29-30 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся Дні малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары.
Таксама ў гэты час у санктуарыі вернікі маліліся аб міры ў нашай краіне і дары паяднання для ўсіх грамадзян на шляху дыялогу, у духу ўзаемнай павагі і клопату пра супольнае дабро.
У межах сустрэчы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Гэта было вельмі сімвалічным, бо ў месцы, дзе асаблівым чынам моляцца за нашы сем’і і аб святасці для іх, сужэнцы нагадалі сабе пра прыгажосць любові, якой былі адораны Богам, заключыўшы свой сакрамэнтальны саюз.
Стоячы перад алтаром, яны ў прысутнасці сваіх блізкіх у чарговы раз паабяцалі адно аднаму сужэнскую любоў, вернасць і павагу, а таксама тое, што будуць разам да канца жыцця. Гэты абрад стаў для іх нагодай умацаваць сужэнскую і сямейную сувязь.
Кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі ўдзяліў кожнай пары благаслаўленне і запэўніў, што ў гэтым святым месцы будуць памятаць пра ўсіх сужэнцаў і ўсе сем’і.
Кс. Юрый Марціновіч