дакумент, які зацвярджае значнасць крыніцы св. апостала Якуба як адзінай крыніцы з такой назвай на тэрыторыі Беларусі і як рэлігійна-культурнага і паломніцкага месца, ад якога будуць пачынацца ўсе пілігрымкі з Беларусі праз краіны Еўропы да рэліквій св. Якуба ў Іспанію.
Сёлета ў дайлідскай парафіі адзначаецца 200-годдзе з пачатку будаўніцтва першай капліцы на крыніцы ў Тракелях.
Таксама ў новапабудаванай капліцы адбудзецца ўрачыстасць Першай Камуніі гэтай парафіі.