12 кастрычніка пачаліся святкаванні 25-годдзя заснавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
На ўрачыстай Імшы падзякі сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі таксама тыя хто стаяў ля пачаткаў стварэння парафіі. Прысутнічалі яе першы пробашч а. Ян Зубель CSsR, які сёння служыць у Германіі і на плячах якога ляжала арганізацыя самых пачаткаў, вырашэнне ўсіх фармальнасцяў і атрыманне дазволаў, і яго родны брат Генрык Зубель, архітэктар гэтай святыні.
Да радаснага святкавання далучыліся і чарговыя пробашчы гэтай парафіі: а. Вальдэмар Слота CSsR, духоўна прысутнічаў а. Станіслаў Станеўскі CSsR. Прыбылі іншыя святары і сёстры законныя, а таксама Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто прычыніўся да паўстання касцёла і будавання парафіяльнай супольнасці, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі ён падкрэсліў значэнне ў жыцці чалавека парафіі, якую параўнаў з лодкай.
Іерарх адзначыў, што ў парафіі адлюстроўваецца ўся рэчаіснасць Касцёла, рэалізуецца збаўчая місія, даступны ўсе неабходныя для збаўлення сродкі, якія пакінуў нам Хрыстус: Божае слова, святыя сакрамэнты, супольнасць, якой кіруе пастыр.
“Касцёл трывае, хоць змяняецца свет, нават тады, калі нам здаецца, што Езус спіць, што Ён не прысутны і абыякавы да таго, што адбываецца ў гэтай лодцы”, – дадаў іерарх.
Ён падкрэсліў, што, адзначаючы юбілейную ўрачыстасць парафіі, трэба зірнуць на мінулыя гады, а таксама ў будучыню, якую можна спраектаваць і ўплываць на яе якасць.
Таму, па яго словах, трэба клапаціцца аб прысутнасці і перадачы ў парафіі Божага слова. “Неабходна пазнанне і прыняцце Божага слова, бо толькі з зерня нараджаецца вера і благаслаўленне”, – сказаў біскуп.
Ён нагадаў пра Эўхарыстыю, дзякуючы якой жыве Касцёл. “Каб парафія была жывой, Эўхарыстыя павінна быць у цэнтры парафіяльнага жыцця”, – адзначыў іерарх.
Таксама ён заклікаў шанаваць дзень Панскі – нядзелю, каб яна заўсёды была днём, прысвечаным Богу і сваёй сям’і, а не “дакручванню гаек у машыне, пранню бялізны ці закупкам”.
Іерарх нагадаў пра важнасць салідарнасці ўсіх, хто ўтварае супольнасць, падкрэсліўшы, што ўсе павінны быць адно і служыць адзін аднаму дапамогай, крочачы за голасам Добрага Пастыра пад кіраўніцтвам свайго пробашча.
“Перад вамі прыгожае падарожжа з Хрыстом. Вы не павінны капіраваць тое, што ўжо існуе. Шукайце новых душпастырскіх рашэнняў і ініцыятыў”, – сказаў іерарх.
Ён падзякаваў айцам рэдэмптарыстам, якія 25 гадоў таму ўзялі на сябе вялікую задачу стварэння новай парафіі ў горадзе над Нёманам і будаўніцтва святыні. Падзякаваў біскуп і святарам, якія на працягу гэтых гадоў узначальвалі парафіяльную супольнасць, і сённяшняму пробашчу а. Дзмітрыю Лабкову CSsR, a таксама іншым святарам, якія зараз там служаць.
Іерарх выказаў падзяку сёстрам назарэтанкам, якія вучаць там дзяцей і моладзь, катэхетам і ўсім, хто дзейсным чынам удзельнічае ў жыцці парафіі, дбае пра яе духоўнае развіццё.
Сёння парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне вельмі жывая і маладая. Пры ёй дзейнічае шмат душпастырстваў, малітоўных груп і супольнасцяў, парафіяльны хор “Vox Domini” i тэатр св. Яна Паўла ІІ. Штогод парафія арганізуе шмат розных душпастырскіх акцый і рэалізуе шматлікія праекты.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка