Skip to main content

12-е месца нашых і перамога Партугаліi: вынікі Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў

futbol 12 2Kаманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якая прадстаўляла Беларусь, стала 12-й на XIII Чэмпіянаце Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе.

Першае месца заняла каманда Партугаліі, другое – Босніі, трэцяе – Польшчы, якая апошнія шэсць гадоў была чэмпіёнам Еўропы ў гэтых спаборніцтвах.

Чэмпіянат праходзіў з 25 лютага па 1 сакавіка ў Ульцыне ў Чарнагорыі ля вусця ракі Баяны каля мяжы з Албаніяй, над Адрыятычным морам.

Турнір па міні-футболе сярод святароў быў ініцыяваны духавенствам Аўстрыі. Першы чэмпіянат прайшоў у 2004 годзе ў Айзенштаце.

У сёлетнім турніры ў Чарнагорыі ўдзельнічала больш за 250 святароў з 17 каманд. Беларусь прадставілі святары Гродзенскай дыяцэзіі, у пашыраны склад каманды ўвайшло 15 чалавек.

Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе быў таксама часам інтэграцыі духавенства і магчымасцю сустрэцца са святарамі іншых краін. Праграма ўключала канферэнцыі на тэмы, якія датычылі духоўных каштоўнасцяў у спорце, і супольную малітву са штодзённай святой Імшой.

У 2020 годзе чэмпіянат плануюць правесці ў Празе (Чэхія).

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: кс. Дзяніс Бразінскі, кс. Артур Малафей