1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся IX Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.
На сустрэчу дзяцей прыбылі таксама прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Маладзечна. У цэлым у свяце прыняло ўдзел больш за 2500 чалавек. Дзецям спадарожнічалі сёстры законныя, святары, катэхеты, бацькі і апекуны. У падрыхтоўцы і правядзенні свята было задзейнічана больш за 120 валанцёраў і аніматараў, якія стараліся прынесці дзецям масу радасных перажыванняў.
Сёлета свята праходзіла паддэвізам “Сям’я – дом любові”. Праз яго арганізатары імкнуліся нагадаць, што сям’я – першая школа любові, дзе чалавек закладвае належны фундамент пад сваё жыццё, а бацькі – першыя выхавацелі, якія сваімі паводзінамі даюць прыклад для наследвання.
Праграму на сцэне вялі героі мультфільма “Тролі”. Кожнае дзіця, як здаецца, любіць казкі, таму ўдзельнікі свята з лёгкасцю распазналі гэтых герояў і імгненна маглі назваць іх імёны.
Урачыстае адкрыццё Дня дзіцяці здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам з галоўным арганізатарам кс. Юрыем Марціновічам. Узгадваючы пра дэвіз свята, іерарх падкрэсліў, што сям’я – тое асаблівае месца, дзе чалавек павінен добра, бяспечна сябе адчуваць і ведаць, што яго любяць самыя блізкія людзі. Біскуп пажадаў дзецям, каб гэты дзень яшчэ больш наблізіў іх да Бога, які з’яўляецца любячым Айцом для ўсіх людзей.
На плённае перажыванне свята дзяцей біскуп удзяліў усім яго ўдзельнікам пастырскае благаслаўленне. Пасля пачалася багатая праграма, падрыхтаваная арганізатарамі.
JM
Фота: Эвеліна Лукашэвіч