30 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) на заканчэнне Дзён малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі біскуп адзначыў, што да Маці Божай чалавек звяртаецца найчасцей у цяжкія, пакутлівыя хвіліны, тады, калі адчувае сябе слабым і бездапаможным, бо ў такія моманты вера, надзея, давер Пану выпрабоўваюцца. “Тады нам больш за ўсё патрэбная дапамога Маці, Яе надзейная мацярынская апека. І Марыя ніколі нам у сваёй дапамозе не адмаўляе”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў Найсвяцейшую Панну Марыю самым дасканалым прыкладам поўнага, бескарыслівага прысвячэння жыцця Богу, які трэба старацца наследаваць. “Усё Яе жыццё было пазначана крыжам цярпення, а адначасова гэта было жыццё прыгожае, бо падпарадкаванае Божай волі”, – сказаў іерарх.
Біскуп заахвоціў усіх пілігрымаў, прысутных ля славутага ласкамі абраза Маці Божай, звяртацца да Яе, каб Яна прасіла для іх ласку пакоры і вернасці Пану, асабліва ў цяжкія хвіліны.
“Няхай на шляхах нашага жыцця нам спадарожнічае Марыя, наша Заступніца, Суцяшальніца і Памочніца, каб мы пасля турботаў зямнога жыцця маглі радавацца паўнаце шчасця ў доме нашага Айца”, – дадаў іерарх.
Ён заахвоціў усіх прысутных у гістарычнай святыні да руплівай малітвы за нашу краіну і аб дары паяднання для ўсіх грамадзян, a таксама за ўсе сем’і Гродзенскай дыяцэзіі, каб паміж намі не было падзелаў, а запанаваў мір і еднасць.
Кс. Юрый Марціновіч