Летні час у Касцёле асацыюецца з пешымі пілігрымкамі, якія з’яўляюцца своеасаблівым спосабам евангелізацыі. Сёлета гэты час адрозніваецца ад таго, што быў у мінулыя гады.
Вядома, што з-за эпідэміі каранавірусу традыцыйныя пешыя пілігрымкі не маглі адбыцца ў такім фармаце і з такім удзелам людзей, як раней. Некаторым вернікам, у тым ліку і духоўным асобам, ужо пачынае не хапаць гэтага. Таму яны шукаюць спосабаў зрабіць гэты час больш разнастайным і хаця б у нейкай ступені адчуць атмасферу пілігрымак.
Ксяндзу Андрэю Белаблоцкаму, вікарыю гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка), прыйшла геніяльная думка. Малады святар вырашыў прысвяціць частку свайго летняга адпачынку пілігрымаванню. Таму ён прыняў смелае рашэнне вырушыць аднаму з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Перад пачаткам шляху святар прыйшоў да біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, каб атрымаць пастырскае благаслаўленне на час “рэкалекцый у дарозе”.
24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, кс. Белаблоцкі вырушыў у дарогу – адзін, у сутане і з заплечнікам на спіне, у які паклаў патрэбныя на час пілігрымкі рэчы.
Дарогу з Гродна да Тракеляў – той самы шлях, які традыцыйны пераадольвае пешая пілігрымка, – ён плануе прайсці за чатыры дні.
У дарозе ў яго шмат часу на сустрэчу з Богам, індывідуальную малітву і абдумванне многіх спраў. Таксама ёсць час на разважанне над уласным жыццём і тым, што яшчэ патрэбна яму для ўдасканальвання ў адносінах з іншым чалавекам і Панам.
Сапраўды вартыя здзіўлення запал, адвага і энергія маладога вікарыя, які, нягледзячы на такое спякотнае надвор’е, вырушыў у шлях, каб правесці з карысцю свой час, а таксама каб даць іншым прыгожае сведчанне і прыклад.
Гэтае сведчанне найперш патрэбнае нашай зямлі і людзям у тых месцах, дзе будзе праходзіць ксёндз Андрэй.
Дай Божа, каб гэтае пілігрымаванне прынесла ў сэрцы святара плён Божага благаслаўлення, а ў сэрцах жыхароў тых мясцін, праз якія ён будзе ісці, нарадзіла сум па Богу.
Кс. Юрый Марціновіч