Kаляндарны год, які падыходзіць да заканчэння, заўсёды з’яўляецца нагодай зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на працягу гэтых 365 дзён. Канец года – заўсёды таксама нагода падзякаваць Пану Богу за ўсё тое дабро, якое мы атрымалі. А ў нас, безумоўна, ёсць за што дзякаваць!
Мы перажылі столькі радасных хвілін і момантаў. Столькі дабра атрымала кожная сям’я, бо гэты год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі быў прысвечаны менавіта сям’і.
Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне мае таксама шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу. Гэта быў выключна год насычаных падзей, юбілеяў, сустрэч і рэалізацыі шматлікіх душпастырскіх праектаў, якія ўпісаліся назаўсёды ў гісторыю мясцовага Касцёла.
Дзякуючы Пану Богу за ўсе гэтыя падзеі, хочам нагадаць некаторыя з іх. Хочам зірнуць на 12 месяцаў адыходзячага года, выявіць у кожным найбольш значнае і прыгадаць яшчэ раз найцудоўнейшыя хвіліны.
Студзень
Сусветныя дні моладзі ў Панаме з удзелам нашых
22-27 студзеня ў Панаме адбыліся 34-я Сусветныя дні моладзі, у якіх прыняла ўдзел таксама дэлегацыя з Гродзенскай дыяцэзіі. Групу ўзначальваў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, адказны ў епіскапаце Беларусі за пастырства моладзі.
Сусветны форум праходзіў пад дэвізам “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”.
10-годдзе Апостальства дапамогі чыстцовым душам
26 студзеня ў гродзенскім касцёле Божай Міласэрнасці (Вішнявец) адзначалася 10-годдзе існавання ў Гродзенскай дыяцэзіі малітоўнай групы Апостальства дапамогі чыстцовым душам. Яе члены сваімі малітвамі падтрымліваюць душы памерлых, якім патрэбна ачышчэнне.
Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які падкрэсліў, што сваім сведчаннем, удзелам у жыцці парафіяльнай супольнасці члены гэтай малітоўнай групы прыцягваюць іншых да Хрыста, даюць ім добры прыклад для наследавання.
Люты
Нашы святары на XIII Чэмпіянаце Еўропы сярод каталіцкіх святароў
Kаманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі прадставіла Беларусь на XIII Чэмпіянаце Еўропы сярод каталіцкіх святароў. Чэмпіянат праходзіў з 25 лютага па 1 сакавіка ў Ульцыне ў Чарнагорыі ля вусця ракі Баяны каля мяжы з Албаніяй, над Адрыятычным морам. Нашы святары занялі 12-е месца.
5-годдзе сакры дапаможнага біскупа
Пятую гадавіну сакры адзначыў 1 лютага дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Урачыстасць адбылася ў сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Біскуп падзякаваў Богу за дар паўнаты святарства і за ўсіх людзей, да якіх Пан пасылаў яго штодзённа, а таксама папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі.
Сакавік
Біскуп Віцебскі правёў рэкалекцыі для моладзі ў Гродне
7–9 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для моладзі горада. Рэкалекцыі правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Наследаваць Хрыста, давяраць Яму і быць Яго сведкамі – гэта былі галоўныя думкі, якімі дзяліўся іерарх з удзельнікамі рэкалекцый.
Адкрыццё лямуса для турыстаў
Cамы стары драўляны будынак Беларусі, які знаходзіцца na тэрыторыі былога брыгіцкага кляштара ў Гродне, адкрылі для экскурсій у тэставым рэжыме. З сакавіка па папярэднім запісе турысты могуць наведваць драўляны лямус, адзіны у сваім родзе – пабудаваны без аніводнага цвіка – архітэктурны помнік у Беларусі.
250-годдзе касцёла ў Варнянах
23 красавіка ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адзначылі 250-годдзе з дня пабудовы і асвячэння парафіяльнага касцёла св. Юрыя. Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падзякаваць за дар святыні, якая з’яўляецца для вернікаў месцам малітвы, сабраліся святары Астравецкага дэканату, парафіяне і шматлікія госці.
Залаты юбілей біскупа Юзафа Станеўскага
4 красавіка 50-годдзе жыцця адзначыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Урачыстая Імша з гэтай нагоды адбылася ў семінарыйнай капліцы. Юбіляр дзякаваў Пану таксама за кожную ласку, якую Ён на яго спасылае, і дзякаваў біскупу Гродзенскаму за ўдзяленне пасвячэння ў трох ступенях – дыяканскага, прэзбітэрскага і біскупскага.
Maй
Шчучын прыняў удзельнікаў Дыяцэзіяльных дзён моладзі
Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі сёлета праходзілі ў Шчучыне з 6 па 8 мая. Іх дэвізaм былі абраны словы: “Па прыкладу Марыі буду служыць Пану”. Гэтыя словы працягвалі тэму Сусветных дзён моладзі, якія ў студзені прайшлі ў Панаме пад дэвізам “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 1000 чалавек з розных парафій Гродзеншчыны, а таксама прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Маладым людзям спадарожнічaлі іх душпастыры, сёстры законныя і катэхеты.
500-годдзе парафіі ў Падароску
5 мая ў Падароску (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 500-годдзе парафіі св. Елісаветы Венгерскай i Божай Міласэрнасці. На ўрачыстасці сабаліся шматлікія парафіяне і госці. Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Чэрвень
Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці
1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся IX Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. У свяце прыняло ўдзел больш за 2500 чалавек. Дзецям спадарожнічалі сёстры законныя, святары, катэхеты, бацькі і апекуны.
У падрыхтоўцы і правядзенні свята было задзейнічана больш за 120 валанцёраў і аніматараў, якія стараліся прынесці дзецям мноства радасных перажыванняў. Сёлета свята праходзіла паддэвізам “Сям’я – дом любові”.
Новая святыня ў Любчы
29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у Любчы на Навагрудчыне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі асвяціў новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага.
Паводле некаторых звестак, менавіта ў Любчы ў Нёмане быў ахрышчаны кароль Міндоўг. Тут таксама было заснавана першае на нашых землях біскупства і закладзена першая каталіцкая святыня.
Ліпень
Юбілеі ў Тракелях
12-13 ліпеня ў санктуарыі у Тракелях пад дэвізам “Марыя, атулі нашыя сем’і” прайшлі дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
У гэтым годзе адзначалася 25-годдзе абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзе пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Нашы на Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве
У ліпені ў Варшаве адбылася 31-я Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі. Парафіяда сабрала 1500 удзельнікаў з 7 краін (Польшча, Беларусь, Расія, Літва, Латвія, Германія, Украіна). З Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічалі каманды 13 парафій.
Жнівень
Урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Росі
3-4 жніўня адбыліся ўрачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат). Сёлета ў санктуарыі асабліва маліліся ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны. Таксама прасілі Езуса Журботнага, каб кожная сям’я ў сваім доме стварала адпаведны клімат, што спрыяла б нараджэнню новых і шматлікіх пакліканняў да служэння ў Касцёле.
Асвячэнне касцёла ў Беліцы
10 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў касцёл св. Юрыя ў Беліцы (Лідскі дэканат). Асвячэнне касцёла – гэта не толькі знешні акт, які завяршае доўгія працы па яго будаўніцтве, а вельмі важны літургічны акт, праз які біскуп як пастыр мясцовага Касцёла ў дыяцэзіі публічна і ўрачыста прызначае ўзведзены вернікамі будынак быць святыняй Бога, каб у ёй збіралася мясцовая супольнасць хрысціян.
Верасень
Юбілей пастыра дыяцэзіі
23 верасня юбілей 70-годдзя адзначыў біскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевіч. Іерарх, які стаў у 1991 г. першым біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі, нарадзіўся ў 1949 г. у в. Падгайдзе, што належыць да парафіі Эйшышкі на Віленшчыне, у шматдзетнай сям’і земляробаў. З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая Імша ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, якую ўзначаліў юбіляр.
30-ы навучальны год у гродзенскай Alma mater
30 верасня ўрачыстым актам інаўгурацыі навучальнага года Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне ў 30-ы раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу.
Кастрычнік
Асвячэнне капліцы ў Палянах
5 кастрычніка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі здзейсніў асвячэнне адноўленай капліцы ў в. Паляны, якая належыць да парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.
Капліца пабудавана ў 1819 г. з фундацыі Амброзія Янкоўскага – мясцовага памешчыка, знаходзіцца на тэрыторыі могілак у паўночнай частцы Палянаў. Ініцыятарам аднаўлення гістарычнага сакральнага будынка выступіў дэкан Ашмянскі кс. канонік Ян Пузына.
25-годдзе гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля
12-13 кастрычніка адбыліся святкаванні 25-годдзя заснавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). Гэтая парафія вельмі жывая і маладая. Пры ёй дзейнічае шмат душпастырстваў, малітоўных груп і супольнасцяў, парафіяльны хор “Vox Domini” i тэатр св. Яна Паўла ІІ. Штогод парафія арганізуе шмат розных душпастырскіх акцый і рэалізуе шматлікія праекты.
Лістапад
Новая парафія ў Гродне
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі атрымала новая парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне. Пасведчанне было сімвалічна падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам. Новая парафія ахоплівае мікрараёны горада Гродна Ласоснa i Баранавічы.
Апякункай парафіі абрана благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая недалёка ад гэтага мікрараёна была 13 ліпеня 1943 г. разам з сынам і 48 жыхарамі Ліпска расстраляна фашыстамі на фартах за вёскай Навумавічы.
Пасвячэнні прэзбітэрату і дыяканату
16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне аднаму дыякану і дыяканскае пасвячэнне пяці семінарыстам. Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Снежань
30-годдзе вяртання святыні ў Зэльве і Рандзілаўшчыне
Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 30-ю гадавіну з часу вяртання вернікам парафіяльнай святыні aдзначылi ў Зэльве (Слонімскі дэканат) i Рандзілаўшчыне (Дзятлаўскі дэканат).
Бэтлеемскі агонь
19 снежня ў гродзенскі катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя быў унесены бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. З горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета бэтлеемскага агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
Сёлетняя акцыя бэтлеемскага агню прайшла пад дэвізам “Святло, якое мае моц”.
*****
Гэта толькі некаторыя важныя падзеі, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2019 г. Увагі таксама заслугоўвае першая пешая пілігрымка, якая была арганізавана з Гродна на адпустовыя ўрачыстасці ў гонар св. Антонія Падуанскага ў Адэльск – на малую радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, ці, напрыклад, візіт у Гродна Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра, які благаславіў падмурак будучага касцёла Святога Духа.
Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.
Богу няхай будзе падзяка за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі! Богу няхай будзе падзяка за ўсё, што атрымаў кожны з нас!
Kс. Юрый Марціновіч